«Ляхавіцкі» пачынае перыяд справаздач

Мэта – уважліва прааналізаваць год папярэдні, зрабіць канкрэтныя высновы і работу над памылкамі, асаблівую ўвагу звярнуць на недахопы, акрэсліць задачы на сёлета – такі акцэнт зрабіў старшыня СВК «Ляхавіцкі» Іван Вітко, пачынаючы выступленне на чарговым справаздачным сходзе гаспадаркі, які адбыўся напрыканцы мінулага тыдня.

Дарэчы, літаральна кожная лічба, незалежна ад таго, са знакам плюс ці мінус, што гучала ў дакладзе, была аргументавана. Напрыклад, змяншэнне на 823 тоны валавога збору збожжа (без уліку кукурузы) кіраўнік сельгаспрадпрыемстваў патлумачыў, у тым ліку, і ўплывам неспрыяльных умоў надвор’я: недахоп вільгаці і замаразкі. Змінусаваў рапс і па валавым паказчыку, і па ўраджайнасці. А вось кукуруза летась парадавала аграрыяў «Ляхавіцкага»: намалочана 1 781 тона зерня (плюс 34 тоны да ўраджаю-2023) пры ўраджайнасці 118,7 цэнтнера з гектара. Для параўнання, у 2022 годзе на круг выходзіла на 39 цэнтнераў менш. Найбольш урадлівай каралева палёў аказалася ў брыгадзе «Мыслабаж» – 153 цэнтнеры з гектара. Ды і валавы збор зялёнай масы кукурузы вагой у 15 026 тон стаў істотным кармавым дапаўненнем для тутэйшага статка. Прадаўжаючы кармавую тэму, Іван Вітко расказаў, што гаспадарка плюсанула ў назапашванні сіласу і сенажу: назапашана 14 317 і 13 129 тон адпаведна. Усяго на ўмоўную галаву жывёлы сельгаспрадпрыемства атрымала 51 цэнтнер кармавой адзінкі, у тым ліку 29 цэнтнераў травяных кармоў.
З некалі паспяховай культуры праб-лемнай становіцца для СВК бульба. Другога хлеба хоць і сабралі на 380 тон больш, чым пазалетась, а рэалізаваць давялося толькі частку. Калі параўнаць рэнтабельнасць бульбы, то ў 2022 годзе яна склала 33 працэнты, у 2023 годзе – мінус 23,6 працэнта.
Наступная галіна, на якой спыніўся старшыня – жывёлагадоўля. «Ляхавіцкі» – адзін з раённых лідараў па вытворчасці малака. Бясспрэчна, без важкага слова новага малочнатаварнага комплексу, які летась адпрацаваў поўны каляндарны год, не абышлося. У сярэднім па гаспадарцы амаль па кожным паказчыку ідзе прыбаўка. У мінулым годзе надоена 10 150 тон малака (плюс 1 013 тон да 2022 года) пры сярэднім надоі ад кожнай каровы – 8 917 кілаграмаў (101 працэнт да 2022 года). З плюсам «Ляхавіцкі» ў вытворчасці мяса ў жывой вазе, прывагах буйной рагатай жывёлы, атрыманні цялят, продажы малака. Не дзіўна, што выручка ад рэалізацыі прадукцыі жывёлагадоўлі павялічылася. Кіраўнік сельгаспрадпрыемства агучыў паказчыкі па ўсіх фермах. Самага высокага надою на адну рагулю дасягнулі на МТФ «Русінавічы» – 10 147 кілаграмаў. А стапрацэнтую «экстру» на малочны завод пастаўляе на новы МТК, дзе і самая высокая тлустасць малака. У гэтым падраздзяленні атрымана і найбольш цялят – 642 (102 цяляці на 100 кароў).
Істотным Іван Вітко назваў леташняе папаўненне ў машынна-трактарным парку гаспадаркі. Толькі за ўласныя сродкі СВК закуплена тэхнікі і абсталявання на амаль 795 тысяч рублёў. Сярод абновак – трактары «Беларус», трактарны паўпрыцэп, касілка, аўтамабілі і іншае. Як адзначыў тутэйшы старшыня, скарысталіся і даволі выгаднымі крэдытамі, лізінгам. Прадоўжаны закупкі і сёлета, напачатку бягучага года на жніво-2024 у лізінг куплены камбайн «КЗК-12А» і жатка.
Не спыняюцца ў гаспадарцы і будаўнічыя работы. Чатыры навесы на МТФ, сянажная траншэя на дзве тысячы тон і гноясховішча на МТФ «Рачканы» – толькі частка новабудоўляў. У будаўні-
чых планах на сёлета – рамонт цялятніка, завяршэнне рамонту кароўніка і далейшы перавод жывёлы на бяспрывязнае ўтрыманне на МТФ «Русінавічы».
Таксама старшыня «Ляхавіцкага» спыніўся на іншых паказчыках работы, у тым ліку падкрэсліў, што назіраецца рост заработнай платы сельгасвытворцаў – 118 працэнтаў да ўзроўню 2022 года.
У планах на год бягучы – атрымаць 9 000 кілаграмаў малака ад кожнай каровы, а таксама давесці вытворчасць малака да 10 960 тон, мяса – да 803 тон, атрымаць сярэднясутачныя прывагі БРЖ 800 грамаў, рэалізаваць 660 тон мяса.
Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз, які прысутнічаў на справаздачным сходзе, адзначыў, што мяжы для ўдасканалення няма, тычыцца гэта і СВК «Ляхавіцкі» – аднаго з лепшых сельгаспрадпрыемстваў раёна, дзе справы з года ў год ідуць добра. Ёсць істотныя рэзервы для росту ў жывёлагадоўлі, якая прыносіць прыбытак на працягу ўсяго года. Нягледзячы на не надта высокую ўрадлівасць земляў, усё ж можна і неабходна павялічваць раслінаводчыя паказчыкі, дзе без новых тэхналогій не абысціся. Кіраўнік раёна падкрэсліў: з такімі працавітымі людзьмі, як у «Ляхавіцкім», дасягальныя любыя вяршыні. Мікалай Мароз адказаў на пытанні работнікаў гаспадаркі, якія тычыліся добраўпарадкавання населеных пунктаў, стану дарог і іншых актуальных тэм.
Таксама на сходзе агучаны вынікі спаборніцтва ў розных падраздзяленнях сельгаскааператыва, а лепшыя з лепшых працаўнікоў адзначаны граматамі СВК і грашовымі прэміямі. Старшыня прафсаюзнай пярвічкі СВК «Ляхавіцкі» Валянціна Герасімовіч расказала, як выконваюцца нормы калектыў-нага дагавора. Дарэчы, папярэдне прайшоў справаздачна-выбарны сход «Ляхавіцкага», калектыў зноў даверыў Валянціне Герасімовіч прадстаўляць іх інтарэсы.
Старшыня Начаўскага сельвыканкама Вячаслаў Новік заклікаў аграгараджан і вяскоўцаў далучыцца да навядзення парадку на сваіх падворках і ў месцах агульнага карыстання.
Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара