Начаўская стаўка. Будаўніцтва новай фермы, набыццё тэхнікі, якаснае правядзенне пасяўной – бліжэйшыя планы дзяржаўнага прадпрыемства

Галоўны бухгалтар Марыя Ксёнжык, яе маладая калега
Юлія Манько, галоўны эканаміст Марына Манько.

Нядаўна гартала кнігу «Памяць. Ляхавіцкі раён» і прачытала інфармацыю, датаваную 4 студзеня 1945 года: «З вызваленнем раёна адноўлены саўгас «Нача». Пры яго аднаўленні было толькі 3 кабылы, адна карова і 24 цялушкі-аднагодкі. Цяпер у саўгасе ёсць 40 коней, з іх 23 рабочыя, 60 галоў буйной рагатай жывёлы, 3 свінаматкі,
17 авечак, створана ферма вадаплаўных птушак, набыты аўтамабіль, поўнасцю адноўлена 5 трактароў…».
Сёння, праз 74 гады, ДП «Нача» сярод лепшых сельгаспрадпрыемстваў раёна. Кампактнае,
мабільнае, з развітай жывёлагадоўляй і важкім падмуркам – раслінаводствам – яно трывала і паслядоўна з сераднякоў перайшло ў адзін з флагманаў аграрнай галіны. Пра гэта красамоўна гавораць вытворча-эканамічныя паказчыкі, і за кожным з іх –добрасумленная праца ўсяго начаўскага калектыву.

Дырэктар Мікалай Тарлюк.

Новая тэхніка – шырокія магчымасці

Прадпрыемства канкрэтна ўзяло курс на абнаўленне. Гэта датычыцца ў тым ліку тэхнікі. Ужо сёлета машынна-трактарны парк істотна папоўніўся. Намеснік дырэктара Галіна Рамейка расказвае пра мабільны пагрузчык – незаменны агрэгат-памочнік, запатра-баваны на падвозцы кармоў, зерня, удабрэнняў, ён нарасхват ва ўсіх падраздзяленнях. Даверылі многафункцыя-нальную тэхніку маладому механізатару Алегу Кудзіновічу.
Сваё важкае пасяўное слова ўжо сказаў і ўніверсальны комплекс-сеял-ка нямецкай вытворчасці, на якім механізатар Іван Чушаль за кароткі тэрмін справіўся з сяўбой ранніх яравых.
З дня на дзень на палеткі выйдзе яшчэ адзін навічок – чырвона-шэры энерга-насычаны прыгажун «Кіравец К-701», набыты па лізінгу.
– Магутны агрэгат з ціхім, надзейным ходам. Да яго можна ладзіць любыя прычапныя. Першымі прымацуем дыскі для апрацоўкі глебы, – гаворыць механізатар Васілій Купрыш, які з сям’ёй пяць гадоў назад пераехаў з Украіны ў Беларусь – засталіся ў Начы.
А тым часам у мехмайстэрнях кіпіць работа: перабірае, тэсціруе свайго жалез-нага сябра механізатар з 40-гадовым стажам Уладзімір Зіневіч. Зіневічы – яшчэ адна начаўская дынастыя: Людмі-ла – бухгалтар, сын Дзмітрый вучыцца на аўтамеханіка.
Але вернемся да навінак. На падыходзе не проста трактар, а самы сапраўдны дыскапарк, яму пасуюць любыя прычапныя. Гэту цуда-тэхніку ДП набывае за ўласныя сродкі.
– Новая тэхніка – шырокія магчымасці, у прыватнасці, больш эфектыўная тэхналогія апрацоўкі глебы, эканомія энергарэсурсаў і высокая прадук-цыйнасць працы. Акрамя таго, сёлета ў нас удвая павялічыліся плошчы пад зерневыя і кукурузу. Так што дадатковыя машыны і агрэгаты не раскоша, а неабходнасць, – тлумачыць курс на тэхперааснашчэнне дырэктар «Начы» Мікалай Тарлюк. Ён – вопытны кіраўнік, стаіць ля руля сельгаспрадпрыемства з 2010 года. Слоў на вецер не кідае, пра што сведчаць справы. Медаль «За працоўныя заслугі», якою ўзнагароджаны, Мікалай Сямёнавіч лічыць стымулам для дасягненняў новых і яшчэ больш выніковых.

Механізатар Уладзімір Зіневіч.

Адна задача для трох фермаў

Па выніках мінулага года «Нача» трывала ўвайшла ў тройку лепшых у раёне па вытворчасці малака. Сёлета пастаўленая летась задача – дагнаць СВК «Ляхавіцкі» – па-ранейшаму на парадку дня, хаця яе вырашэнне ўскладнілася.
Яшчэ некалькі месяцаў назад усе малочныя дарогі ДП вялі выключна на МТФ «Цэнтр». Дарэчы, гэта падраз-дзяленне асаблівае і для раёнкі. Менаві-та калектыў «Цэнтра» стаў у мінулым годзе чарговым уладальнікам спецыяльнага прыза «Ляхавіцкага весніка». Загадчыца МТФ Людміла Чарапавіцкая, аператары машыннага даення Марына Вайцешык, Наталля Дараневіч, Людміла Бубен –
сярод лепшых працаўнікоў «Начы».
Цяпер у фермаўскім складзе папаўненне: далучыліся разам з работнікамі, тэхнікай, вытворчымі майстэрнямі МТФ «Каменка» ад агракаледжа і «Зубе-левічы» ад «Шляху новага».
А дойны статак сельгаспрадпрыемства павялічыўся амаль на 300 кароў і складае 930 рагуль (усяго тут утрымліваецца 2400 жывёл). Калі на «Цэнтры» ў сярэднім ад кожнай каровы ў дзень атрымліваюць 19,6 кілаграма малака, «Каменцы» – 20, 5 кілаграма, то на «Зубелевічах» – 11,6 кілаграма. Але гэта пакуль, бо тутэйшыя працаўнікі супраць цяжкасцяў ведаюць прыёмы.
– Назапашаная летась выдатная кармавая база – 32,4 цэнтнера адзінак якасных травяністых кармоў на адну ўмоўную галаву жывёлы, бясспрэчна, станоўча сказалася на рацыёне рагуль, сваіх і навасельцаў. Акрамя таго дакупляем камбікармы. На наступную зімоўку плануем яшчэ больш павялічыць запасы, – тлумачыць сітуацыю Мікалай Тарлюк.
Не аднымі кармамі плануецца палепшыць малочны паказчык. Ва ўсю каля старых памяшканняў МТФ «Зубелевічы» будуюцца новыя: напрыканцы года плануецца наваселле для 360 рагуль. Па лізінгу закупляецца сучаснае абсталяванне («паралель два па дваццаць») – камп’ютарызаваны даільна-малочны блок. Як і належыць у добрых гаспадароў, і старым будынкам знойдзецца прымяненне, свая будаўнічая брыгада іх адрамантуе.
– Разумеем, высокія надоі будуць пры належнай селекцыйнай рабоце. Таму задача для ветэрынарнай службы, якую ўзначальвае Галіна Базыльчык, і заатэхнічнай пад кіраўніцтвам Георгія Сяргейчыка – паляпшэнне генетыкі статка, – зазначае Галіна Рамейка.
Зазірнулі мы і на МТФ «Каменка», дзе працуюць восем чалавек. Тэрыторыя добраўпарадкавана, у памяшканнях чыста, а на перапрацоўку адсюль пастаўляюць малако выключна гатунку экстра.
– Галоўнае – працаваць сумленна і адказна, тады і вынік будзе належным, – сцвярджае аператар машыннага даення Ірына Супрыновіч.

Новую тэхніку даверылі Васілію Купрышу.
Аператар машыннага даення Ірына Супрыновіч.

З перспектывай

– 2019-ы год ДП «Нача» пачало з узбуйнення. Маштаб павялічыўся, адказнасць узрасла. Каб атрымаўся добры вынік, трэба ставіцца да справы па-гаспадарску. Усім і кожнаму, – гаворыць Мікалай Тарлюк.
Тут будуюцца, дояць, сеюць, лічаць – штодня па сялянскім раскладзе.

Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.