Дадому з трыумфам

Героі Алімпіяды з’яўляюцца гордасцю і здабыткам беларускага народа. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі ўшаноўвання герояў ХХІІ зімовых Алімпійскіх гульняў у Сочы.

«Гарачыя. Зімовыя. Твае». Гарачыя. Зімовыя. Нашы! Трыумф Беларусі на ХХІІ Алімпійскіх гульнях у Сочы гучны, бясспрэчны, заслужаны. І не выпадковы. Мы гэта дакладна ведаем.

24 лютага самалёт з беларускімі алімпійцамі, трыумфатарамі XXII зімовых Алімпійскіх гульняў у Сочы, прызямліўся ў Нацыянальным аэрапорце Мінск.

Спецрэйсам на прэзідэнцкім самалёце ў Беларусь прыляцелі Герой Беларусі Дар’я Домрачава, якая заваявала ў Сочы-2014 тры залатыя алімпійскія медалі ў біятлоне; алімпійскія чэмпіёны ў фрыстайле Ала Цупер і Антон Кушнір; уладальніца бронзавай узнагароды ў біятлоне Надзея Скардзіна.

Спартсменаў у аэрапорце сустрэлі прадстаўнікі дзяржаўнай улады. На лётным полі рота ганаровай варты і ваенны аркестр, была выслана чырвоная дарожка. Такі прыём аказваюць, як правіла, толькі кіраўнікам іншых дзяржаў. Сустрэць сваіх куміраў у аэрапорт прыехалі балельшчыкі з усёй Беларусі.

З аэрапорта спартсмены накіраваліся на плошчу Перамогі, дзе ўсклалі кветкі да манумента.

Да прыезду пераможцаў Мінск змяніў выгляд: сталіца ўпрыгожана сцягамі, білбордамі з фатаграфіямі чэмпіёнаў і г.д.

У Сочы беларуская спартыўная дэлегацыя была адной з самых малаколькасных за ўвесь час удзелу ў Алімпіядах – усяго 26 спартсменаў выходзілі на алімпійскія арэны. Аднак на гэты раз беларусы ўзялі не колькасцю, а ўменнем.

Спартсмены зборнай Беларусі занялі 8-е месца ў неафіцыйным камандным заліку ХХII зімовых Алімпійскіх гульняў. Заваяваўшы 5 залатых медалёў, беларускія алімпійцы ўстанавілі новы рэкорд па колькасці ўзнагарод вышэйшай пробы за ўсю суверэнную гісторыю, пераўзышоўшы на адно золата дасягненне летняга Пекіна-2008.

Усяго ў спаборніцтвах ХХІІ зімовых Алімпійскіх гульняў прынялі ўдзел 2800 спартсменаў з 88 краін, якія разыгралі 98 камплектаў узнагарод у 15 дысцыплінах.

Для беларускіх спартсменаў сочынскія Алімпійскія гульні сталі адзінаццатымі ў суверэннай гісторыі (5 летніх і 6 зімовых). На пяці папярэдніх зімовых Алімпіядах у актыве беларусаў было 9 узнагарод (1 залатая і па 4 сярэбраныя і бронзавыя).

Героі Алімпіяды з’яўляюцца гордасцю і здабыткам беларускага народа. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі ўшаноўвання герояў XXII зімовых Алімпійскіх гульняў у Сочы, якая адбылася 25 лютага ў Палацы Незалежнасці.

Прэзідэнт падкрэсліў, што пераможцы і прызёры XXII зімовых Алімпійскіх гульняў прынеслі нашай краіне сусветную вядомасць. «За іх выступленнямі, затаіўшы дыханне, сачылі мільёны людзей, мільёны суайчыннікаў. Гэта былі незабыўныя мінуты патрыятычнага ўздыму і яднання нацыі. Героі Алімпіяды з’яўляюцца гордасцю і здабыткам любога народа, у тым ліку і нашага», – сказаў Прэзідэнт.

«Медалі, пяць з якіх вышэйшай пробы, – гэта выдатны спартыўны поспех. Такога не ведала гісторыя суверэннай Беларусі», – падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. У медальным заліку наша краіна заняла пачэснае месца ў дзясятцы лепшых краін, апярэдзіўшы многіх традыцыйных фаварытаў. «І гэта прымусіла ўвесь свет гаварыць аб Беларусі, унесла вялікі ўклад ва ўмацаванне яе аўтарытэту і прэстыжу як спартыўнай дзяржавы», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што Беларусь доўгія гады ішла да гэтага поспеху, зрабіўшы стаўку на спорт як на адзін з прыярытэтаў сацыяльнага развіцця, важнейшую крыніцу фізічнага і духоўнага здароўя нацыі.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў трохразовай алімпійскай чэмпіёнцы беларускай біятланістцы Дар’і Домрачавай Зорку Героя Беларусі.

«Ніякія словы не могуць перадаць тыя пачуцці, якія перапаўнялі нас у час выступленняў Дар’і Домрачавай. Сіла, скорасць, вытрымка, мужнасць, меткасць, майстэрства зліліся ў трыумф вялікай спартсменкі. Трыумф, якога не ведала дагэтуль планета», – сказаў беларускі лідар.

«Заваяваўшы тры залатыя медалі на адной Алімпіядзе, ты, Даша, стала легендай сусветнага спорту. І твой спартыўны і грамадзянскі подзвіг удастоены самага высокага звання Героя Беларусі. А ў нас іх зусім ня-многа», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі ўзнагародзіў алімпійскіх чэмпіёнаў Антона Кушніра, Алу Цупер і бронзавага прызёра Гульняў у Сочы Надзею Скардзіна ордэнамі Айчыны ІІІ ступені.

Прэзідэнт краіны адзначыў уклад трэнерскага саставу і іншых спецыялістаў у заваяванні алімпійскіх медалёў і ўручыў ім заслужаныя ўзнагароды. Аляксандр Лукашэнка падзякаваў усім, хто ўнёс свой уклад у спартыўны поспех Беларусі.

Дзяржаўны флаг Беларусі, які пабываў на Гульнях, перададзены ў музей Алімпійскай славы.

Па матэрыялах БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *