Няхай мары збываюцца! Сёння для дзевяцікласнікаў і адзінаццацікласнікаў Ляхавіччыны гучыць званок, які запрашае ў новы жыццёвы этап
Сёння для 221 дзевяцікласніка і 154 адзінаццацікласнікаў Ляхавіччыны гучыць званок, які запрашае ў новы жыццёвы этап. У кожнага з выпускнікоў свае мары і планы, у якіх шмат агульнага: жаданне вучыцца, працаваць на роднай зямлі, прынесці карысць людзям. Новае пакаленне выбірае Беларусь!

Паліна ІСАКАВА, 11-класніца гімназіі:
– Сэрцам выбіраю быць настаўніцай. Мой шлях ляжыць
у педагагічны ўніверсітэт, каб вяртаць цяпло, якое мне падарылі, падтрымлівалі 11 гадоў. Гэта мой спосаб служыць малой радзіме.
Гімназія, дзякуй за веру ў тое, што я змагу!

Любоў АДАМЕНКА, 11-класніца СШ № 2:
– Я выпускніца профільнай групы медыцынскай накіраванасці. Менавіта тут я зразумела, што медыцына не проста тэорыя з падручнікаў. Нас прафесійна навучаюць медыцынскай этыцы, мы адпрацоўвалі алгарытмы аказання першай дапамогі ў самых розных сітуацыях. Калі ты вучышся правільна дапамагаць чалавеку ў патрэбны момант, то адчуваеш усю адказнасць. Мая бабуля працавала правізарам у аптэцы. Я вельмі ўважліва слухала
яе расказы і пра аптэку, і пра лякарствы, і пра тое, як яны дапамагаюць людзям. Бабуля – прыклад адданасці справе.
Хачу дапамагаць людзям і бачыць вынік сваёй работы. Вучоба ў медгрупе ўмацавала маю ўпэўненасць ў тым, што я зрабіла правільны выбар будучай прафесіі – стаць урачом.

Агулсапар НУРЛЫЕВА, 9-класніца Востраўскай СШ:
– Памятаю свае першыя крокі па беларускай зямлі год назад: трохі разгубленая, але поўная надзей. Беларусь не проста дала мне шанц – яна стала для мяне сапраўдным домам, дзе я адчуваю сябе камфортна і бяспечна. Убачыла, наколькі шматгранная беларуская культура, якія гасцінныя і шчырыя людзі. Мне падабаецца даследаваць новыя гарады, вывучаць гісторыю, спрабаваць мясцовую кухню, якая, дарэчы, мне вельмі даспадобы. Вельмі цаню магчымасць вучыцца ў асяроддзі, дзе ў пашане веды і імкненне да развіцця. Настаўнікі вызначаюцца прафесіяналізмам, а аднакласнікі – энтузіязмам і гатоўнасцю дапамагчы. Гэта стварае атмасферу, у якой хочацца расці і дасягаць новых вяршынь. Дзякуючы Беларусі я змагу рэалізаваць сваю мару – стаць настаўніцай кітайскай мовы.

Павел ЮШКЕВІЧ,11-класнік гімназіі:
– Разам з атэстатам набываю адказнасць. Паступаю ў тэхнічны ўніверсітэт і мару стаць інжынерам, каб ствараць, а не назіраць. Планую вярнуцца ў родны горад. Гэта і ёсць любоў да малой радзімы. Дзякуй педагогам гімназіі за веды, дабрыню і веру ў нас!

Мікалай ЛАМАКА, 11-класнік СШ № 1,
выхаванец ВПК «Фартэцыя»:
– Планую паступаць у Акадэмію МУС і працаваць у праваахоўных органах. Для мяне гэта не спантаннае рашэнне. Заўсёды паважаў людзей, якія абараняюць парадак і бяспеку ў грамадстве. Хачу, каб мая праца прыносіла рэальную карысць, дапамагла зрабіць свет больш бяспечным.

Уладзімір АМЯЛІШКА,
11-класнік Малагарадзішчанскай СШ:
– Буду паступаць у Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка на гістарычны факультэт. Гістарычную адукацыю выбіраю таму, што гэта рэальная магчымасць развіцця навыкаў
крытычнага мыслення,
а таксама магчымасць прагназаваць будучыню, абапіраючыся на вопыт мінулага. Скарыстаўся тым, што можна атрымаць мэтавае накіраванне для вучобы ў ВНУ. Мэтавае накіраванне – гарантыя таго, што змагу вярнуцца ў свой родны Ляхавіцкі раён і працаваць па абранай спецыяльнасці.

Ясенія ДАВІДОЎСКАЯ,
11-класніца СШ № 1,
выхаванка ВПК «Фартэцыя»:
– Мая мэта – стаць высокакваліфікаваным юрыстам, якому людзі будуць давяраць. Веру, што змагу ўнесці асабісты ўклад у развіццё роднай Беларусі. Юрыдычная прафесія цікавая для мяне тым, што дае магчымасць абараняць правы і інтарэсы людзей, уплываць на справядлівасць у грамадстве.

Анастасія КАЛЯДА,
11-класніца Жарабковіцкай СШ
імя М. Г. Мінкевіча:
– Вырашыла, што буду паступаць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Упэўнена, калі ў мяне ўсё атрымаецца, то я сваёй будучай дзейнасцю прынясу карысць нашай краіне і дапамагу таму, каб любімая Беларусь квітнела.

Дзіяна КУДЗЯЛЕВІЧ,
11-класніца СШ № 2:
– Выбіраю шляхпедагога, бо заўжды ў мяне перад вачыма галоўны прыклад – мая мама. Бачыла, як янашчыра радуецца поспехам сваіх выхаванцаў, як да яе за парадамі звяртаюцца колішнія вучні, якія сталі ўжо дарослымі. Помню,як нашы настаўнікі затрымліваліся пасля ўрокаў, каб растлумачыць складаную тэму,як падтрымлівалі нас. Я зразумела, што педагогне проста прафесія, а ўменне быць побач і верыць у кожнага вучня. Таму марупра прафесію педагога, і таму вучылася ў профільнай групе педагагічнай накіраванасці.

