Раёнка аб’ядноўвае пакаленні. Гэты год для «ЛВ» – юбілейны. У кастрычніку любімая многімі пакаленнямі землякоў газета адзначыць 80-годдзе

Творчая сустрэча днямі адбылася ў рэдакцыі «Ляхавіцкага весніка».
У госці да калег завіталі ветэраны журналістыкі Іосіф Карпыза і Аліна Лапіч.
У рамках праекта «Школьны дзённік» навучэнцы СШ № 2 – удзельнікі пошукавага атрада «Следапыты» – скарысталіся ўнікальнай магчымасцю з першых вуснаў даведацца, чым жыў «Будаўнік камунізму», а пасля «Ляхавіцкі веснік» напрыканцы мінулага стагоддзя. Дарэчы, у школьным музеі баявой і працоўнай славы рабяты разам з настаўнікамі стварылі экспазіцыю, прысвечаную гісторыі раёнкі.

Пытанне спрэчнае, хто больш чакаў сустрэчы з мэтрамі раённай журналістыкі Іосіфам Карпызам і Алінай Лапіч – актывісты СШ № 2 (удзельнікі праекта «Школьны дзённік») ці калектыў рэдакцыі «Ляхавіцкага весніка». Для рабят – гэта чарговая ўнікальная магчымасць з першых вуснаў пачуць, як і чым жылі колішнія супрацоўнікі спачатку «Будаўніка камунізму», а потым «ЛВ»,
як стваралася газета, чым адзначыўся раён у 80–90-я гады мінулага стагоддзя. А для «веснікаўцаў» – гэта жаданая і шчымлівая сустрэча, магчымасць убачыць сваіх калег, якія заўжды побач, гатовыя падтрымаць і падказаць, параіць, а іншы раз і пакрытыкаваць – маюць на гэта права.
Разам з рабятамі, гартаючы старонкі пажоўклага «Будаўніка камунізму», ветэраны журналістыкі нібы вярнуліся на некалькі дзесяцігоддзяў назад. Партрэты землякоў, новабудоўлі, адкрыццё важных сацыяльных аб’ектаў, школьныя будні, піянерскія зборы, медыцынскае абслугоўванне, культурныя арбіты, калгаснае жыццё, крытычныя заўвагі, пытанні чытачоў, гумарэскі, крыжаванкі, гаспадарчыя парады і шмат іншага, што цікавіла чытачоў «Будаўніка камунізму». Тады раёнка выходзіла тройчы на тыдзень – па аўторках, чацвяргах і суботах. З захапленнем слухалі ўсе Іосіфа Карпызу, які аддаў раёнцы 40 гадоў жыцця, амаль дзесяцігоддзе ўзначальваў выданне. Уявіце, некалі на балансе газеты быў конь з возам – транспартны сродак, каб даставіць карэспандэнта ў тую ці іншую кропку Ляхавіччыны ў пагоні за гарачымі навінамі ці за крытычным матэрыялам. Адразу пасля заканчэння Жарабковіцкай СШ назаўсёды звязала сваё жыццё з раёнкай Аліна Лапіч (у дзявоцтве Барташэвіч). Прайшла цудоўны творчы шлях на працягу 45 гадоў: ад карэспандэнта да намесніка галоўнага рэдактара. Яе публікацыі пра людзей вылучаліся шчырасцю, пяшчотай, любоўю да землякоў. У крытычных матэрыялах Аліна Лапіч зыходзіла з фактаў, не баялася ўказаць на недапрацоўкі і пралікі. За кампетэнтнасць, праўдзівасць, неабыякавасць яе паважалі і калегі, і чытачы.
Усе разам мы раздзялілі і агульную радасць – атрыманне Гран-пры ў Нацыянальным конкурсе «Залатая Ліцера».

Сафія ДЫДЫШКА, васьмікласніца СШ № 2:
– А мне спадабалася, якой была газета напрыканцы мінулага стагоддзя. На фотаздымках усе такія ўсмешлівыя, задорныя. Цікава было паслухаць, як стваралі газету: ехалі за матэрыялам, потым вярталіся ў рэдакцыю і дыктавалі тэкст машыністцы, якая друкавала яго на спецыяльнай машынцы, потым матэрыял рэдагавалі, вычытвалі, правілі памылкі, адпраўлялі ў друк. Вось колькі этапаў неабходна было прайсці, перш чым газета трапляла ў рукі чытачоў. Цяпер наша раёнка істотна змянілася. У маёй сям’і газету заўжды выпісваюць.

Арцём СВІНАБУРКА, васьмікласнік СШ № 2:
– Даведаўся, што і ў мінулым стагоддзі рабяты такога ж узросту пісалі ў газету, існавала нават школа юнкараў. А яшчэ па колішніх фотаздымках мы параўноўвалі аб’екты, што будаваліся ў 80-х гадах, з сённяшнімі. На жаль, на фотаздымках не знайшоў нікога са сваіх родных ці блізкіх або не пазнаў. Затое на старонках цяперашняга «Ляхавіцкага весніка» можна ўбачыць нямала знаёмых. І пра маіх бацькоў пісаў «ЛВ».