Аргументы супраць нікаціну. 31 мая адзначаецца Сусветны дзень без тытуню

Агульнавядома: цыгарэта – гэта шкодна і для таго, хто курыць, і для тых, хто знаходзіцца побач з ім. Але “забойнае” сяброўства працягваецца. Беларускія медыкі б’юць трывогу.
Штогод ад хвароб, звязаных з тытунекурэннем, у краіне памірае 15500 чалавек. Сярод анкалагічных хворых курцы складаюць 84,5 працэнта, у кожнага чацвёртага памёршага ад злаякасных пухлін дыягнаставаны рак лёгкага. Сусветная арганізацыя аховы здароўя лічыць курэнне адной з глабальных пагроз здароўю і дабрабыту насельніцтва планеты. Вучоныя падлічылі, што пры курэнні ў сярэднім 20 цыгарэт у дзень на працягу 30 гадоў “выкурваецца” 160 кілаграмаў тытуню ці, прыкладна, 800 грамаў нікаціну. Для чалавека смяротная разавая доза 0,1 грама… Хто ўводзіць штодня ў свой арганізм гэты міліграм, не гіне толькі таму, што атрута паступае не адразу, а паступова.
Курэнне не толькі пагаршае здароўе аматара “пасмаліць”, але і шкодна ўздзейнічае на тых, хто вымушаны ўдыхаць дым ад чужой цыгарэты. І ім даводзіцца хварэць тымі ж хваробамі, што і курцам.
Курэнне – не індывідуальная праблема, а сацыяльная. З ужываннем тытуню звязаны шэраг эканамічных і экалагічных наступстваў.
Як спыніць гэту эпідэмію, якія меры найбольш выніковыя? Пра гэта і пра многае іншае напярэдадні Сусветнага дня без тытуню, які адзначаецца 31 мая, разважаюць урач-валеолаг цэнтральнай раённай бальніцы Таццяна УСЦЮШКОВА, псіхіятар-нарколаг Леанід ЛАПІЧ, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна Віталій ЦІХАНАЎ, начальнік штаба РАУС Андрэй ШАНЕЦ, жыхары нашага раёна.

Таццяна Усцюшкова:
– Курэнне – праблема вялікіх і малых краін. Калі нічога не зменіцца, то, па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, да 2020 года з ужываннем тытуню будзе звязаны кожны пяты выпадак смерці ў свеце. З зацяжкай у арганізм курца паступаюць нікацін, аміяк, сінільная і воцатная кіслоты, чадны газ – усяго больш за 40 шкодных атрутных рэчываў. Па таксічнасці тытунёвы дым перавышае аўтамабільны ў 4,5 разы. Мінута курэння роўная 4 мінутам “інгаляцый” праз выхлапную трубу. Статыстыка няўмольная: смяротнасць людзей, якія кураць, прама прапарцыянальная колькасці выкурваемых імі цыгарэт.
Праблема распаўсюджвання нікацінавай залежнасці актуальная і ў нашай краіне. Па даных сацыялагічных даследаванняў, праведзеных у Беларусі ў мінулым годзе, кураць 27,9 працэнтаў насельніцтва ва ўзросце ад 16 гадоў і старэйшыя. Асаблівую занепакоенасць выклікае павелічэнне колькасці курцоў сярод жанчын – адна з трагічных з’яў нашай рэчаіснасці. Калі жанчына выкурвае ў дзень каля 10 цыгарэт, яна можа застацца
бясплоднай. Дзеці, маці якіх курылі цяжарнымі, часцей пакутуюць алергіяй, маюць больш “шанцаў” стаць алкаголікамі і наркаманамі. Дзеці пераймаюць звычкі сваіх бацькоў. Які прыклад для сына ці дачкі паказваюць тата ці мама з цыгарэтай? Пытанне рытарычнае.
Кінуць курыць ніколі не позна. Пазбаўленне ад шкоднай звычкі зніжае рызыку ўзнікнення злаякасных пухлін, інфарктаў, інсультаў, цукровага дыябету. Медыкі ўстанавілі, што небяспека захварэць ракам амаль у 30 разоў вышэйшая ў заядлых курцоў і тых, хто рана пасябраваў з цыгарэтай.

