Ёй пакарыліся нават горы

Гімназія. Звычайная раніца будзённага дня. І, здавалася б, звычайны ўрок біялогіі. Але, на самай справе, усё зусім інакш. Кожны ўрок вопытнай настаўніцы Ніны Смаршчок  не падобны на іншыя.

—        Педагог – прафесія асаблівая.  Любы наступны дзень  дорыць  нешта новае.  І калі цябе зацікаўлена слухаюць, то хочацца рабіць усё новыя і новыя адкрыцці для сваіх вучняў, – гаворыць Ніна Аляксееўна, настаўніца з больш чым 30-гадовым стажам работы .

Свой педагагічны шлях яна пачала ў Баранавіцкім раёне, менавіта сюды прыехала пасля заканчэння  географа-біялагічнага факультэта Брэсцкага педага-гічнага інстытута. Акрамя вы-кладання біялогіі і геаграфіі, захаплялася турызмам, і даволі хутка прывіла любоў да актыўнага адпачынку сваім вучням.

— У студэнцкія гады, акрамя падарожжаў па роднай Беларусі, разам з сябрамі і аднакурснікамі  аб’ездзілі амаль увесь Каўказ,  былі ў Сочы, Туапсе, Мінеральных Водах. З задавальненнем займалася альпінізмам. Давялося нават пакарыць вышэйшую кропку Карпат. Пазней падарожнічала  і адпачывала ў Балгарыі, і на мяжы з Чэхаславакіяй, – расказвае Ніна Смаршчок.

Менавіта на сумесных турыстычных зборах і заўважыў  энергічную, ініцыятыўную ма-ладую настаўніцу  калега Пётр Чарток і “пераманіў” яе  ў педагагічную прастору Ляхавіччыны. 6 гадоў Ніна Аляксееўна працавала ў СШ № 1 г. Ляхавічы, а з моманту адкрыцця гімназіі ў 1990 годзе паспяхова настаўнічае ў гэтай навучальнай установе.

Галоўным у сваёй нялёгкай, важнай і важкай рабоце яна лічыць любоў да сваіх вучняў, у кожным з іх бачыць асобу – цікавую і цікаўную, дзеліцца з імі ведамі,  і  сама побач з вучнямі ўдасканальваецца.

— Я вучу рабят, а яны вучаць мяне. Сучасныя дзеці такія               эрудыраваныя, ініцыятыўныя і непрадказальныя, з імі не засумуеш. Таму і не дазваляю                сабе супакойвацца на дасягнутым, а пастаянна знаходжуся ў пошуку, – дзеліцца сакрэтамі прафесійнага майстэрства  настаўніца.

Ніна Смаршчок па праву ганарыцца сваімі вучнямі. У іх  поспехах ёсць пэўная заслуга і любімай настаўніцы.  Хіба гэта не дасягненне, не гонар, калі штогод  хтосьці з вучняў становіцца студэнтам медыцынскіх вышэйшых навучальных устаноў!

Сярод мноства грамат і ўзнагарод ганаровае месца ў паслужным спісе педагога займае заахвочвальная прэмія за ўнясенне  асаблівага ўкладу ў развіццё здольнасцей адораных навучэнцаў і студэнтаў, якая прысуджана Ніне Смаршчок рашэннем Савета  спецыяльнага  фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных  навучэнцаў і студэнтаў.

…Выхадныя заканчваюцца хутка.  І зноў раніца. І зноў спяшаецца да сваіх гімназістаў, да сваіх калег  педагог, выхавацель, добры дарадчык, шчырая і ветлівая жанчына – Ніна Смаршчок.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *