Рыцары татамі ў Ляхавічах

Акрамя асноўнага – прадстаўнік ваенна-землеўладальніцкага саслоўя ў сярэдневяковай Еўропе, – слова мае і глыбокае пераноснае значэнне. Самаадданы, велікадушны чалавек, які шчыра служыць чаму-небудзь, таксама мае права рыцарам звацца. Спорту без самааддачы не бывае. Сказанае асабліва характэрна для адзінаборстваў: жорсткага боксу, усіх відаў барацьбы.

Адкрыты Кубак горада Ляхавічы па дзюдо сярод юнакоў і дзяўчат, якім ад 17 і менш гадоў, “прыехаў” у наш горад дзявяты ўжо раз. І трывалае асабістае ўражанне, што ўсё разгортваецца нібы па спіралі, калі кожны новы старт праходзіць на новым больш высокім яе вітку. Гэта тычыцца колькасці і складу ўдзельнікаў турніру, прадстаўніцтва федэрацыі, геаграфіі школ, іншае. Міжнародны статус сёлетняга, што прайшоў у Ляхавіцкай ДЮСШ з 14 па 17 лістапада, Кубка падтрымалі дзюдаісты дзвюх сталічных абласцей Расійскай Федэрацыі – Маскоўскай і Ленінградскай. Усяго ж на ляхавіцкае татамі выходзілі 512 яго рыцараў. Кожны з паядынкаў “трапляў” пад відэазапіс з дэманстрацыяй у рэжыме рэальнага часу на судзейскія маніторы. У спрэчных выпадках рэферы маглі “адматаць” любую схватку, прыгледзецца і яшчэ раз ацаніць дзеянні дзюдаістаў. Раней падобнага бачыць не даводзілася.

Што да вынікаў, то абмяжуемся мясцовымі дзюдаістамі: у калекцыі гаспадароў турніру адна перамога – Кацярыны Рабцэвіч, адно другое месца – Кацярыны Мацулевіч і два трэція – Алесі Барысевіч і Аляксея Касянкова. Плюс адзін з ляхавічан стаў пятым у сваёй вагавай катэгорыі, яшчэ трое размясціліся на сёмым радку выніковага пратакола.

Арганізаваны райвыканкамам адкрыты Кубак горада Ляхавічы з’яўляецца асабістым спаборніцтвам, складанне каманднага ранжыру рэгламентам не прадугледжана. Хіба толькі неафіцыйна, дастаткова прыблізна і з мэтай, напрыклад, атрымаць нейкае ўяўленне пра папулярнасць, ступень развіцця віду ў тым або іншым рэгіёне краіны. Як паведаміў галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Георгій Барысевіч, нямала высокіх месцаў у дзюдаістаў з Оршы, Полацка, Гродзенскай вобласці, некаторых іншых гарадоў і рэгіёнаў.

Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *