Рэкламны ход. Стыльныя дошкі аб’яў з’явіліся ў Ляхавічах

Дошка з аб’явамі павінна быць яркай і стыльнай, падумалі супрацоўнікі ЖКГ і вырашылі «зламаць» звычайнае ўяўленне пра гэты неад’емны атрыбут гарадскога дызайну. Наколькі атрымалася – можаце пераканацца самі.
Такі бясплатны рэсурс для маркетынгу ў новым фармаце з’явіўся каля аўтобусных прыпынкаў «Бальніца» і «РАПТ». А першыя «рэкламадаўцы» паспелі ўжо заняць месца на каляровай дошцы аб’яў. Ідэя, распрацоўка, выкананне, увогуле крэатыўны падыход да, здаецца, звычайных рэчаў поўнасцю належаць камунальнікам. Хутка і ў цэнтры горада замест ранейшых непрэзентабельных дошак з’явяцца новыя.
Хочацца спадзявацца, што гэтыя зручнасці не напаткае лёс пластыкавых выяў маленькіх пешаходаў, што прыцягваюць увагу вадзіцеляў на «зебрах». А яшчэ хуліганаў, якія каторы ўжо раз шкодзяць элементы дарожнай бяспекі. Такая адсылка да сумлення.
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.