Праінспектуе зіма. Пра падрыхтоўку да чарговага ацяпляльнага сезона “ЛВ” пацікавіўся ў начальніка аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Ляхавіцкага райвыканкама

Не адзін год наступлення халадоў з трывогай чакалі жыхары аграгарадка Жарабковічы, чые дамы ацяпляе мясцовая кацельня. Камунальнікі нешта рабілі, рамантавалі, але больш спрыяльным і камфортным надвор’е ў кватэрах не станавілася. Якой будзе гэта зіма для аграгараджан? Пра гэта і ўвогуле пра падрыхтоўку да чарговага ацяпляльнага сезона “ЛВ” пацікавіўся ў начальніка аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Ірыны Грынялевіч. Менавіта да яе кожную сераду паступае інфармацыя аб ходзе выканання мерапрыемстваў па падрыхтоўцы аб’ектаў ЖКГ да работы ў асенне-зімовых умовах 2015-2016 гадоў.

– На замену цепласетак працягласцю 3,5 кіламетра, якія даўно састарэлі і не маглі ў поўным аб’ёме забяспечваць падачу цеплавой энергіі ў дамы аграгарадка Жарабковічы, з абласнога бюджэту ў межах праграмы “Энергазберажэнне” выдаткавана 2 мільярды 200 мільёнаў рублёў, – расказала Ірына Грынялевіч. – Пакуль усё ідзе па графіку, у першую чаргу, замена труб праводзілася на ўчастках да сацыяльных аб’ектаў. Па стане на 21 верасня пракладзена 2,9 кіламетра трасы, засталіся толькі падводкі да жылых дамоў. Калі работы па пракладцы новых цепласетак будуць праведзены якасна, то знізяцца цепластраты, цеплавая энергія будзе паступаць не ў навакольнае асяроддзе, а па прызначэнні – у будынкі.

Па словах галоўнага інжынера жылкамунгаса Аляксандра Жука, немалая частка работ праведзена ў мінулым годзе, тады ЖКГ прыцягвала на дапамогу брыгады з ПМК-17. Сёлета камунальнікі спраўляюцца ўласнымі сіламі. Якасць, захаванне тэхналогіі і ход работ пад пастаянным кантролем спецыялістаў тэхнагляду ўпраўлення капітальнага будаўніцтва.

Інжынер тэхнагляду Васілій Азарка адзначае, што камунальнікі ў графік укладваюцца. На наступным тыдні плануецца арганізаваць першыя выпрабаванні цеплатрасы.

Падрыхтоўка да зімы ўключае ў сябе рамонт кацельнага абсталявання, жыллёвага фонду, водаправодных і каналізацыйных сістэм. Правяраецца гатоўнасць цепла- і электрагенерыруючых установак, абсталявання, газавых, цеплавых і электрычных сетак да работы пры максімуме нагрузак. Выпрабаванні пасля прафілактычнага рамонту вытрымалі ўсе 24 кацельні ЖКГ, але пашпарты гатоўнасці атрымалі 22.

Напярэдадні ацяпляльнага сезона камунальнікі зрабілі прамыўку 11,6 кіламетра калектараў, адрамантавалі 6 каналізацыйных помпаў. Пад прафілактычны агляд і абслугоўванне трапілі 135 кіламетраў водаправодных сетак і водаадводаў. Адрамантаваны цэнтральныя цеплавыя пункты на вуліцах Будаўнікоў, Южакова, Чкалава ў райцэнтры, вёсцы Задвор’е. Гэта не толькі палепшыць ступень награвання вады, але і дазволіць выканаць важны сацыяльны стандарт пры меншых эканамічных затратах.

Пад уздзеяннем тэмпературных перападаў сценавыя панэлі, швы жылых дамоў з часам губляюць свае цеплатэхнічныя ўласцівасці. Павялічваюцца затраты на ацяпленне такіх будынкаў. Перад камунальнай гаспадаркай стаіць задача мэтанакіравана ўхіляць “узроставыя” парушэнні.

Як і планавалася, адрамантавана 1000 пагонных метраў стыкаў сценавых панэляў у дамах № 22 і № 24 па вуліцы Будаўнікоў у райцэнтры, 2500 квадратных метраў дахаў (дамы №№ 22, 24, 26 па вул. Будаўнікоў, № 21 і № 7 па вул. Чкалава). Выкананы прафрамонт усіх 99 інжынерных сістэм ацяплення жылых дамоў.

Мала забяспечыць падачу цяпла ў кватэры, важна, каб яно не “грэла” двор ці вуліцу. У такіх выпадках без уцяплення вонкавых сцен не абысціся. Сёлета за кошт сродкаў жыльцоў зроблена цеплавая рэабілітацыя дамоў № 21 па вуліцы Чкалава і № 24 па вуліцы Будаўнікоў. Як адзначылі ў камунгасе, яны гатовы выконваць аналагічныя заяўкі і ад жыльцоў іншых дамоў.

Асобна – пра чалавечы фактар. Камфортнае надвор’е ў доме напрамую залежыць ад свядомасці жыльцоў кожнай кватэры: як яны ўцепляць свае квадратныя метры.

Брыгады ЖКГ укамплектаваны ўсёй неабходнай тэхнікай і інструментамі, гатовы ў любы час выехаць для ліквідацыі аварыйнай сітуацыі, запэўніваюць камунальнікі. Але лепш такія сітуацыі папярэдзіць усебаковай падрыхтоўкай да халадоў.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *