Напоўнім нашы сэрцы дабрынёй

У фае райвыканкама 26 снежня разгарнуўся святочны кірмаш, які арганізавалі супрацоўнікі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН, цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, купалаўка, Дараўскі СДК, дзіцячы магазін «Аліса» і кааппрам, раённая арганізацыя Беларускага саюза жанчын.  Усе жадаючыя маглі выбраць падарунак для дзяцей-інвалідаў, рабят з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і тых, хто вымушаны знаходзіцца ў святочныя дні на лячэнні ў райбальніцы.
Аднымі з першых пачалі напаўняць «кошык дабрыні» старшыня райвыканкама Аляксандр Камінскі і старшыня райсавета дэпутатаў Леанід Калбаса. Кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, дэпутаты, старшыні сельвыканкамаў актыўна дабаўлялі туды цацкі, сувеніры, салодкія пачастункі.
– Дарыць радасць дзецям, каб яны паверылі ў цуд, – абавязак дарослых, – лічыць галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі Іна Зубік.
– Штогод я і мае калегі далучаемся да святочных віншаванняў. Сталі традыцыяй навагоднія і калядныя сустрэчы ў бібліятэцы з падапечнымі цэнтра дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН, – дзеліцца бібліятэкар купалаўкі Алена Чабатарэнка.
Сярод тых, хто напаўняў навагодні кошык, і дырэктар СШ № 1 Наталля Кулак:
– У акцыі «Нашы дзеці» ўдзельнічаем каторы год усім калектывам. Буду рада, калі мой падарунак спадабаецца якойсьці дзяўчынцы ці хлопчыку.
Дарэчы, на дабрачынным кірмашы карысталася попытам сувенірная прадукцыя рэабілітацыйна-працоўнай майстэрні і гурткоў аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў: эксклюзіўныя паштоўкі, вазы, лялькі, пано і г.д.
Спяшайцеся рабіць дабро, далучайцеся да акцыі «Нашы дзеці»!
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.