Сябе паказаць, лепшае пераняць

Апошнім часам яна набыла пастаянную прапіску ў прысталічным аграгарадку Шчамысліца, які ў выставачныя дні ўяўляў сабой надзвычай ажыўленае скрыжаванне – шляхоў, людскіх патокаў, інтарэсаў. Па спісе 29-ці краін-удзельніц рэальна было падцягнуць веды па геаграфіі, па прадстаўленых узорах тэхнікі – ад глыбокага рэтра да суперсучасных экзэмпляраў – можна адсачыць гісторыю аграмашынабудавання. А яшчэ сельскагаспадарчая жывёла і птушка, рыба, пачынаючы ад банальнага карпа і да даволі экзатычнага весланоса, які зацікавіў наведвальнікаў.

Ляхавіцкі раён на «Белагра-2019» быў прадстаўлены не надта шматліка, але досыць разнапланава і адметна. Напрыклад, не заўважыць галоўны сімвал выставы, ролю якога выконвалі трохмятровыя лялькі, было абсалютна немагчыма: яны знаходзіліся ў найбольш знакавых месцах выставачнага поля – «віталі» гасцей і ўдзельнікаў форуму. Многія спыняліся, каб сфатаграфавацца на фоне гэтага творчага праекта ААТ «Ляхавіцкі льнозавод». Шкада толькі, што на бачным месцы не было шыльды з назвай прадпрыемства, на якім іх зрабілі…

Вакол выставачнага «стэнда» ААТ «Жарабковічы» ці не заўсёдны глядацкі аншлаг. Глядзелі, зноў-такі фатаграфаваліся, цягнуліся, каб пагладзіць кучарашкі канюхоўскіх авечак-баранчыкаў. Загадчык Канюхоўскай авечкафермы Рыгор Зубік на сваёй выставачнай тэрыторыі ў якасці гіда і кансультанта.

– Падыходзяць, пытаюцца і нашы, і госці з Сярэдняй Азіі. Авечкі неперабор-лівыя ў кармленні, здольны справіцца з роляй своеасаблівай газонакасілкі. За год могуць набраць добрую вагу. Мы тут з «прэкасам», «асканійскай» і «мерыналаншаф», – паспявае паведаміць Рыгор Іванавіч да таго, як да яго звяртаецца чарговы наведвальнік.

На «Белагра-2019» прысутнічалі яшчэ дзве паўнапраўныя ляхавіцкія лакацыі. Брэсцкі аблаграсэрвіс выстаўляў навясную дыскавую касілку КНД-3,9 зборкі Ляхавіцкага райаграсэрвіса. Спецыялісты падыходзілі, цікавіліся тэхнічнымі характарыстыкамі, задавалі пытанні пра цану, наколькі надзейна ў пракосе, ці няма праблем з запаснымі часткамі і іншае.

ТАА «Фермент», якое трымае ў нашым Флер’янове свой вытворчы цэх, з’яўляецца пастаянным удзельнікам «Белагра». Іх прэміксы, кармавыя дабаўкі і іншая падобная прадукцыя даўно вядомыя на рынку Беларусі і краін замежжа.

Некаторыя экспанаты, між іншым, з выставачнага поля адправіліся на сельскагаспадарчыя палеткі.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота аўтара.