Беларускае золата, імя якому – хлеб

Па выніках спаборніцтваў, дзе ўлічваецца выніковасць работы, сабраны ўраджай і развіццё сацыяльнай сферы, аднаасобным пераможцам другі год запар стала Брэсцкая вобласць, перш за ўсё за кошт эфектыўнай эканомікі сельскай гаспадаркі. На галоўнай сцэне «Дажынак-2013» Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка ўручыў узнагароду кіраўніку Брэстчыны Канстанціну Сумару.

Аграрная галіна, якая паспяхова развіваецца, з’яўляецца гарантам харчовай бяспекі краіны і важнейшым артыкулам беларускага экспарту. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 28 верасня на рэспубліканскім фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2013».

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што па добрай традыцыі гэта свята падводзіць вынікі ўборкі збожжа: «Сямнаццаць гадоў таму, адраджаючы «Дажынкі», мы пастараліся не толькі захаваць старадаўнія звычаі, але і надаць ім новае дыханне. Сёння галоўнай падзеяй фестывалю-кірмашу становіцца ўшанаванне герояў жніва, якія сваімі мазолістымі рукамі, майстэрствам і самаадданай працай здабываюць беларускае золата, імя якому – хлеб».
Паводле яго слоў, сучасныя «Дажынкі» – гэта не толькі свята, але і важны сацыяльны праект. Ён садзейнічае павышэнню прэстыжу працы на зямлі, прыцягненню ўвагі моладзі да сельскагаспадарчых прафесій. Пераможцы гэтай уборачнай кампаніі – сапраўдныя героі нашага часу: паспяховыя людзі, якія адбыліся, служаць прыкладам падрастаючаму пакаленню, лічыць Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што кожны год цэнтрам святкавання становіцца адзін з беларускіх гарадоў, якому ўся краіна дапамагае пераўтварыцца да ўрачыстасці і вырашыць многія жыццёва важныя пытанні. Жлобін – сёлетняя сталіца «Дажынак» – за кароткі тэрмін набыў другую маладосць. У ім пабудавана і рэканструявана больш як трыста аб’ектаў, абноўлены дамы і вуліцы, электрыфікавана чыгунка, якая звязвае горад з Мінскам.
Прэзідэнт пахваліў жыхароў Жлобіна за тое, што яны змаглі так хутка падрыхтавацца да рэспубліканскага свята. Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што ўсё зробленае застанецца жыхарам Жлобіна як падарунак гасцінным гаспадарам фестывалю.
Аляксандр Лукашэнка адказаў скептыкам, якія звяртаюць увагу на недахопы, маўляў, не ўсё паспелі да свята зрабіць: «Дык ёсць над чым працаваць. Бо мясцовыя кіраўнікі не ставілі за мэту пабудаваць новы горад. Мы хацелі прывесці ў парадак тое, што ёсць, і паказаць, як павінна быць. Таму ўсе павінны пасля гэтага напружыцца і з дапамогай вобласці, рэспубліканскай улады паціху дайсці да ўскраін і зрабіць горад самым квітнеючым. Такая мэта павінна быць у кожнага».
«Тое, што мы бачым сёння ў фестывальнай сталіцы, служыць пацвярджэннем бясспрэчнай ісціны, якая ляжыць у аснове нашай палітыкі: будзем лепш працаваць – будзем лепш жыць, – адзначыў Аляксандр Лукашэнка. – Сучасная аграрная галіна, якая паспяхова і дынамічна развіваецца, з’яўляецца гарантам харчовай бяспекі краіны і важнейшым артыкулам беларускага экспарту».
Паводле слоў Прэзідэнта, ад стану спраў у сельскай гаспадарцы ў многім залежыць устойлівае развіццё эканомікі, а значыць – незалежнасць дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу на тым, што за апошнія дваццаць гадоў краіна прайшла шлях ад пустых прылаўкаў і харчовых талонаў да прадуктовага багацця, экспарту сельскагаспадарчай прадукцыі на $5 млрд. У суверэннай Беларусі, як ні ў адной краіне СНД, створана надзейная база аграпрамысловага комплексу, працуюць магутныя трактарны і аўтамабільны заводы, прадпрыемствы сельскагаспадарчага машынабудавання і па вытворчасці ўгнаенняў, якія не толькі забяспечваюць патрэбнасці беларускіх аграрыяў, але і актыўна прасоўваюць прадукцыю на знешні рынак.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, дзякуючы сістэмнай дзяржаўнай палітыцы па адраджэнні і развіцці вёскі ў краіне не дапусцілі сур’ёзных памылак на шляху станаўлення аграрнай галіны і захавалі галоўны залог яе прагрэсіўнага развіцця – буйнатаварную вытворчасць. Прадумана ўклалі грошы ў мадэрнізацыю матэрыяльнай базы сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і паляпшэнне сацыяльнай сферы вёскі, здолелі захаваць і падтрымаць працавітае беларускае сялянства, прыцягнуць у вёску высокакваліфікаваных спецыялістаў і стварыць умовы для замацавання там моладзі ў будучым. Адышло ў мінулае само паняцце «бітва за ўраджай». Галоўныя сельскагаспадарчыя кампаніі – сяўба і жніво – праходзяць без аўралаў, у нармальным планавым рэжыме.
Высокатэхналагічныя вытворчыя аб’екты складаюць аснову айчыннай жывёлагадоўлі. З 2005 года пабудавана каля 500 малочнатаварных комплексаў і фермаў, амаль 2 тыс. прайшлі карэнную рэканструкцыю.
Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, дасягненні аграрнай галіны відавочныя. На працягу шэрагу гадоў у разліку на душу насельніцтва асноўных відаў сельскагаспадарчай прадукцыі Беларусь займае першае месца сярод краін СНД, а па збожжы ідзе на адным узроўні з вядомымі ўсесаюзнымі жытніцамі Украінай і Казахстанам. Па вытворчасці мяса Беларусь зраўнавалася з Германіяй, а па малаку прыкладна ў два разы абганяе развітыя ў аграрных адносінах еўрапейскія краіны. Параўнальна невялікая Беларусь уваходзіць у пяцёрку сусветных лідараў па экспарце малакапрадуктаў.
Адзначаючы дасягненні беларускіх аграрыяў, Кіраўнік дзяржавы разам з тым адзначыў, што сучасныя рэаліі патрабуюць яшчэ больш высокіх вынікаў. «Было б няправільна, калі б я не сказаў: тое, чаго дасягнулі, – заўтра мала. Галоўная праблема, з якой трэба сёння пазмагацца і заўтра перамагчы яе, – гэта затраты ў сельгасвытворчасці. Калі ў бліжэйшыя два гады мы на чвэрць не зменшым затраты, то будзем мець сумны выгляд», – адзначыў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, збожжавай гаспадарцы ў Беларусі традыцыйна ўдзяляецца вялікая ўвага. Практыка мінулага года паказала, што пры спрыяльных умовах надвор’я сельскагаспадарчым арганізацыям пад сілу збіраць ураджаі на ўзроўні 10 млн.т. «Была пастаўлена задача – замацавацца на гэтым узроўні. Мінулыя гады мы маглі гэта зрабіць. Цяпер – не атрымалася. Ва ўсіх абласцях ураджайнасць каласавых культур у гэтым годзе знізілася, і таму чакаецца валавы збор збожжа (з улікам кукурузы) каля 9 млн.т», – сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што не трэба спасылацца толькі на зацяжную зіму, познюю сяўбу і іншыя капрызы прыроды. Паколькі зменлівасць і непрадказальнасць умоў надвор’я – гэта норма работы сельскай гаспадаркі ў Беларусі, і да яе трэба быць гатовымі.
Кіраўнік дзяржавы лічыць, што ў сельскагаспадарчай вытворчасці неабходна сфарміраваць занальную спецыялізацыю і ўкараніць адаптыўныя тэхналагічныя працэсы, здольныя рэалізаваць патэнцыял раслін як у дождж, так і ў засуху. Прыклады паспяховага процістаяння любым неспрыяльным умовам надвор’я ў краіне ёсць. Так, у гэты, не самы просты для хлебаробаў, год 120 гаспадарак краіны намалацілі 50 і больш цэнтнераў з гектара, 44 гаспадаркі – больш як 60 цэнтнераў.
Прэзідэнт таксама выказаў меркаванне, што акрамя фактараў надвор’я на вытворчасць збожжа ўплываюць хібы арганізацыйнага і тэхналагічнага плана.
Па выніках спаборніцтваў, дзе ўлічваецца выніковасць работы, сабраны ўраджай і развіццё сацыяльнай сферы, аднаасобным пераможцам другі год запар стала Брэсцкая вобласць, перш за ўсё за кошт эфектыўнай эканомікі сельскай гаспадаркі. Прэзідэнт адзначыў вынікі ўборкі збожжавых і ў іншых рэгіёнах. Як і ў папярэднія гады, усе вобласці перавысілі мільённы намалот збожжа (з улікам кукурузы). Звяртаючыся да кіраўнікоў усіх абласцей, Прэзідэнт заўважыў, што вынікі на хлебнай ніве могуць і павінны быць больш важкімі і 10 млн.т збожжа ў год – гэта цалкам рэальны дасягальны рубеж.

«Дажынкі» – гэта не толькі час падвядзення вынікаў мінулага жніва, але і нагода пагаварыць аб будучым ураджаі і аб заўтрашнім дні нашай аграрнай галіны ў цэлым, – адзначыў Прэзідэнт. – Строячы планы на наступны год, усім нам важна ўлічыць рэаліі, якія складваюцца з удзелам Беларусі ў Адзінай эканамічнай прасторы, і тэндэнцыі сусветнага рынку, у тым ліку ўступленне Расійскай Федэрацыі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю».
«Сфарміраваныя на этапе адраджэння беларускай вёскі механізмы гаспадарання, якія забяспечылі рост валавой прадукцыі АПК, сёння патрабуюць істотнай карэкціроўкі. Важна не толькі атрымаць, але і выгадна прадаць плён сваёй працы, умацаваўшы тым самым эканоміку сельскагаспадарчых арганізацый. Мы нядрэнна навучыліся працаваць, цяпер трэба навучыцца прадаваць сваю прадукцыю і па добрай цане», – лічыць Кіраўнік дзяржавы.
Ён адзначыў, што штогод дзяржава ўкладвае ў аграрны сектар амаль $2 млрд. Паводле яго слоў, у бліжэйшай перспектыве такая падтрымка будзе выдзяляцца адрасна, толькі на мэтавыя праграмы развіцця галін АПК і буйныя інвестыцыйныя праекты, якія дадуць хуткую аддачу.
«Сёння важнейшая задача для аграрыяў – навучыцца працаваць на прынцыпах самафінансавання і атрымліваць прыбытак, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. – Неабходна паўсюдна на інавацыйнай тэхніка-тэхналагічнай аснове павысіць эфектыўнасць выкарыстання прыродных, матэрыяльных і працоўных рэсурсаў. Прадоўжыць аптымізацыю аграрнай вытворчасці ў напрамку стварэння буйных холдынгаў і прадуктовых кампаній. Гэта павінна стаць азбукай для ўсіх кіраўнікоў аграрнай сферы». Савету Міністраў да канца года даручана прапрацаваць адпаведныя аспекты.
Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што ў фестывалю-кірмашу «Дажынкі» ёсць будучыня, аднак прапанаваў падумаць над тым, як праводзіць яго яшчэ больш эфектыўна, у новым фармаце, больш шырока адзначаць гэта свята ў рэгіёнах.
Аляксандр Лукашэнка па традыцыі ўзнагародзіў пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва па ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур, якія занялі ў 2013 годзе першыя месцы. У якасці ўзнагароды перадавікі атрымалі легкавыя аўтамабілі і грашовыя прэміі.
Для ўдзельнікаў і гасцей фестывалю-кірмашу была арганізавана шырокая культурна-забаўляльная праграма, цэнтральнай падзеяй якой стаў канцэрт майстроў мастацтваў «Гомельшчына фестывальная – працаўнікам вёскі Рэспублікі Беларусь».
У святочным Жлобіне Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у адкрыцці руху пасажырскіх электрапаяздоў на электрыфікаваным участку дарогі Асіповічы-Жлобін.
Аляксандр Лукашэнка таксама азнаёміўся з добраўпарадкаваннем і сацыяльна-эканамічным развіццём Жлобіна і Жлобінскага раёна, наведаў узведзеныя ў горадзе новыя аб’екты. Ён даў высокую ацэнку праведзенай рабоце і падкрэсліў, што цяпер галоўнае ўсё гэта захаваць і максімальна эфектыўна выкарыстоўваць на карысць людзей.
Прэзідэнт таксама адказаў на пытанні журналістаў.
Па інфармацыі БЕЛТА.

Фота БЕЛТА.

Адна з узнагарод «Дажынак-2013» атрымала ляхавіцкую прапіску. Калектыў КЗС СВК «Шлях новы» ў складзе Віктара Вардугіна, Мікалая Правалава і Васілія Судніка стаў у рэспубліканскім спаборніцтве другім у сваёй намінацыі. У Жлобіне хлебаробаў прадстаўляў Васілій Суднік.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *