Калі прапанова занадта добрая, каб быць праўдай. Жыхар Ляхавіцкага раёна размяшчаў у інтэрнэце аб’явы пра продаж неіснуючых тэлефонаў і аўтамабіляў
РАСК узбудзіў крымінальную справу ў дачыненні да жыхара раёна 2007 г. н., які летась з кастрычніка па лістапад размяшчаў у інтэрнэце аб’явы пра продаж тэлефонаў і аўтамабіляў.
Пры працэдуры «продажу» ён дзейнічаў па аднатыпнай схеме: пасля дамоўленасці з патэнцыяльным пакупніком і атрымання ад яго задатку, пераставаў адказваць на званкі. Па даных следства, па стане на пачатак лютага, грошы махляр выманіў не менш як у пяці чалавек. Так, Яўгеній з Гродна за iPhone13 перавёў прадаўцу аванс у памеры 100 рублёў. Жыхар Пружан пажадаў купіць iPhone12 і развітаўся з сумай 195 рублёў. Мікіта з Лепеля марыў купіць аўтамабіль і зрабіў перадаплату ў памеры 250 рублёў. Яшчэ адзін эпізод датычыў «пакупкі» iPhone13 віцяблянкай, якая перавяла 100 рублёў авансу. Мінчаніна зацікавіла аб’ява пра продаж аўтамабіля «Фольксваген-гольф», і ён дамовіўся з «гаспадаром» транспартнага сродку пра перадаплату ў 100 рублёў.
Калі пакупнікі зразумелі, што засталіся без тавару і без грошай, то звярнуліся ў праваахоўныя органы.
Абвінавачваны заключаны пад варту, Ляхавіцкі РАСК праводзіць расследаванне. Жыхару раёна інкрымінуюцца дзеянні, прадугледжаныя часткай 2 артыкула 209 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Дарэчы, летась ён быў асуджаны за крадзеж маёмасці. За злачынства законам прадугледжана пакаранне да чатырох гадоў пазбаўлення волі.
Сёння пакупнікоў у інтэрнэце прыцягваюць нізкімі цэнамі на айфоны, ноўтбукі, гаджэты, брэндавую вопратку або аўтамабілі.
Каб не стаць ахвярай махляроў, варта прытрымлівацца простых правілаў бяспекі. Крытычна ацэньвайце цану на тавар. Трэба праверыць рыначную цану на сайтах інтэрнэт-магазінаў ці маркетплэйсах. Калі прапанова занадта добрая, каб быць праўдай, – хутчэй за ўсё, гэта падман.
Паглядзіце профіль прадаўца на пляцоўцы. Свежы акаўнт без водгукаў або са штучнымі «водгукамі» – часцей за ўсё падман. Паспрабуйце знайсці кантакты па-за пляцоўкай (сацыяльныя сеткі, тэлефон). Сапраўдныя прадаўцы, як правіла, не хаваюцца. Не рэкамендуецца і рабіць перадаплату незнаёмцам. Прадавец з рэальным таварам можа пачакаць, а махляры будуць настойваць на тэрміновым пераводзе грошай «для браніравання».
Найлепшая абарона ад махляроў – асцярожнасць. Ніхто не будзе прадаваць сапраўдны iPhone па нізкім кошце. Калі сумняваецеся –
адмоўцеся ад здзелкі. Бяспека важней за сумніўную «выгаду»!
Аляксандр ТРАЯНОЎСКІ, начальнік РАСК.

