Замест адпачынку — працоўная чвэрць

Пакуль многія іх равеснікі і сябры адпачывалі ад школьных заняткаў падчас летніх канікулаў, некаторыя нашы юныя землякі вырашылі пэўны час прысвяціць грамадска карыснай працы і дапамагчы сваім школам падрыхтавацца да новага навучальнага года.
Яшчэ перад пачаткам работы атрадаў па другаснай занятасці раённы камітэт ГА БРСМ аб’явіў конкурс на лепшага байца школьнага атрада і паабяцаў найбольш актыўных і дысцыплінаваных рабят узнагародзіць падарункамі.
На працягу некалькіх тыдняў школьныя атрады па другаснай занятасці працавалі ў Крывошынскай, Востраўскай школах, САШ № 2 райцэнтра. Рабяты займаліся добраўпарадкаваннем школьнай тэрыторыі, дружна і актыўна ўзяліся за рамонт сваіх навучальных устаноў: адрамантавалі мэблю, пафарбавалі вокны, лаўкі, агароджу, прыбралі.
Стараліся ўсе без выключэння, вучням дапамагалі і настаўнікі. Вызначыць самых працавітых і старанных аказалася не так проста. Тым не менш, сёння мы з гонарам можам назваць імёны пераможцаў: у атрадзе Крывошынскай САШ лепшымі байцамі прызнаны Сяргей Шчарбук, Яўгеній Каспяровіч, Яўгеній Гаўрыльчык і Яўгеній Дзенісеня. Пётр Канцылярчык і Дзмітрый Вайшэвіч – лепшыя байцы атрада Востраўскай САШ. Яўгеній Грыгаровіч, Антон Доруш, Алена Ткачэнка, Ганна Прыхач і Вольга Прыхач – пераможцы конкурсу з атрада САШ № 2.
Тамара ПРАКАП’ЮК, першы сакратар РК ГА БРСМ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *