У следчых усе справы важныя. 12 верасня — Дзень супрацоўніка органаў папярэдняга следства

Дзень супрацоўніка органаў папярэдняга следства, які адзначаецца 12 верасня, прысвечаны людзям, чыя службовая дзейнасць звязана з расследаваннем злачынстваў, забеспячэннем законнасці і абароны правоў грамадзян. Сярод іх і калектыў Ляхавіцкага РАСК. Невялікі, але зладжаны – адзіная каманда, здольная эфектыўна вырашаць ускладзеныя задачы. Сёлета супрацоўнікі райаддзела СК завяршылі больш за чатыры дзясяткі крымінальных спраў. Прычым, і гэта галоўнае, не дапушчана фактаў незаконнага прыцягнення грамадзян да крымінальнай адказнасці, незаконнага затрымання і вынясення судом апраўдальных прысудаў.

– Работу следчага не назавеш лёгкай. Памылкі і пралікі ў нашай справе недапушчальныя, а кожная сітуацыя патрабуе дакладнага вывучэння і падрабязнага разгляду. А ісціна часта знаходзіцца пад грудай супярэчнасцяў, – адзначае начальнік РАСК Аляксандр Траяноўскі і дадае, што ў кампетэнцыі СК і расследаванне крымінальных спраў, якія датычаць падатковых злачынстваў, злачынстваў супраць воінскай службы,забойстваў, і іншае.
У арсенале следчых пры раскрыцці цяжкіх злачынстваў –  сучасныя тэхналогіі і «разумныя» прыборы, што могуць аднавіць інфармацыю, якая была выдалена, напрыклад, з тэлефона, і «ўбачыць» сляды крыві, у тым ліку замытай. Да супрацоўнікаў РАСК звяртаюцца, калі ўчынены крадзеж, падман, гвалт і г. д. Іх задача – разабраць «завалы» здарэння, вызначыць прычыны і знайсці вінаватых.

У красавіку ў РАСК адбыліся кадравыя змены: на пасаду намесніка начальніка райаддзела СК назначаны Міхаіл Дойнікаў. У праваахоўных органах ён 18 гадоў. Па адукацыі юрыст-правазнаўца, да Ляхавіцкага аддзела працаваў у Баранавіцкім міжраённым СК.

Кожны следчы Ляхавіцкага РАСК уносіць важкі ўклад у дзейнасць падраздзялення і забеспячэнне законнасці і правапарадку. Веданне заканадаўства, аналітычнае мысленне, уважлівасць да дэталяў і высокая адказнасць вылучае старшых следчых Міхаіла Ланкуця, Віталія Валошына, Аляксандра Еўхача і следчага Дзмітрыя Карлюка, якія ў РАСК з моманту яго стварэння. Следчы Наталля Карпухіна ў штаце каля двух гадоў, але ўжо зарэкамедавала сябе спецыялістам прынцыповым і добрасумленным.

Год назад маладым спецыялістам прыйшоў у РАСК следчы Віталій Страмавус (на здымку). Дыпламаваны юрыст працоўную біяграфію вырашыў пачаць менавіта на малой радзіме, і прыкладам для яго стаў бацька Мікалай, які больш за 25 гадоў у радах МНС прыходзіў на дапамогу землякам.
– Марыў, як родны чалавек, стаяць на варце бяспекі насельніцтва. Выбраў абарону правоў законапаслухмяных жыхароў раёна. Падчас навучання ва ўніверсітэце праходзіў практыку ў розных ведамствах, але асэнсавана прыйшоў на службу ў РАСК. У выніку перападрыхтоўкі да спецыялізацыі «правазназнаўства і гаспадарчае права» дабавіў «крымінальны працэс». Працоўны дзень следчага дынамічны і рознабаковы. Прафесія патрабуе пастаяннай самаадукацыі і шырокага кола ведаў. А добрай навіной з’яўляецца закрытая справа, раскрытае злачынства і вынесены судом справядлівы прысуд, – дзеліцца Віталій. Сёння ён вельмі ўдзячны за падтрымку і дапамогу калектыву і свайму настаўніку – старшаму следчаму Міхаілу Ланкуцю. Сярод крымінальных спраў, якія Віталій расследаваў самастойна, выдзяляе адну, якая датычыла крадзяжу: сваячка ўкрала ў пенсіянеркі каля дзевяці тысяч рублёў. Заблытаную справу малады следчы раскрыў за суткі. У адносінах да вінаватай асобы суд ужо вынес рашэнне. А нядаўняе дзяжурства, калі быў у складзе следча-аператыўнай групы на пажары са смяротным зыходам у аграгарадку Востраў, паказала зладжанасць працы
розных службаў і граматную тактыку арганізацыі неадкладных дзеянняў у справе ліквідацыі здарэння, устанаўлення ісціны і прычын трагедыі.

– Шчырыя віншаванні з прафесійным святам адрасую калектыву і паважаным ветэранам РАСК. Няхай кожная справа будзе раскрытай, а цвёрдасць і прафесіяналізм стануць асновай бяспекі нашага грамадства. Здароўя ўсім, шчаслівых і мірных дзён, – адзначае начальнік РАСК Аляксандр Траяноўскі.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.