Вытворчае надвор’е залежыць ад людзей. Па выніках студзеня жывёлагадоўля Ляхавіцкага раёна павялічыла вытворчасць малака амаль на 14 працэнтаў

Ні глыбокія студзеньскія снегапады, ні істотны тэмпературны мінус не пашкодзілі жывёлагадоўлі Ляхавіччыны выйсці на параўнальны вытворчы плюс.

І гэта яшчэ адзін доказ таго, што вытворчае надвор’е залежыць у большасці выпадкаў ад саміх людзей. У нашым – ад працаўнікоў раслінаводчага цэха сельгаспрадпрыемстваў, якія лепшым чынам праявілі сябе падчас корманарыхтоўкі, чым забяспечылі шчодры стол жывёльных статкаў, ад жывёлаводаў, якія арганізавалі рацыянальнае кармленне, цёплае ўтрыманне, належны догляд жывёлы.
У тым ліку і ўсё гэта дазволіла ключавыя паказчыкі работы жывёлагадоўлі ў сёлетнім студзені некалькі падняць у параўнанні з мінулагодняй базай.
Вытворчасць малака ў раёне склала больш за 5 676 тон і адносна такога ж перыяду 2023 года павялічылася амаль на 14 працэнтаў. Станоўчую дынаміку паказала большасць сельгас-прадпрыемстваў раёна. Некаторыя – напрыклад, СВК «Ляхавіцкі», ААТ «Шлях новы», ЗАТ «Белпрампрыбор», ААТ «Жарабковічы» – выраслі на 10 і крыху больш працэнтаў, СУП «Ліпнянка» – больш як у пяць разоў. Па выніках студзеня 2024 года ўдой сярэдняй ліпнянскай каровы склаў 619 кілаграмаў малака, што больш як на два з паловай цэнтнеры перавысіла лічбу мінулага года. А лепшымі сярод гас-падарак раёна па гэтым паказчыку сталі толькі «Белпрампрыбор» – 761 кілаграм і «Ляхавіцкі» – 756.
І каб завяршыць пра «Ліпнянку», дабавім наступнае: усё сваё малако гаспадарка рэалізуе гатункамі экстра і вышэйшым, са сваімі 650 грамамі выйшла на трэцяе месца ў раёне па сярэднясутачных прывагах буйной рагатай жывёлы на вырошчванні і адкорме, а прадукцыя вырошчвання ў параўнанні са студзенем 2023 года павялічылася больш чым у два разы.
У аб’яўлены ў краіне Год якасці нельга абысці ўвагай гэты аспект работы раённай жывёлагадоўлі. Высокая рэалізацыйная якасць малака – гэта, у першую чаргу, высокая даходнасць работы жывёлагадоўчых фермаў, комплексаў і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў у цэлым. З-за таго, што частку малака даводзіцца рэалізаваць нізкім гатункам, прадпрыемствы губляюць грошы. Пры тым, што, як вядома, у здаровай каровы малака нізкай якасці не бывае.
У параўнанні з першым месяцам мінулага года ў сёлетнім студзені якасць малака ў раёне некалькі пагоршылася. Раённы мінус склаў 3,6 працэнта. На тым жа максімальна магчымым узроўні засталіся толькі ўзгаданая ўжо «Ліпнянка», «Белпрампрыбор» і «Нача». ААТ «Шлях новы» падняўся над сваім мінулагоднім паказчыкам якасці на шэсць з паловай працэнтных пунктаў. Астатнія ляхавіцкія малакавытворцы ў гэтым плане здалі свае нядаўнія пазіцыі. Не ўтрымаўся на ўзроўні студзеня 2023 года нават «Ляхавіцкі». У «Жа-рабковічах» па выніках работы ў мінулым месяцы апусціліся ў параўнанні з аналагічным леташнім месяцам больш як на 10 працэнтаў. Але найбольшым сярод гаспадарак раёна падзеннем адзначылася жывёлагадоўля СУП «Белазем’е».
Вырошчванне ў раёне буйной рагатай жывёлы за першы месяц 2024 года выйшла амаль на лічбу ў 400 тон. Такім чынам параўнальная прыбаўка склала шэсць працэнтаў. Акрамя «Ліпнянкі», па прадукцыі вырошчвання больш як на 15 працэнтаў паднялося ААТ «Шлях новы», на чатыры – СВК «Ляхавіцкі», на адзін з нязначнай даважкай –
ААТ «Нача». А ў ліку аўтсай-дараў аказаліся ЗАТ «Белпрампрыбор» і асабліва (на больш як паўтара дзясятка працэнтаў ад леташняга ўзроўню) СУП «Белазем’е».
Аб’ёмы прадукцыі вырошчвання фарміруюцца ў тым ліку і за кошт сярэднясутачных прываг буйной рагатай жывёлы. Па выніках справаздачнага месяца яны ў Ляхавіцкім раёне выраслі ў сярэднім на сем адзінак і дасягнулі, як здаецца, дастаткова прывабнай лічбы ў 613 грамаў. Лепш, чым на сярэднераённым узроўні працуюць тры гаспадаркі: «Ляхавіцкі», «Жарабковічы» і ўсё тая ж «Ліпнянка». Найбольш звяртае на сябе ўвагу той факт, што адзінае ў гэтым прызавым пераліку ААТ за першы месяц года прыбавіла ў гэтым паказчыку паўсотні грамаў адносна мінулагодняй студзеньскай базы.
Хочацца спадзявацца, што ўзяты жывёлагадоўляй раёна ў студзені-2024 трэнд на рост вытворчасці прадоўжыцца і ў цэлым на працягу года. Тым больш, што наперадзе вясенне-летнія бонусы ў рабоце гэтай найважнейшай сельскагаспадарчай галіны.
Іван КАВАЛЕНКА.