Яе візітоўка – пазітыў. Гэта пра колішняга галоўнага бухгалтара «Ляхавіцкага весніка»

Калі яна прыходзіць у рэдакцыю, здаецца, у кабінетах становіцца больш светла і радасна. Яна прыносіць з сабой добры настрой – і гэта аксіёма.Яе візітоўка – пазітыў. З ёй было камфортна працаваць, а сёння, калі яна на заслужаным адпачынку, заўжды прыемна сустракацца, каб пагаварыць, успомніць, параіцца. Такога прыемнага і ўважлівага суразмоўцу, як колішні галоўны бухгалтар «Ляхавіцкага весніка» Яніна Гацура, знайсці няпроста!

У бухгалтарскай справе яна была сапраўдны ас, у многім дзякуючы яе прафесійным якасцям і навыкам, намаганням і ўменню знайсці кампраміс раёнка заўжды была на фінансавым плаву. Яніна Аляксееўна не толькі вынікова і плённа працавала з партнёрамі раёнкі, кліентамі, але і пры яе непасрэдным удзеле фарміраваўся мікраклімат узаемапавагі ў калектыве «веснікаўцаў». А яшчэ Яніна Гацура была завадатарам і актыўным удзельнікам разнастайных святаў у раёнцы. І сёння раз-пораз запрашае нас, сваіх калег, на адпачынак на свежым паветры на сваю Бацькаўшчыну – у вёску Новыя Буды, дзе, па яе словах, нават паветра лечыць. Як натура творчая, яна сваёй энергіяй на ўзлёце, натхненнем стварала вакол атмасферу пазітыву і адменнага настрою. А ўладальнікам якога цудоўнага голасу з’яўляецца Яніна Гацура! Спявае так, што заслухаешся!
Яшчэ адна адметнасць Яніны Гацура – неабыякавасць, ініцыятыўнасць, актыўная грамадзянская пазіцыя. Так было, так ёсць і няхай будзе і ў далейшым. Яна была адным з натхняльнікаў і ініцыятараў асфальтавання дарогі Ганчары – Куршынавічы – Ганцавічы. А сёлета разам з землякамі талакой наводзілі парадак на вясковых могілках. І такая актыўнасць з узростам не страчваецца.
Вясковая сядзіба Яніны Аляксееўны прываблівае ўладкаванасцю, утульнасцю. Хто хоць аднойчы пакаштаваў пірагі, якія пячэ Яніна Гацура, запомніць гэты смак назаўжды. Клапатлівая мама, любімая і любячая бабуля, прыгожая і стыльная жанчына – гэта таксама яна,
Яніна Гацура.
У перадапошні дзень снежня Яніна Гацура адзначае шыкоўны юбілей. «Веснікаўцы» – сённяшнія супрацоўнікі і ветэраны раёнкі –
шчыра віншуюць сваю Аляксееўну з прыгожым святам. Жадаем шчасця і бадзёрасці, радасці і натхнення, дабрыні і спагады, добрага настрою і моцнага здароўя. Няхай як мага больш будзе толькі прыемных момантаў у жыцці, побач будуць родныя і блізкія людзі. Маем гонар ведаць Вас і заўжды рады чарговай сустрэчы ў нашым з Вамі «ЛВ».