Леанід ЛАПІЧ:
– Штогод у свеце ад хвароб (іх больш за 20), звязаных з курэннем, памірае 4 мільёна чалавек ці адзін зямлянін – кожныя 8 секунд. На лячэнне пацыентаў, прычынай хваробы якіх з’яўляецца курэнне, штогод патрабуецца 200 мільярдаў долараў. Але гэта лічба – нішто ў параўнанні з душэўным болем і фізічнымі пакутамі і саміх курцоў, і іх блізкіх. Цыгарэтны яд уздзейнічае на ўсе органы і сістэмы чалавека. У курцоў развіваецца атэрасклероз, пакутуюць крывяносныя сасуды, яны пастаянна кашляюць, у іх непрыемна пахне з рота, зубы і пальцы становяцца жоўтымі.
Тытунёвая прамысловасць рэкламуе цыгарэты з паніжаным утрыманнем смол і нікаціну. Аднак, арганізм тых, хто пераходзіць на ”лёгкія” цыгарэты, патрабуе ранейшую дозу. Нюхальны і жавальны тытунь, электронная цыгарэта – таксама не лепшая альтэрнатыва. Карысней за ўсё ўвогуле кінуць курыць. Безумоўна, цяжка, тым больш, што побач нехта пастаянна зацягваецца цыгарэтай. На жаль, не існуе ідэальных лякарстваў, ад якіх прапала б жаданне ўцягнуць у сябе чарговую дозу нікаціну. Поспех залежыць ад самога чалавека, прычым не важна, як доўга, інтэнсіўна і што ён курыў, і ад паводзін блізкіх людзей.
Калі ў чалавека ёсць праблемы, звязаныя з курэннем, і ён самастойна не ў стане справіцца з імі, варта звярнуцца за кваліфікаванай медыцынскай дапамогай: урач дасць прафесійную кансультацыю, пры неабходнасці прызначыць пэўны курс лячэння. Прафілактычная дзейнасць урача-нарколага распаўсюджваецца не толькі на дарослых, але і на школьнікаў і навучэнцаў, праводзяцца гутаркі ва ўстановах адукацыі, дзе ў тым ліку абмяркоўваецца і небяспека, якая зыходзіць ад тытуню.
Віталій ЦІХАНАЎ:
– Спажыванне тытуню ўносіць свой (не апошні, трэба сказаць) уклад у развіццё хвароб, рост інваліднасці, непрацаздольнасці, смяротнасці, зніжэнне прадукцыйнасці працы. Адпаведна, і барацьба з курэннем стала сёння справай дзяржаўнай важнасці. У нашай краіне заканадаўствам забаронена курыць ва ўстановах аховы здароўя, культуры, адукацыі, спорту, на
аб’ектах гандлю і бытавога абслугоўвання, на вакзалах, у аэрапортах, падземных пераходах, на станцыях метрапалітэна, у грамадскім транспарце, цягніках, на суднах, у самалётах. І гэта абсалютна правільны падыход.

Таццяна УСЦЮШКОВА:
– Антытытунёвае заканадаўства ўдасканальваецца. Прыняты шэраг нарматыўна-прававых актаў, якія рэгламентуюць дзейнасць, накіраваную на барацьбу з курэннем. Забаронены продаж цыгарэт асобам да 18 гадоў, уведзены шэраг абмежаванняў, што датычаць рэкламы, бясплатнага распаўсюджвання цыгарэт, месцаў продажу тытунёвых вырабаў. Зоны свабодныя ад курэння ёсць па ўсёй краіне, у тым ліку ў Ляхавіцкім раёне: два гарадскія паркі (па вуліцы Дзесюкевіча і плошчы Перамогі), сквер з фантанам, адзінаццаць прыпынкаў грамадскага транспарту і тры зоны адпачынку на вадаёмах (на рэках Ведзьма ў райцэнтры, Шчара ў аграгарадку Дарава і ў дзіцячым аздараўленчым лагеры “Чайка”).
Думаю, варта было б абмяжоўваць месцы і час продажу тытунёвых вырабаў, больш дзейсным павінны быць кантроль за забаронай курэння ў грамадскіх месцах, продаж цыгарэт непаўналетнім, мэтазгодна і павышэнне кошту цыгарэт.
Як урач, як жанчына, як маці вельмі адмоўна стаўлюся да курэння і курцоў. Ляхавіцкая бальніца і іншыя ўстановы аховы здароўя раёна даўно аб’яўлены зонай некурэння. Хто, як не медыкі, павінны ўласным прыкладам паказваць пацыентам свае негатыўныя адносіны да гэтай звычкі. Дзень без тытуню – чарговая нагода ў поўны голас яшчэ раз сказаць пра шкоднасць курэння. Перасцярога ад валеолага: курцы найбольш рызыкуюць захварэць анкалагічнымі, сардэчна-сасудзістымі, іншымі хваробамі.

“ЛВ”:
– Зоны некурэння ёсць, але інфармацыя пра іх не заўсёды даведзена да насельніцтва. Ва ўсякім разе гэтыя зоны ў нашым горадзе не пазначаны. Рэдакцыя такіх шыльдаў-перасцярог не знайшла. Кампетэнтным службам варта прабел ліквідаваць.

