І побач, і разам. 2 красавіка – Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі

Гэтае дзяржаўнае свята адзначаецца адначасова ў дзвюх краінах і сваім нараджэннем абавязана сур’ёзнаму палітычнаму кроку, зробленаму больш за два дзесяцігоддзі назад. 2 красавіка 1996 года прэзідэнты Беларусі і Расіі падпісалі Дагавор аб стварэнні Супольнасці. Дата падпісання дакумента набыла вельмі сімвалічную назву – Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі.

Безумоўна, наша агульная гісторыя не абмяжоўваецца гэтым “узростам” і выходзіць далёка за межы навейшай. Агульныя карані – трывалы і надзейны фундамент, які пастаянна і мэтанакіравана ўмацоўваецца, што, у сваю чаргу, дае новыя магчымасці, дапамагае вырашаць многія жыццёва важныя пытанні, уплывае на сацыяльна-эканамічнае развіццё краін увогуле і развіццё канкрэтных сфер (ад культуры і аховы здароўя да навукі і асваення касмічнай прасторы), рэгіёнаў, прадпрыемстваў.
Тэма Саюзнай дзяржавы апошнім часам уздымаецца на самых розных узроўнях. Палітыкі, эканамісты, журналісты і простыя абывацелі разважаюць пра накірункі інтэграцыі і супрацоўніцтва, шукаюць шляхі развіцця гандлёвых стасункаў, абмяркоўваюць нафтава-газавыя пытанні, цеснае партнёрства ў ваеннай сферы і іншыя аспекты.
З улікам гэтага цяжка пераацаніць ролю традыцыйных прэс-тураў расійскіх журналістаў, што па ініцыятыве Кіраўніка беларускай дзяржавы праходзяць рэгулярна і даюць магчымасць прадстаўнікам рэгіянальных і федэральных СМІ на ўласныя вочы ўбачыць, чым і як жыве Беларусь. Дзякуючы такім сустрэчам, мільёны простых расіян з інтарэсам слухаюць і чытаюць праўдзівыя ўражанні сваіх журналістаў пра беларускія рэаліі.
А многія жыхары суседняй дзяржавы і самі з задавальненнем прыязджаюць да нас.
Адпачываць у беларускіх здраўніцах – здаровая звычка для вялікай колькасці расіян. Прыкупіць тое-сёе з беларускага трыкатажу, касметыкі і, канешне, прадуктаў – абавязковы пункт для ўсіх, хто цэніць якасць і натуральнасць.
Брэсцкая крэпасць даўно і па праву стала турыстычнай Мекай, у тым ліку для гасцей з Расійскай Федэрацыі. Наогул, наша краіна часцяком лідзіруе ў розных турыстычных рэйтынгах і топ-спісах суседняй дзяржавы. І вельмі хочацца спадзявацца, што калісьці турысты будуць імкнуцца не толькі ў Белавежскую пушчу, Мір і Нясвіж, што на іх маршруце нарэшце з’явяцца і, напрыклад, цікавыя мясціны Ляхавіччыны.
Важкая падстава для гонару – тое, што нашы юныя землякі паспяхова ўдзельнічаюць у алімпіядзе школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычнае і духоўнае адзінства”, неаднойчы станавіліся яе пераможцамі, дыпламантамі. Тэма натхняе юных і таленавітых – і гэта надзвычай важна.
Бясспрэчна, адным з галоўных складнікаў супрацоўніцтва з’яўля-юцца эканамічныя стасункі, у тым ліку і не ў апошняй ступені – на рэгіянальным узроўні. Як расказала намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Кацуба, экспартныя сувязі цесна звязваюць Ляхавіччыну з 18 расійскімі рэгіёнамі. Даўно і трывала знайшла шлях да сэрца расійскага пакупніка прадукцыя Ляхавіцкага малочнага завода. Тухавіцкія паліўныя брыкеты добра ведаюць у Калінінградскай вобласці, а, напрыклад, мясцовыя фрукты карыстаюцца попытам у Курганскай вобласці, камплектуючыя для электрыкі вытворчасці ТАА “Трансэлектракамплект” запатрабаваны ў Санкт-Пецярбургу. Пра ляхавіцкіх вытворцаў чулі ў Туле, Маскве, Белгарадзе і г.д. Літаральна днямі першыя сёлета адгрузкі прадукцыі на Расію прайшлі на заводзе “Металапластмас”.
Прыемная і шматабяцальная акалічнасць: у студзені гэтага года экспарт прадукцыі прадпрыемстваў раёна ў Расійскую Федэрацыю вырас у 8 разоў і дасягнуў амаль мільёна долараў. Натуральна, што гандлёва-эканамічны рух двухбаковы: на вытворчым полі раёна “робіць надвор’е” і расійскі імпарт, напрыклад, сыравіна для шэрага нашых прадпрыемстваў.
І, адназначна, не здымеш з рахункаў яшчэ адзін важкі аргумент на карысць роднасці і адзінства дзвюх дзяржаў. Яго вельмі проста адшукаць у нашых сямейных альбомах.
Быць побач – геаграфія Беларусі і Расіі.
Быць разам – свядомы выбар.

Святлана БЕЛЬМАЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *