Верце ў цуды – яны працуюць! Сярод удзельнікаў дабрачыннага навагодняга свята для дзяцей і дзве ляхавічанкі

Цэнтральнай падзеяй шырокамаштабнай акцыі «Нашы дзеці» ўжо трыццаты год запар з’яўляецца навагодняе свята з удзелам Прэзідэнта. Гэта сапраўдная нацыянальная традыцыя, калі Кіраўнік дзяржавы сустракаецца з дзецьмі ў Палацы Рэспублікі, і яго віншаванні і наказы становяцца для падрастаючага пакалення жыццёвым арыенцірам.
Сярод 2 400 удзельнікаў дабрачыннага навагодняга свята для дзяцей і дзве нашы зямлячкі – гімназістка-васьмікласніца Вікторыя Крывапушчанка і дзевяцікласніца СШ № 2 Арына Баргамон. Пуцёўкай на галоўную ёлку краіны сталі іх актыўная грамадская дзейнасць і пераможны ўдзел у шматлікіх конкурсах.
«Гэты Новы год я ніколі не забуду!» – падзялілася з карэспандэнтам «ЛВ» гімназістка Вікторыя Крывапушчанка.
– Пераканалася асабіста, што пад Новы год усё магчыма, і цуды ёсць! Мне пашчасціла пабываць на свяце ў Палацы Рэспублікі. Першы раз так блізка ўбачыла нашага Прэзідэнта. Ён проста і шчыра размаўляў з намі, дзецьмі, гаварыў важныя словы пра традыцыі, дабрыню, патрыятызм. Гэта было не ўрачыстае выступленне па тэлевізары, а размова па-сяброўску і па-сямейнаму. Прэзідэнт адзначыў, што ўсе дзеці розныя, але ў нас сёння роўныя магчымасці. Галоўнае для нас – добра вучыцца, а ў будучыні – добрасумленна працаваць на карысць сваёй сям’і і Радзімы. Буду імкнуцца больш старанна вучыцца і выконваць наказ, каб мае тата і мама маглі ганарыцца мной. Якім прыгожым і яркім было навагодняе прадстаўленне «Чараўніцтва Новага года» з казачнымі персанажамі! А касцюмы ў Дзеда Мароза і Снягуркі – проста цуд! Упершыню пабывала ў Беларускім дзяржаўным цырку. Вельмі спадабалася! Такое адчуванне, што на два дні апынулася ў казцы. Быццам Аліса ў краіне цудаў. Нас чакалі і падарункі – рукзак з цукеркамі і гульнёй. Вельмі прыемна!
Выйшла з Палаца Рэспублікі з упэўненасцю і адчуваннем, што Новы год – гэта час, калі спраўджваюцца мары. Дзякуй усім дарослым за святочную казку! – з захапленнем адзначыла Вікторыя.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

