Прафілактыку неадкладна ўзмацніць. На апаратнай нарадзе ў старшыні Ляхавіцкага райвыканкама разгледжана інфармацыйная запіска пракурора

Разгляд інфармацыйнай запіскі пракурора «Аб стане злачыннасці і законнасці ў Ляхавіцкім раёне па выніках 2023 года» – асноўная тэма чарговай апаратнай нарады ў старшыні райвыканкама.

Дзе неабходна работа над памылкамі
Пракурор Ляхавіцкага раёна Ігар Палыка адзначыў, што рэалізаваны комплекс наглядных мерапрыемстваў, накіраваных на больш эфектыўнае выкарыстанне магчымасцей праваахоўных органаў у барацьбе са злачыннасцю і забеспячэнні законнасці, даў пэўны плён і дазволіў зменшыць колькасць супрацьпраўных дзеянняў. Разам з тым, па словах пракурора, праблемных момантаў застаецца нямала, што, у першую чаргу, гаворыць пра неабходнасць неадкладнага ўзмацнення разнастайных прафілактычных мерапрыемстваў і іх больш якаснага правядзення. Тычыцца гэта і работы розных падраздзяленняў РАУС. Ігар Палыка падкрэсліў, што
разам са значным зніжэннем узроўню злачыннасці летась у параўнанні з 2022 годам ёсць і негатыўныя тэндэнцыі. У прыватнасці, няпростая сітуацыя склалася з павелічэннем колькасці махлярстваў (з 5 да 7), камп’ютарных злачынстваў (з 22 да 31), хуліганстваў
(з 4 да 11), злачынстваў супраць жыцця і здароўя грамадзян (з 1 да 2). Акрамя таго, па-ранейшаму высокая колькасць злачынстваў рэгіструецца ў грамадскіх месцах (у 2023 годзе – 27, у
2022 годзе – 25). Аналіз паказвае, што маюць месца пэўныя недахопы ў рабоце міліцыі, у прыватнасці ўчастковых інспектараў, у арганізацыі і правядзенні індывідуальнай прафілактычнай і растлумачальнай работы сярод насельніцтва, выяўленні грамадзян, схільных да ўчынення злачынстваў, а таксама прыняцці мер па папярэджанні дамашняга насілля. Не заўжды эфектыўная прафілактыка, у тым ліку, «паспрыяла» і таму, што ў мінулым годзе зарэгістраваны два (адно са смяротным зыходам) наўмысныя цяжкія цялесныя пашкоджанні, атрыманыя падчас ці адразу пасля сумеснага распіцця спіртных напіткаў.
Пракурор Ляхавіцкага раёна акцэнтаваў увагу і на неспрыяльнай аператыўнай сітуацыі ў раёне ў плане пажарнай бяспекі. У 2023 годзе пажар у Сваятычах забраў жыцці двух дзяцей. На выхаванні ў сям’і знаходзіліся чацвёра дзяцей, трое з якіх непаўналетнія, такой сям’і патрабавалася асаблівая увага з боку адказных суб’ектаў прафілактыкі, але, па словах пракурора, такая ўвага сям’і не аказвалася належным чынам. Ігар Палыка прывёў факты павярхоўных і няякасных абследаванняў назіральнымі камісіямі ўмоў пражывання ў доме, дзе і адбыўся пажар з трагічнымі наступствамі. Каб своечасова былі прыняты меры, магчыма, вогненнай трагедыі можна было б пазбегнуць.
Захаванне законнасці – прыярытэтны напрамак пракурорскай дзейнасці. Ігар Палыка паведаміў, што ў мінулым годзе ні адна з 39 праведзеных пракурорскіх праверак на прадпрыемствах і ў арганізацыях рознай формы ўласнасці не стала безвыніковай, што ўказвае на дапускаемыя парушэнні заканадаўства фізічнымі і юрыдычнымі асобамі, індывідуальнымі прадпрымальнікамі. Па выніках праверак вынесены 31 прадстаўленне,
23 прадпісанні, аб’яўлена 65 афіцыйных папярэджанняў, 69 грамадзян прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці, 70 – да адміністрацыйнай, 24 – да матэрыяльнай адказнасці.

Пра падзеж і кармавую базу
Адным з важнейшых напрамкаў пракурорскай дзейнасці Ігар Палыка назваў нагляд за выкананнем заканадаўства ў сельскай гаспадарцы. Прадаўжаецца правядзенне комплексу наглядна-аналітычных мерапрыемстваў па спыненні фактаў падзяжу буйной рагатай жывёлы ў гаспадарках раёна. Кантрольныя праверкі паказалі, што і летась не ўсе сельгаспрадпрыемствы забяспечылі належны ўзровень вытворча-тэхналагічнай дысцыпліны, таму пытанне папярэджвання падзяжу БРЖ усё яшчэ не страчвае сваёй актуальнасці. Пракурор раёна прывёў наступныя факты. У 2023 годзе падзеж БРЖ склаў 1 019 галоў (у 2022 годзе – 852). Істотны рост падзяжу зафіксаваны ў ААТ «Жарабковічы» (плюс
272 галавы), «Нача» (плюс 49), СУП «Белазем’е» (плюс 46).
Ляхавіцкі раён адзіны на Брэстчыне, дзе дапушчана перавышэнне нормаў тэхналагічных страт БРЖ і складае 3,5 працэнта пры норме 3 працэнты. Таксама выяўлены шматлікія парушэнні ветэрынарна-санітарных нормаў і правілаў пры падрыхтоўцы жывёлагадоўчых памяшканняў да зімовага стойлавага перыяду. Напрыклад, не выкананы запланаваныя рамонтныя работы на такіх аб’ектах у «Белазем’і», «Начы», «Жарабковічах». Парушэнне патрабаванняў ветэрынарных правілаў па нарыхтоўцы і захоўванні кармоў прывяло да пагаршэння якасці кармоў і, адпаведна, выклікала павелічэнне колькасці выпадкаў хвароб жывёлы. Пераважная большасць кармавой масы аднесена да другога і трэцяга класа па спажыўнасці і наяўнасці кіслот. Праверкі выявілі пратэрмінаваныя ветэрынарныя прэпараты і медыкаменты, якія захоўваліся з парушэннем тэмпературных рэжымаў. Гэта, у сваю чаргу, можа прынесці непапраўную шкоду здароўю жывёлы.

Супраць карупцыі
Карупцыя – важная грамадска-палітычная праблема, якая негатыўна ўплывае на тэмпы эканамічнага развіцця. Ігар Палыка адзначыў, што злачынствы карупцыйнай накіраванасці наносяць шкоду аўтарытэту дзяржаўнай улады, падрываюць давер грамадзян да структур органаў
улады.
У 2023 годзе на Ляхавіччыне адбылося тры карупцыйныя злачынствы, найбольш карумпіраванай сферай з’яўляецца сельская гаспадарка. Для спынення фактаў карупцыі пракуратурай Ляхавіцкага раёна праведзены праверкі выканання заканадаўства аб барацьбе з карупцыяй у райбальніцы, аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, цэнтры забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый. Асноўнай прычынай выяўленых парушэнняў пракурор раёна назваў неналежную арганізацыю работы па прафілактыцы карупцыйных праяўленняў як у рабоце кадравых службаў, так і ў дзейнасці камісій па барацьбе з карупцыяй, многія з якіх працуюць фармальна.
Падводзячы вынікі, Ігар Палыка падкрэсліў, што ў Год якасці кожны павінен перагледзець стаўленне да выканання сваіх прафесійных абавязкаў.
Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз падкрэсліў недапушчальнасць фармальнага падыходу ў рабоце
назіральных камісій, бо менавіта ад іх дзейнасці залежыць разнастайная работа ў прафілактыцы правапарушэнняў і злачынстваў, надзвычайных сітуацый і іншае. Таксама Мікалай Мароз звярнуў увагу кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый на правядзенне аналізу ўласнай работы і работы сваіх падначаленых, каб супрацьстаяць розным карупцыйным праяўленням і злачынствам.
Справаздачу ў межах сваёй кампетэнцыі трымала кіраўніцтва РАУС і РАНС.

Галіна КАНЬКО.