Варыянты для чыстай тэмы. На гэтую тэму, як і ў большасці камунальна-бытавых пытанняў, ёсць два супрацьлеглыя пункты погляду

На гэтую тэму, як і ў большасці камунальна-бытавых пытанняў, ёсць два супрацьлеглыя пункты погляду. Размова ідзе пра збор і вываз цвёрдых камунальных адходаў ці, прасцей кажучы, бытавога смецця з двароў шматкватэрнай забудовы.

На Ляхавіччыне практыка вывазу ЦКА раней прадугледжвала выключна прыезд па графіку ў прызначаны час спецтэхнікі камунгаса. Паступова ў дварах пачалі з’яўляцца стацыянарныя кантэйнеры, куды можна выкінуць бытавыя адходы ў любы зручны для грамадзяніна час. Здавалася б, выдатны варыянт. Але ёсць і нямала яго праціўнікаў, якія сцвярджаюць, што кантэйнерныя пляцоўкі спрыяюць з’яўленню вакол іх антысанітарыі, бруду, непрыемнага паху. На думку іншых, наадварот, кантэйнеры – добры шанц арганізаваць свае дзеянні, каб у зручны час выкінуць смецце і не падстройвацца пад прыезд камунгасаўскай тэхнікі. «ЛВ» разам з кампетэнтнымі службамі разбіраецца ў тэме.

– На балансе камунгаса знаходзіцца 25 стацыянарных кантэйнерных пляцовак, размешчаных у дварах шматкватэрнай забудовы. Частка з іх выкарыстоўваецца для паасобнага збору смецця. Зараз дадаткова вырабляем сем кантэйнерных пляцовак, якія сёлета да канца чэрвеня будуць устаноўлены ў дварах шматкватэрнікаў райцэнтра па наступных адрасах: на вуліцы Будаўнікоў каля дамоў нумар 4, 10, 26; Южакова 4, 8; Гагарына – паміж дамамі 9 і 11; Леніна, 48а. Устаноўка кантэйнераў адбываецца згодна з зацверджанай райвыканкамам схемай па абыходжанні з цвёрдымі камунальнымі адходамі, якая ўзгадняецца з санітарнай і прыродаахоўнай службамі. Скрыні і самі пляцоўкі павінны адпавядаць пэўным патрабаванням: мець цвёрдае воданепранікальнае пакрыццё, пад’езды для транспартных сродкаў, якія вывозяць адходы, а таксама агароджу з трох ці чатырох бакоў вышэй кантэйнераў для збору, але не менш за 1,5 метра вышынёй; быць з функцыянальнага і эстэтычнага матэрыялу, што забяспечвае абарону ад ветру. Выконваем усе азначаныя патрабаванні, – расказвае намеснік дырэктара КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Віталій Калупановіч.

Задача камунгаса не толькі ўстанавіць кантэйнерныя пляцоўкі, але і выконваць графік вывазу смецця з іх, таксама ў зоне адказнасці – падтрыманне на пляцоўках чысціні і парадку.

– Пастаянна маніторым стан спраў і ацэньваем сітуацыю на кантэйнерных пляцоўках і тэрыторыі вакол іх. Апошнім часам да камунгаса ўзнікае менш пытанняў, зрухі да лепшага відавочныя. Некаторыя праблемныя моманты ствараюць самі гараджане, якія выкідваюць мяхі з адходамі не ў кантэйнеры, а побач, а потым іх змесціва разносяць бадзяжныя сабакі, і атрымліваецца антысанітарыя, – адзначае галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Ляхавіцкага раёна Віталій Ціханаў.

Неаднойчы падчас сумесных рэйдаў па добраўпарадкаванні, якія «ЛВ» праводзіць з рознымі службамі, даводзілася бачыць малапрыемныя карціны: кантэйнерныя пляцоўкі літаральна закіданы мяхамі з адходамі, старой мэбляй, рэшткамі будаўнічых матэрыялаў, драўнінна-хмызняковай расліннасцю і шмат чым іншым, чаго не павінна быць на такіх пляцоўках. Ды і «водар» ад такіх пляцовак, адчувальны яшчэ здалёк, быў, мякка кажучы, непрыемны. На старонках раёнкі і яе электронных рэсурсах неаднойчы былі фотапацвярджэнні антысанітарнага стану і загрувашчанасці кантэйнерных пляцовак. Асабліва шмат парушэнняў фіксавалася на вуліцы Інтэрнацыянальнай.

– Раней асноўнай праблемай кантэйнерных пляцовак быў несвоечасовы вываз смецця, састарэлае абсталяванне. Гэта стварала антысанітарыю, смецце разносілася ветрам. Менавіта па гэтай прычыне калісьці пасля звароту жыхароў на прыём да старшыні райвыканкама была дэманціравана кантэйнерная пляцоўка для збору другасных матэрыяльных рэсурсаў па вуліцы Радужнай у Ляхавічах. Нямала ўзнікала пытанняў і да пляцовак па Юбілейнай і Чкалава, аднак сітуацыя там істотна палепшылася. На сёння найбольш праб-лемным застаецца стан спраў на кантэйнерных пляцоўках па вуліцы Інтэрнацыянальнай у райцэнтры, а таксама ў вёсках Задвор’е і Дарава-Чыж. Трэба канстатаваць, што ўклад у беспарадак уносяць і самі жыльцы: каля кантэйнераў для бытавых адходаў звальваюць паламаную мэблю, старыя дзверы, рэшткі будматэрыялаў, бытавыя прыборы, скошаную траву і шмат чаго іншага. Пляцоўкі выкарыстоўваюцца не па прызначэнні, што стварае санітарныя, экалагічныя і эстэтычныя нязручнасці, – падкрэслівае начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама Марына Завадская.

Плануецца, што ўжо ў ліпені кантэйнерныя пляцоўкі для збору ЦКА стануць адзіным спосабам збору бытавых адходаў у дварах шматкватэрнай забудовы ў райцэнтры.

І трэба зразумець, што парадак на іх залежыць не толькі ад камунальнікаў, але і ад жыльцоў дамоў, і ўсім неабходна выконваць элементарныя правілы чысціні.

Галіна КАНЬКО.