Пытанне з удзячнасцю. Сход жыхароў Альхоўскага сельсавета, што прайшоў у Задвор’і, стаў завяршальным акордам у сёлетняй серыі сустрэч

Гэты люты выдаўся надзвычай гарачым для кіраўніцтва раёна і шэрага службаў у плане актыўнай і дзейснай зваротнай сувязі з насельніцтвам. На працягу двух тыдняў – восем сельскіх сходаў па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння, па адным
у кожным сельсавеце. Больш за 60 даручэнняў дадзена раённым службам па ўзнятых на сходах пытаннях. Дзясяткі надзённых праблем вырашыліся на месцах – людзі атрымалі растлумачэнне па тэмах, што іх хвалявалі. Магчыма, не ўсё задаволіла, але
і незразумеласцяў стала менш. І самае галоўнае – вяскоўцы
не проста мелі магчымасць выказацца, але і адчулі сябе пачутымі.
І гэта, мяркуючы па водгуках «у кулуарах», цэніцца высока
і працуе на ўмацаванне аўтарытэту раённай улады ўвогуле
і канкрэтных кіраўнікоў і службаў.

Сход жыхароў Альхоўскага сельсавета, што прайшоў у Задвор’і, стаў завяршальным акордам у сёлетняй серыі сустрэч. І хаця на ім, як і на іншых, уздымаліся праблемы, прайшоў сход у цэлым у пазітыўнай
атмасферы.
Шэраг праблемных тэм агучыў у сваім выступленні старшыня Альхоўскага сельвыканкама Вячаслаў Кулак. Сярод таго, што набалела, – пытанне пра неабходнасць больш частага вывазу цвёрдых бытавых адходаў з кантэйнерных пляцовак, агульнае жаданне убраць напаўразваленыя драўляныя сараі пасярод вёскі, нездавальняючы стан пад’ездаў у дамах па вуліцах Цэнтральнай і Камсамольскай, якасць вады (нягледзячы на тое, што ў Задвор’і ёсць станцыя абязжалезвання, вада мае спецыфічны колер)… Дарэчы, усе праблемныя сітуацыі Вячаслаў Кулак ведае не па словах – сам жыве ў Задвор’і.
Рамонт дзвярэй у падвале, аднаўленне пліткі на ганку шматкватэрніка і асфальтнага пакрыцця пасля пракладкі тэлефонных ліній і каналізацыйных сетак, абкошванне двароў – гэтыя і многія іншыя камунальныя пытанні хвалявалі вяскоўцаў. Усё, што камунгас «пацягне» па фінансах, будзе зроблена, запэўніў дырэктар КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Андрэй Чайкоўскі.
На просьбу замяніць уваходныя дзверы ў пад’ездзе – растлумачэнне дырэктара камунальнай службы: адрамантаваць можам, замяніць – толькі за кошт жыльцоў пад’езда. І адразу прапанова – такую паслугу можна атрымаць у растэрміноўку на некалькі месяцаў, заключыць дагавор з камунгасам на куплю дзвярэй, а устаноўка будзе бясплатнай.
Растлумачэнне спатрэбілася і па пытанні ўтрымання могілак. Андрэй Чайкоўскі нагадаў, што камунгас павінен абкошваць могілкі (якіх, між іншым, на балансе ў раённай ЖКГ 65) толькі па перыметры, падтрымліваць парадак паміж пахаваннямі – абавязак нашчадкаў. Як варыянт – заказаць платную паслугу ў таго ж камунгаса. Пасля негарачых спрэчак сышліся на тым, што камунальнікі высекуць кустоўе, а людзі будуць касіць.
Якія яшчэ адказы пачулі жыхары Задвор’я на свае просьбы? Ямачны рамонт вуліц адназначна будзе. Рамонт каналізацыйных сетак у доме № 2 па вуліцы Цэнтральнай – таксама. Пытанне ўладкавання тратуарнай дарожкі ўздоўж дарогі Ляхавічы – Альхоўцы будзе дадаткова вывучана, але тратуар – тэма затратная, таму магчымы іншыя варыянты. Пакуль няма канкрэтыкі з аднаўленнем дарожкі ад шматкватэрнікаў,
якую ўбралі падчас капрамонту дома № 1 па вуліцы Цэнтральнай,
але праблему таксама «ўзялі на аловак».
Актуальныя рэкамендацыі, а месцамі і настойлівыя прапановы для агульнай бяспекі, карысці, доўгага і здаровага жыцця гучалі ў адрас вяскоўцаў з боку начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Сяргея Хмарука, загадчыка паліклінікі Анатолія
Панько і начальніка РАНС Юрыя Буйкевіча. Чаму традыцыйныя «закаткі» не дабаўляюць здароўя, як не трапіць у пастку тэлефонных махляроў і па якой прычыне Альхоўскі сельсавет адзін з самых вогненебяспечных – гэтыя і іншыя тэмы выклікалі жывы інтарэс у залы.
А па колькасці ўдзячнасцяў у адрас розных арганізацый
і канкрэтных асоб жыхары Задвор’я сёлета наогул апынуліся ў лідарах.
«ДРБУ-200 абяцала зрабіць дарогу на Петухоўшчыну
і Набярэжную. Зроблена!
Дзякуй!» – гучала ў зале. Праўда з невялікім удакладненнем-
просьбай: у двух месцах трэба крыху падрамантаваць дарогу.
«Дзякуй намесніку старшыні райвыканкама Аляксею Фёдаравічу Галяку за разуменне і хуткае вырашэнне пытанняў!» –
не сакрэт, што такія персанальныя бонусы да працы куратару самых «балючых» сфер – дарожнай, жыллёва-камунальнай і будаўнічай – выпадае атрымліваць не часта.
Сваю долю падзяк ад насельніцтва атрымала і раённае спажывецкае таварыства. На пытанне, ці задавальняе гандлёвае абслугоўванне, прагучала дружнае «задавальняе!». І прадаўцоў, і асартымент у райпоўскім магазіне людзі адобрылі. А заадно скарысталіся магчымасцю спытаць, ці не плануецца правядзенне акцый са зніжэннем цаны.
Дырэктару ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» дзякавалі пенсіянеры –
за заўсёдную падтрымку, якую пажылыя людзі знаходзяць у кіраўніцтва мясцовага прадпрыемства.
Дарэчы, выступленне кіраўніка льнозавода Дзмітрыя Скакуна зала слухала з асаблівай увагай. І гэта зразумела: за кожнай агучанай лічбай, высновай, фактам – невясёлым ці абнадзейваючым –
лёс вёскі. Ад работы менавіта гэтага прадпрыемства, дзе сёння працуе 196 чалавек, залежыць і асабісты дабрабыт мясцовых жыхароў, большасць з якіх так ці інакш звязаны з заводам. Многія тут працуюць ці працавалі самі, іх родныя. Заводскія планы на 2024 год суправаджала ці не абсалютная цішыня ў зале. Планы напружаныя, але мясцовым зразумелыя.
У гэты вечар жыхары Задвор’я не шкадавалі апладысментаў. І без перабольшання, асабліва гучнымі яны былі пасля таго, як Дзмітрый Скакун коратка і зразумела расказаў пра ўстаноўку на заводзе новай лініі, якая дазволіць атрымаць з кароткага льновалакна катанізаванае. А разам з ім экспартную выручку, новыя працоўныя месцы і магчымасці яшчэ больш падтрымліваць сваіх работнікаў і вёску.

Святлана СТЫКУЦЬ.