Школа – тэрыторыя здароўя. У Малагарадзішчанскай сярэдняй школе адкрылі раённы цэнтр нагляднай прафілактыкі

Малагарадзішчанская СШ дзевяць гадоў мае статус «Школа – тэрыторыя здароўя» з рэалізацыяй аднайменнага міжведамаснага інфармацыйнага праекта па фарміраванні здароўезберагальнага асяроддзя. 11 ліпеня ў дзейнасць установы адукацыі дабаўлена новая старонка – тут адкрыты раённы цэнтр нагляднай прафілактыкі. Сярод удзельнікаў урачыстай цырымоніі – прадстаўнікі аддзела па адукацыі райвыканкама,РАУС, райбальніцы, райЦГіЭ і іншыя госці. Сімвалічную чырвоную стужку перарэзалі начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Марыя Саракавік, дырэктар СПЦ Наталля Пішч і кіраўнік Малагарадзішчанскай СШ Анжэла Яварчук.
Першымі затэсцілі «навінку» мясцовыя навучэнцы і выхаванцы аздараўленчага лагера «Чайка».

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

– Пераканана, што цэнтр нагляднай прафілактыкі зможа адыграць важную ролю ў фарміраванні ў падлеткаў правільных адносін да свайго здароўя. Установы адукацыі раёна працуюць, перш за ўсё, на прафілактыку шкодных звычак. Сёння, на жаль, усё ж праяўляюцца адмоўныя моманты – булінг, камп’ютарная залежнасць, курэнне, фіксуюцца выпадкі ўжывання алкаголю непаўналетнімі. І наша задача – папярэдзіць і спыніць гэтыя факты напачатку. З гэтай мэтай і адкрываецца цэнтр з запрашэннем усіх зацікаўленых службаў. Важна абмеркаваць менавіта сёння, напярэдадні новага навучальнага года, як мы будзем працаваць з навучэнцамі. Для работы маюцца падрыхтаваныя кадры, адпаведная матэрыяльная і метадычная база, якая будзе пастаянна папаўняцца, – адзначыла начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Марыя Саракавік.
У школе пад цэнтр абсталяваны і аформлены спецыяльны кабінет з тэматычнымі стэндамі і іншым абсталяваннем, якое красамоўна адлюстроўвае жахлівыя наступствы курэння, ужывання наркотыкаў і псіхатропных рэчываў, алкаголю, а таксама карысць заняткаў фізкультурай і спортам. На цэнтральным месцы выраз-наказ «Галоўныя каштоўнасці ў жыцці – здароўе, свабода, любоў і шчасце. Мір з самім сабой. Не дазваляй наркотыкам пазбавіць сябе гэтага!». Сярод выхаваўчых «інструментаў» і зялёная аптэка з асартыментам збораў лекавых зёлак для дыялогу за кубачкам чаю.
На базе цэнтра для навучэнцаў школ раёна будуць праходзіць заняткі, задача якіх – паказаць усю прыгажосць здаровага ладу жыцця. Госці і старшакласнікі сталі ўдзельнікамі фрагмента занятку, на якім з дапамогай павучальнай сцэнкі і камп’ютарна-інфармацыйных тэхналогій прадэманстраваны ўплыў ужывання наркотыкаў на жыццё чалавека.
У Малагарадзішчанскай школе назапашаны вялікі вопыт работы па захаванні і ўмацаванні дзіцячага здароўя. Тут з 2016 года паспяхова функцыянуе раённы рэсурсны цэнтр «Школа – тэрыторыя здароўя». Летась рэсурсны цэнтр разам з шаснаццаццю школамі краіны ўключаны ў рэспубліканскі сумесны праект Міністэрства адукацыі і Міністэрства аховы здароўя «Школа – тэрыторыя здароўя». Педагогі ўстановы адукацыі прымалі ўдзел у шматлікіх семінарах, якія прайшлі на базе школ Віцебска, Гродзенскай і Гомельскай абласцей.
Дырэктар Малагарадзішчанскай СШ Анжэла Яварчук падкрэслівае, што ўрокі здароўя ў цэнтры нагляднай прафілактыкі будуць весці не толькі настаўнікі, але і медыкі, супрацоўнікі праваахоўных органаў і прадстаўнікі іншых службаў.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.