Купайцеся на здароўе
Як толькі тэмпература паветра і вады дазваляе, водныя аб’екты Ляхавіччыны запаўняюцца адпачываючымі.
На жаль, не ўсе звяртаюць увагу на інфармацыю на афіцыйных зонах адпачынку, дзе паведамляецца пра дазвол ці забарону купання. Разам з тым, як расказалі ў раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, пачынаючы з красавіка, як мінімум раз на тыдзень спецыялісты санітарнай службы бяруць пробы вады з ракі Ведзьмы (зона гарадскога пляжу), на сажалцы Востраў (з гэтага года яшчэ адна афіцыйная зона адпачынку ў Ляхавіцкім раёне). Што тычыцца «Чайкі», то ваду для правядзення аналізаў бяруць непасрэдна работнікі летніка.
Па словах галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Ляхавіцкага раёна Віталія Ціханава, вада на ўсіх водных аб’ектах афіцыйных зон адпачынку адпавядае неабходным мікрабіялагічным параметрам, таму купанне тут дазваляецца.
На працягу сезона-2026 забарона на купанне ў гэтых месцах не выносілася. Так, што купайцеся на здароўе. Галоўнае, не забывайце пра элементарныя правілы бяспекі і на вадзе, і каля вады.
Галіна КАНЬКО.

