Дактары і фізікі, вы нам так патрэбны!..

Жнівень — самы напружаны час для кадравікоў.  Лічыцца, што ў станаўленні спецыяліста любога профілю вялікае значэнне мае яго першае месца працы: створаныя ўмовы для выканання прафесійных абавязкаў і прафесійнага росту, вырашэнне жыллёвага пытання, адносіны з боку больш вопытных калег і ўвогуле ўсяго калектыву.

Сёлета на Ляхавіччыне па традыцыі найбольш пашырыліся рады спецыялістаў сельскай гаспадаркі.  Каля трыццаці аграномаў, заатэхнікаў, ветэрынарных урачоў, бухгалтараў, юрыстаў, эканамістаў, энергетыкаў, інжынераў, механікаў са “свежымі” дыпломамі, з новымі ведамі, практычнымі навыкамі, сучаснымі тэхналогіямі і распрацоўкамі будуць шчыраваць на хлебных палетках, фермах, комплексах, у вытворчых майстэрнях, канторах сельгаспрад-прыемстваў. Прычым, як паведаміў галоўны спецыяліст па прававой і кадравай рабоце ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама  Міхаіл Арэшка, амаль усе маладыя спецыялісты аграпрамысловага комплексу прыбылі на сваё першае працоўнае месца, згодна папярэдніх заявак сельгаспрадпрыемстваў.

Ужо робяць першыя самастойныя крокі ў працы пяцёра сёлетніх выпускнікоў вышэйшых  і чацвёра — сярэдніх спецыяльных  навучальных устаноў. Выпускніца Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Ганна Дунчык прыйшла на пасаду галоўнага эканаміста СВК “Ордэна “Знак Пашаны” Кастрычнік”. Два маладыя спецыялісты з вышэйшай адукацыяй з’явіліся сёлета і ў ДП “Нача” – аграном Юрый Гаўдзіс і  загадчык аўтатрактарнага парка Віктар Патапаў.  Абодва юнакі атрымалі пакоі ў добраўпарадкаваным інтэрнаце гаспадаркі. Службовым жыллём забяспечылі ў СВК “Востраў-Агра”  галоўнага заатэхніка Юлію Перакарэнка, якая прыехала  сюды па размеркаванні пасля заканчэння  Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Падляшанін Юрый Клачко – выпускнік Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны вярнуўся на малую радзіму і пачаў працоўную біяграфію  ў якасці галоўнага ветэрынарнага ўрача СВК “Канюхі”. Пакуль юнак жыве з бацькамі ў аграгарадку Падлессе.

Размеркаваны і чацвёра выпускнікоў ССНУ – яны працуюць у СВК “Шлях новы”, “Дарава”, “Востраў-Агра”. З 1 жніўня  для адпраўкі на першае працоўнае месца ва ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання прыйдуць яшчэ каля дваццаці спецыялістаў, сярод якіх дзесяць – выпускнікі Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа. Па словах Міхаіла Арэшкі, усім маладым кадрам, якія прыехалі на працу па размеркаванні, будуць выплачаны            пад’ёмныя ў памеры аднаго аклада, прадугледжаны і шэраг іншых ільгот, замацаваных у кантракце.

Як заўсёды, папоўніліся маладымі кадрамі і рады педагогаў.  15 юнакоў і дзяўчат з дыпломамі настаўніка, псіхолага і выхавацеля дашкольных устаноў прыбылі па размеркаванні ў раённы аддзел адукацыі ў асноўным пасля заканчэння Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна.  Як расказала вядучы спецыяліст аддзела адукацыі Таццяна Зубік, з маладога папаўнення  чатыры настаўнікі прыехалі на працу на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, шэсць размеркаваны згодна запытаў аддзела адукцыі, астатнія — па рашэнні дзяржкамісіі па размеркаванні. Большая частка маладых спецыялістаў – настаўнікі замежных моў і псіхолагі . Многія з іх атрымалі накіраванні ў сельскія школы (у прыватнасці, Малагарадзішчанскі дзіцячы сад-сярэднюю агульнаадука-цыйную школу, Ліпскую і Свяціцкую САШ). Нягледзячы на штогадовы прыток маладых педагогаў,  у вялікім моры   настаўнікаў Ляхавіччыны па-ранейшаму не хапае фізікаў і матэматыкаў (такая сітуацыя характэрна  амаль для ўсіх раёнаў Брэстчыны).  Дарэчы, як паведаміла Таццяна Зубік, ніхто з сёлетніх выпускнікоў не звярнуўся ў аддзел адукацыі, каб атрымаць мэтавае накіраванне для паступлення ў педагагічныя навучальныя ўстановы.

Усе з новага папаўнення сейбітаў разумнага, добрага, вечнага з 15 жніўня пачнуць сваю педагагічную дзейнасць у навучальных установах раёна. Па добрай традыцыі маладых настаўнікаў будуць прадстаўляць вялікай педагагічнай  сям’і  на жнівеньскай канферэнцыі. Педагогі, як і іншыя маладыя спецыялісты, будуць карыстацца сацыяльнымі гарантыямі і льготамі, прадугледжанымі заканадаўствам.

Па-ранейшаму актуальная і пакуль не вырашаная праблема недахопу медыцынскіх кадраў, прычым, як урачоў, так і спецыя-лістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй.  Па словах галоўнага ўрача Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бальніцы Уладзіміра Усцюшкова, планавалася, што сёлета ў жніўні да работы прыступяць 7 дактароў. Аднак, пакуль відавочны прыезд 6.  Непасрэдна ў райбальніцы будуць працаваць новыя анестэзіёлаг, неў-ролаг, стаматолаг, педыятр і рэнтгенолаг. Нарэшце ў Навасёлкаўскай урачэбнай амбулаторыі з’явіўся ўрач агульнай практыкі. Прыезд  двух педыятраў пакуль пад пытаннем.

Магчыма, жадаючых працаваць у галіне аховы здароўя Ляхавіччыны было б больш, калі б маладыя ўрачы (а то і цэлыя сем’і) забяспечваліся жыллём. Пакуль гэта мары — уся надзея на будаўніцтва інтэрната для медыцынскіх работнікаў.

Вырашыць праблему  забеспячэння раёна кадрамі медыкаў не атрымліваецца, на жаль. Мусіць, зноў не пазбегнуць нам чэргаў у паліклініцы, а ўрачам-пенсіянерам на пэўны час давядзецца забыць пра заслужаны адпачынак.

Не менш востра стаіць пытанне недахопу медыкаў сярэдняга звяна. Як адзначыў  Уладзімір Усцюшкоў, у Міністэрства аховы здароўя быў дадзены запыт на 18 спецыя-лістаў гэтага профілю, аднак, размеркаванне на Ляхавіччыну не атрымаў ніхто. Таму каторы год запар фельчар з Крывошынскай участковай бальніцы будзе аказваць медыцынскую дапамогу вяскоўцам у Галаўнінцах, з  Альхоўскай урачэбнай амбулаторыі – у Падбароччы, з Начаўскай УА – у Рачканах.  І тут зноў без дапамогі пенсіянераў не абыходзіцца.

Унесці новую іскрынку ў культурнае жыццё раёна паспрабуюць і 6 маладых культработнікаў. З дыпломам Пінскага кале-джа мастацтваў  прыедзе новы харэограф.  Пасля заканчэння Баранавіцкага музычнага каледжа выкладчыкам  па класе трубы ў школу мастацтваў накіраваны  ляхавічанін Уладзіслаў Лойка, а выкладчыкам па музыказнаўстве – Аляксандра  Коктыш. Новы бібліёграф у  цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы – выпускніца Магілёўскага бібліятэчнага каледжа.  Некаторыя выпускнікі сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў культуры, якія былі накіраваны на работу на Ляхавіччыну, замест культурна-асветніцкай дзейнасці выбралі вучобу ў ВНУ.

Наперадзе маладых чакае цікавая, разнастайная і ў той жа час адказная работа. Ім абавязкова патрэбны  падтрымка і парады  старэйшых і больш вопытных калег. Толькі ў камандзе, дзе пануюць добразычлівасць і дапамога, можна стаць сапраўдным майстрам сваёй справы.

Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *