Паклон табе, асенні ўзрост

У мінулую суботу ў гарадскім Доме культуры панавала шчырая, прыўзнята-шчымлівая атмасфера. На сустрэчу з мастацтвам, сябрамі, аднадумцамі і нават маладосцю прыйшлі людзі шаноўнага ўзросту і больш маладыя землякі, каб стаць  удзельнікамі ўрачыстага мерапрыемства “Паклон табе, асенні ўзрост”.  Так, па статусу яны – пажылыя людзі, якія  і на словах і на справе заўсёды гатовы падзяліцца вопытам, даць канкрэтную і слушную параду  і самі з гатоўнасцю бяруцца за любую справу. Але ў душы  многія з іх  застаюцца маладымі. Шматлікія выпрабаванні, радасць і гора, узлёты і падзенні  былі ў кожнага, але  не страчаны аптымізм, дабрыня і спагада, жаданне прыносіць карысць іншым і быць запа-трабаванымі.

Прыемна, што многія прадпрыемствы і арганізацыі ў першы дзень кастрычніка звярнуліся да сваіх былых работнікаў са  словамі пашаны і падзякі, завіталі з віншаваннямі і падарункамі.  Так, напрыклад, райпо ўжо не першы год знаходзіць магчымасць хоць крыху падтрымаць сваіх былых працаўнікоў, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку. І сёлета кожны з іх атрымаў прадуктовы набор.

На жаль, не ўсіх чакалі такія прыемныя сюрпрызы – гэта ўжо на сумленні былых калег.

Але, нягледзячы на гэта, у Дзень пажылых людзей было шмат нагод для добрага настрою.

З цікавасцю пазнаёміліся ўдзельнікі святочнай падзеі з выставай сапраўды таленавітых і багатых на выдумку і фантазію майстроў шаноўнага ўзросту.  І яшчэ раз перакана-ліся, што ўзрост — творчасці не перашкода. Як можна не захапляцца  вышыванымі карцінамі і эксклюзіўнымі вязанымі рэчамі, якія з задавальненнем надзене любая модніца? Аўтар гэтых вырабаў – жыхарка Русінавічаў Марыя Пісарава. Упрыгожванні з бісеру, вышыванкі і зробленыя ўласнымі рукамі народныя касцюмы прадставіла на  суд  гледачоў Ніна Алёхнік з Гай-нінца. Разнастайныя вышываныя вырабы – візітоўка таксама  Соф’і Татарыновіч з Гайнінца,  ляхавічанак Марыі Біза і Раісы Зелянеўскай. А Надзея Горка з вёскі Літва, як заўсёды, зачаравала саламянымі ўпрыгожваннямі, лялькамі і кветкамі.

Звяртаючыся да землякоў шаноўнага ўзросту, намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Крук падкрэсліў вялікую значнасць іх вопыту і пажадаў прысутным здароўя, натхнення, аптымізму і бадзёрасці.  З прывітальным словам да ўдзельнікаў свята звярнуўся старшыня раённага савета ветэранаў Герой Сацыялістычнай Працы Генрых Траццяк.

Ад душы песнямі і танцамі віталі пажылых людзей  самадзейныя выканаўцы, а райпо частавала пірагамі.

Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *