Дзяжурныя па сувязі. 7 мая – Дзень работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі

 

7 мая – Дзень работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі. Гэта прафесійнае свята адзначаюць і добрыя сябры «веснікаўцаў» – калектывы раённага вузла паштовай сувязі і вузла электрасувязі.

Раённы выканаўчы камітэт і раённы Савет дэпутатаў віншуюць з прафесійным святам – Днём работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі – калектывы і ветэранаў раённага вузла паштовай сувязі і Ляхавіцкага вузла электрасувязі.

Нашы надзейныя памочнікі, заўсёдныя партнёры – паштавікі. Дзякуючы ім па серадах і суботах спяшаецца да сваіх падпісчыкаў па адрасах у райцэнтры, аграгарадках, вёсках і «Ляхавіцкі веснік». 48 паштальёнаў за дзень накручваюць не па адным дзясятку кіламетраў, каб парадаваць землякоў добрымі навінамі – даставіць карэспандэнцыю (газеты, часопісы, паштоўкі і пісьмы), аформіць падпісныя абанементы, прынесці пенсіі.

Спяшаюцца людзі і ў аддзяленні паштовай сувязі, каб аплаціць камунальныя паслугі, атрымаць пасылку ці бандэроль, купіць спадарожныя тавары. У нашым раёне 21 аддзяленне паштовай сувязі, ёсць перасоўны аддзел паштовай сувязі, які абслугоўвае маланаселеныя вёскі, а таксама ўчастак па арганізацыі і дастаўцы пошты.
18 гадоў  у  прафесіі  начальнік аддзялення сувязі вёскі Ураджайная Рыта Сідор (на здымку).

З усімі шматлікімі клопатамі яна спраўляецца адказна – прафесіянал. Гэта могуць пацвердзіць не толькі калегі, але і жыхары Каранёў, Дайнякоў, Тамашоў, Бажкоў, Флер’янова, Кавалёў, Ураджайнай, якія добра ведаюць мясцовую паштальёнку. Дарэчы, да прафесійнага свята Рыта Рычардаўна ўзнагароджана Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў, а яе калега Аляксандр Міхайлаў, які працуе вадзіцелем участка па арганізацыі і дастаўцы пошты, – Падзячным пісьмом райвыканкама.
Галіна КАНЬКО.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *