Подзвіг, які будуць памятаць многія пакаленні

Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў у Ляхавічах

БЕЛТА

Мінула 25 гадоў з таго дня, як апошняя ваенная калона прайшла па мосце цераз раку Амудар’ю, завяршаючы вывад савецкіх войскаў з Афганістана. 15 лютага 1989 года скончыўся вывад ваеннаслужачых Абмежаванага кантынгенту савецкіх войскаў (АКСВ) з Афганістана. Завяршылася афганская вайна, якая прадаўжалася з 25 снежня 1979 года па 15 лютага 1989 года.

Гэта вайна была першай буйной антытэрарыстычнай вайной навейшай гісторыі. Яна наглядна прадэманстравала высокія маральна-баявыя якасці савецкіх воінаў. 76 савецкіх ваеннаслужачых былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза, 103 узнагароджаны ордэнам Леніна, амаль 2 тыс. — ордэнам Чырвонага Сцяга, больш як 52 тыс. — ордэнам Чырвонай зоркі.

Ісламская Рэспубліка Афганістан знаходзіцца на Сярэднім Усходзе, у паўночна-заходняй частцы Цэнтральнай Азіі. Афганістан — горная краіна, ісламская дзяржава. Першая цэнтралізаваная дзяржава на тэрыторыі сучаснага Афганістана была створана ў 1747 годзе палкаводцам іранскай арміі пуштуном Ахмад-ханам. Далейшае развіццё падзей адбывалася на фоне разгорнутай у XIX стагоддзі барацьбы Англіі і Францыі за ўплыў у зоне Персідскага заліва, руху Расіі на поўдзень, захопу сікхамі Панджаба і Сінда. У 1919 годзе ў выніку перавароту да ўлады ў Кабуле прыйшоў эмір Аманула-хан, які аб’яднаў канфліктуючыя групоўкі і ўзяў курс на сацыяльна-палітычныя і эканамічныя рэформы, каб ліквідаваць феадалізм.

З 1923 па 1973 гады Афганістан з’яўляўся канстытуцыйнай манархіяй. 17 ліпеня 1973 года ў выніку перавароту, які ўзначальваў Мухамед Дауд, быў звергнуты кароль Махамад Захір Шах і абвешчана Рэспубліка Афганістан. У красавіку 1978 года, пасля так званай «красавіцкай рэвалюцыі», да ўлады прыйшла Народна-дэмакратычная партыя Афганістана (НДПА). Краіна была абвешчана Дэмакратычнай Рэспублікай Афганістан (ДРА). Вышэйшым органам улады стаў Рэвалюцыйны савет, які ўзначаліў Нур Мухамед Таракі. Дзеючая на той момант Канстытуцыя ад 14 лютага 1977 года была адменена. 16 верасня 1979 года Таракі быў забіты паўстанцамі на чале з Хафізулой Амінам, які аб’явіў сябе кіраўніком дзяржавы.

25 снежня 1979 года па дамоўленасці з кіраўніцтвам краіны і з мэтай аказання падтрымкі ўраду НДПА ў Афганістан былі ўведзены савецкія войскі.

У Афганістане прайшлі выпрабаванне на трываласць тысячы воінаў. Кожны, хто туды адпраўляўся, ведаў, што выконвае загад Радзімы. Доблесць нашы воіны праяўлялі паўсюдна. Кабул і Баграм, Пандшэр і Хост, Кандагар і Гардзез, Джэлалабад і Асадабад, Баракі і Газні сталі ратным полем праяўлення мужнасці і гераізму савецкіх воінаў. Афіцэры і камандаванне АКСВ рабілі ўсё магчымае, каб скараціць страты байцоў. Маладых і неабстраляных бераглі, лішні раз не пасылалі ў пекла. Гінулі часцей больш вопытныя, яны часцей хадзілі або ляталі на заданні, і магчымасць сустрэчы са смерцю для іх ўзрастала.

У сакавіку 1980 года адбылася першая буйная наступальная аперацыя падраздзяленняў АКСВ супраць маджахедаў — Кунарскае наступленне і першая вайсковая аперацыя ў Панджшэры. Пачаліся актыўныя баявыя дзеянні з прымяненнем артылерыі і авіяцыі.

У ходзе Кунарскай аперацыі загінулі 35 дэсантнікаў і столькі ж атрымалі раненні. У гэтай аперацыі загінулі дэсантнікі Аляксандр Міроненка і беларус Мікалай Чэпік, якім пасмяротна было прысвоена званне Герояў Савецкага Саюза.

Буйнымі аперацыямі, якія правялі савецкія ваеннаслужачыя ў ДРА, былі Панджшэрская, Гардзезская, Гільмендская, Кундузская, Файзабадская, Джэлалабадская і Гайнійская.

У Афганістане савецкім ваеннаслужачым давялося ваяваць з наёмнікамі ўсіх масцей. За ўвесь перыяд вайны праз Афганістан прайшлі 620 тыс. ваеннаслужачых АКСВ. У вайне прынялі ўдзел больш як 30 тыс. ураджэнцаў Беларусі, з якіх каля 800 не вярнуліся дадому.

Афганская вайна ўвайшла ў гісторыю як трагедыя XX стагоддзя, якая забрала тысячы жыццяў маладых хлопцаў. У Рэспубліцы Беларусь прызнанне подзвігу воінаў-інтэрнацыяналістаў застаецца нязменным. У 2002 годзе Мінскім гарвыканкамам быў зарэгістраваны дабрачынны фонд дапамогі воінам-афганцам «Памяць Афгана». Кіруе фондам Аляксандр Міхайлавіч Мятла, які сам ваяваў у дэсантна-штурмавых войсках.

У цэнтры Мінска, у лукавіне ракі Свіслач, узведзены мемарыял на «Востраве слёз» у памяць аб загінуўшых пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку ў Афганістане. Будаўніцтва мемарыяла стала магчымым дзякуючы актыўнаму садзейнічанню Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі.

Манументы і помнікі воінам-інтэрнацыяналістам устаноўлены ў многіх гарадах і пасёлках Беларусі.

У Рэспубліцы Беларусь Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 15 лютага ўстаноўлены Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. У сувязі з будучай гадавінай Аляксандр Лукашэнка заснаваў юбілейны медаль «У памяць 25-годдзя заканчэння баявых дзеянняў у Афганістане». У адпаведнасці з указам медалём будуць узнагароджвацца грамадзяне Беларусі, якія выконвалі воінскі і службовы абавязак у Афганістане.

Вопыт воінаў-інтэрнацыяналістаў у нашы дні актыўна выкарыстоўваецца пры падрыхтоўцы Узброеных Сіл Беларусі, што асабліва адзначыў міністр абароны Беларусі Юрый Жадобін на ўрачыстым сходзе ў гонар 25-годдзя вываду савецкіх войскаў з Афганістана. Паводле яго слоў, вайна ў Афганістане дала савецкім войскам фактычна першы ў свеце вопыт падрыхтоўкі і вядзення аперацый і баёў супраць ірэгулярных фарміраванняў ва ўмовах горна-пустыннай мясцовасці такога значнага маштабу. Менавіта савецкія воіны-інтэрнацыяналісты першымі ў свеце кінулі выклік міжнароднаму тэрарызму і назаўсёды засталіся адданымі Ваеннай прысязе.

Ва Узброеных Сілах Беларусі сёння дастойна прадаўжаюць службу воіны-інтэрнацыяналісты, у тым ліку на стратэгічна важных пасадах. Яны актыўна ўдзельнічаюць у патрыятычным выхаванні грамадзян Беларусі, падрыхтоўцы моладзі да службы ў арміі.

Цяпер у Беларусі пражываюць каля 27 тыс. воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія прымалі ўдзел у баявых дзеяннях на тэрыторыі Афганістана.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *