Якасць нязменна пераходзіць у колькасць. Жывёлагадоўля Ляхавіччыны паказвае штомесячны рост вытворчасці малака

Жывёлагадоўля Ляхавіччыны паказвае штомесячны рост вытворчасці малака ў межах прыкладна паўтара дзясятка працэнтных пунктаў адносна мінулагодняга базавага паказчыка.

Карэнны агульны паварот адбыўся каля двух гадоў назад. І, безумоўна, адным з драйвераў падобнага развіцця стаў абноўлены падыход у фарміраванні фуражнага складніка жывёльных гуртоў. Падыход прадугледжвае павышэнне якасці кампаній па нарыхтоўцы травяністых кармоў уласнага прыгатавання. Па-першае, апошніх павінна быць у неабходнай колькасці. Лепш – у аб’ёме паўтарагадовай патрэбнасці. Па-другое, сянаж і сілас павінны мець першакласную якасць.
Павелічэнне плошчаў вырошчвання люцэрны дазволіла гаспадаркам здымаць па тры-чатыры ўраджаі высокапратэінавай травы ў год. Упор на безумоўную тэхналагічнасць падчас закладкі на захоўванне сенажу-сіласу, нарматыўны час на завяршэнне кожнай асобнай кармавой траншэі, кантроль тэхналагічнасці на кожным этапе работ дазволілі калі не дасягнуць вяршынь якасці гатовага прадукту, то адчувальна яе павялічыць.
Па выніках васьмі месяцаў вытворчасць малака ў гаспадарках Ляхавіччыны павялічылася ў сярэднім больш як на 16 працэнтаў у параўнанні з тым жа леташнім перыядам. Валавы выхад перавысіў 54,6 тысячы тон. Пры гэтым рос-там адзначыліся ўсе гаспадаркі, акрамя ЗАТ «Белпрампрыбор». Найбольшы рост адбыўся ў СУП «Ліпнянка» – каля 70 працэнтных пунктаў да свайго ж леташняга паказчыка. 22-працэнтную прыбаўку паказалі жывёлаводы
ААТ «Шлях новы», на 10–12 працэнтаў павялічылася валавая вытворчасць малака ў «Жарабковічах», «Ляхавіцкім», «Начы». І на гэтым агульным станоўчым фоне хочацца яшчэ раз адзначыць
СВК «Ляхавіцкі». І за значны вал вытворчасці малака, і за высокую ўдойнасць сярэдняй русінавіцкай рагулі, і за максімальна якасны паказчык продажу малака. Па выніках справаздачнага перыяду ад кожнай каровы гаспадаркі ўжо атрымана больш за 6,3 тысячы кілаграмаў сырадою. А якасць у сітуацыі з малаком прырастае колькасцю выручаных на яго продажы на перапрацоўку грошай. Усё русінавіцкае малако рэалізуецца гатункамі вышэйшым і экстра.
І ў гэтым яны ў нас адзіныя такія, пры сярэднераённым за восем месяцаў якасным паказчыку рэалізацыі 93,6 працэнтаў.
У СУП «Белазем’е» і ААТ «Шлях новы» рэалізацыя малака гатункамі вышэйшым і экстра складае 63 і 84 працэнты адпаведна. Але, як паказвае васьмімесячная статыстыка, калі «Шлях новы» з месяца ў месяц пакрысе дабаўляе з якасцю прададзенага малака, то ў «Белазем’і» сітуацыя супрацьлеглая. Па стане на заканчэнне жніўня, СУП страціла амаль 31 працэнт у якасці рэалізаванага на пера-
працоўку малака.
І, што мала вяжацца з агульнай сітуацыяй, «Белазем’е» працягвае плюсаваць і па валавым паказчыку малочнай вытворчасці, і па сярэднім удоі на кожную карову, і па вытворчасці прадукцыі вырошчвання, і па сярэднясутачных прывагах буйной рагатай жывёлы. Так па выніках работы за студзень – жнівень 2025 года апошні паказчык павялічыўся на 84 грамы ў параўнанні з тым жа
месяцам мінулага года.

Гэтымі днямі гаспадаркі раёна працягваюць фарміраваць кармавы запас на наступныя год-паўтара. У прыватнасці, ці не максімальную масавасць набыла кампанія ўборкі кукурузы на сілас. Ад яе якаснага і своечасовага правядзення залежаць і прадукцыйнасць, і якасць работы жывёлагадоўлі гаспадарак на блізкую перспектыву. А гэта фінансавы складнік жыцця сельгаспрадпрыемстваў.

Іван КАВАЛЕНКА.