Сустрэча з Бахам… у Мядзведзічах Ляхавіцкага раёна

Мінулыя выхадныя для тутэйшых жыхароў выдаліся багатымі на падзеі і ўражанні. У суботу свята вёскі запрасіла на сустрэчу старых сяброў: успомніць былыя гады, паўдзельнічаць у конкурсах, павесяліцца. А ў нядзелю Мядзведзіцкі касцёл Святых Пятра і Паўла літаральна «спяваў». Тут прайшоў канцэрт духоўнай музыкі.

Пасля богаслужэння, якое правёў Біскуп Пінскай дыяцэзіі Антоній Дзям’янка, на «голасе» і «душы» касцёла – аргане – іграла член савета па справах літургіі і музыкі Пінскай епархіі рымска-каталіцкай царквы Вікторыя Куцько. Дапамагала ёй скрыпачка Ганна Пунько. Першы твор прагучаў «у выкананні» мядзведзіцкага аргана. Астатнія Вікторыя іграла на электраінструменце.

Мастацтва аб’ядноўвае. Гэта яшчэ раз даказаў канцэрт духоўнай музыкі. У касцёле Святых Пятра і Паўла сабраліся прадстаўнікі розных канфесій. Раўнадушных у гэты дзень не было: людзі з зачараваннем слухалі творы Баха, Вівальдзі, Клерамбо.

Дарэчы, мядзведзіцкі арган – інструмент для Ляхавіччыны ўнікальны. Адзін такі ў раёне, ён не без дапамогі мясцовых жыхароў перажыў Вялікую Айчынную вайну.

Да нядаўняга часу пачуць арганную музыку ў касцёле можна было кожную нядзелю. Цяпер, на жаль, з-за адсутнасці выканаўцы інструмент маўчыць. А вось у нядзелю атрымаць асалоду ад гучання «караля інструментаў» прыехалі жыхары з усяго раёна.

Ляхавічанка Лізавета Коршун не магла стрымаць эмоцый пасля канцэрта: – Вельмі спадабалася! Гэта нешта неверагоднае. Калі слухаеш, забываешся пра спешку, клопаты, справы. Здаецца, усё астатняе застаецца недзе далёка. Толькі ты і гэтае чароўнае
гучанне…

Пачуць аднойчы арган – атрымаць уражанне на ўсё жыццё. Гэта штосьці незямное. І яно побач з намі.

 Першы раз прыехала з канцэртам у Мядзведзічы, і мне тут вельмі спадабалася. Спадзяюся, што падобныя музычныя канцэрты будуць праходзіць часцей», – гаворыць арганістка Вікторыя Куцько.

Як адзначыла намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч, у планах арганізаваць у Мядзведзічах міжнародны фестываль арганнай музыкі, зрабіць яго штогадовым.

Больш фота ТУТ.

Ірына КУЗЬМІЧ, фота аўтара.