Андрэй ШАНЕЦ,  начальнік штаба РАУС:
– На Брэстчыне налічваецца больш за 8 тысяч аб’ектаў, на якіх курыць забаронена ў заканадаўчым парадку.
Сёлета ў нашым раёне афіцыйна зафіксаваны некалькі фактаў парушэння забароны курэння на тэрыторыі аб’ектаў сацыяльнай сферы (хаця на самой справе выпадкаў курэння ў забароненых месцах значна больш. – Заўвага “ЛВ”). У вобласці такіх фактаў амаль 3 тысячы. Сума аднаго штрафу для парушальніка – 4 базавыя велічыні. Так што, курыць – сабе даражэй, і ў плане здароўя, і ў матэрыяльным. Дарэчы, нядаўна, жыльцы аднаго са шматкватэрнікаў у Баранавічах паскардзіліся ў міліцыю на аматарку пакурыць у пад’ездзе, у выніку жанчыну прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці – штрафу.
Я сам у мінулым курыльшчык са стажам. Пачаў яшчэ школьнікам, аднойчы ледзьве не спаліў гараж суседа – такое небяспечнае дзіцячае свавольства. І ўсё ж здаровы сэнс перамог. Амаль дзесяць гадоў прайшло з таго часу, як зрабіў, цяпер канчаткова ўпэўнены, сваю апошнюю тытунёвую зацяжку. Давалася ўсё цяжка, спакуса купіць чарговы пачак была вельмі моцнай, асабліва першы месяц, але вытрымаў – чаму бязмерна рады. Ад душы раю і іншым развітацца са шкоднай звычкай. Хаця да курцоў мае адносіны цярпімыя…

Уладзімір, нідзе не працуе  (ішоў па скверы і курыў):
– Куру даўно, з дзяцінства. Здароўе ў мае 48 гадоў падводзіць: вось нядаўна бранхіт лячыў, увогуле, з лёгкімі праблемы – амаль штогод запаленне. Пра шкоду цыгарэт ведаю, але кінуць курыць не спрабаваў. Хаця і па кашальку б’е адчувальна. Мае цыгарэты каштуюць у сярэднім 20 тысяч рублёў за пачак – хапае на дзень. У месяц атрымліваецца – 600 тысяч, а за год…

Міхаіл ЯФІМЧЫК, пенсіянер:
Кінуць цыгарэту для мяне, курца з трыццацігадовым стажам, было асэнсаваным валявым рашэннем, якому паспрыяла, як не дзіўна гучыць, хвароба. Урач быў катэгарычны: не кінеш – максімум праз год-другі памрэш. А жыць хацелася: толькі ўнук нарадзіўся. Жонка заўжды ”піліла”: загазаваў дымам ўсю хату, не прадыхнуць. Калі па-праўдзе, з першага разу не атрымалася – вытрымаў толькі два тыдні. Жонка і нейкія таблеткі ў аптэцы купляла, і зёлкі заварвала.
Зрэшты, кінуў – як аказалася, ёсць сіла волі. Магу пахваліцца, што не куру амаль два дзесяцігоддзі, і мой першы ўнук, дзеля якога я завязаў з гэтай звычкай, таксама не курыць, як і зяць. Увогуле, цяпер гляджу на курцоў і не разумею, навошта яны гэта робяць.

Пра шкоду курэння сказана шмат, напісана мноства кніг, рэклама тытунёвай прадукцыі абавязкова ўтрымлівае папярэджанне пра магчымыя сур’ёзныя наступствы. Але курыльшчыкаў гэта не палохае. Нехта скажа, што цыгарэта заспакойвае, нехта спашлецца на прывычку, нехта курыць
“за кампанію”. Адно агульнавядома і даказана жыццём: курэнне – не бясшкодны занятак, а шкодная залежнасць, ад якой цяжка пазбавіцца. Але трэба.  У імя здаровага жыцця.
Матэрыялы круглага стала падрыхтавала Галіна КАНЬКО.

One thought on “Аргументы супраць нікаціну. 31 мая адзначаецца Сусветны дзень без тытуню

  • 29/05/2016 в 12:06
    Permalink

    Кажуць, хочаш набыць хваробу — закуры. Але аматары нікаціну смаляць, не зважаючы ні на здароўе, ні на навакольных. Не прайсці па вуліцы, не выйсці з пад’езда, каб цябе не абдала цыгарэтным дымам. А яшчэ вельмі ўражвае карціна:ідзе маці з каляскай, а ў руках у яе цыгарэта.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *