Моцныя духам.11 красавіка – Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў

Загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму ТЦСАН Таісія Макарэвіч цікавіцца жыццём-быццём былога вязня Аляксандра Голубева.

Помні імя сваё… Слухала ўспаміны былых вязняў фашысцкіх канцлагераў і міжволі прыгадаўся шчымлівы сюжэт аднайменнага кінафільма.

Калі прыйшлі фашысты, Сашу Голубеву, які родам з-пад Смаленска, толькі споўнілася 10 гадоў. Ён жыў з маці і дзвюма маленькімі сястрычкамі. Бацька ваяваў на фронце, наказаўшы яму як старэйшаму мужчыну ў сям’і клапаціцца і берагчы сваіх родных. Стараўся, дапамагаў па гаспадарцы, пакуль не наляцелі фашысты. Грузілі цэлыя сем’і ў аўтафургоны і вывозілі ў невядомым накірунку. Голубевых таксама забралі. Доўга ехалі, мама і малыя плакалі, і ён змахваў слязу ўпотай, бо памятаў, што старэйшы павінен быць моцным. Выгрузілі ў нейкім населеным пункце за калючы дрот, які тоўстым слоем абвіваў тэрыторыю, а ў вышыню ўзнімаўся больш як на 2 метры. Усё гэта ахоўвалі салдаты з сабакамі. Там, куды прывезлі Голубевых, было шмат такіх жа, як і яны, няшчасных, сабраных з акупаванай тэрыторыі. Халодная зямля пад адкрытым небам, якое часта разам з людзьмі плакала моцным дажджом, — вось і ўсё жытло. Даведаліся, што гэта быў горад Слуцк, дзе фашысты разбілі лагер для ваеннапалонных і насельніцтва.

Хутка закончыліся ўзятыя прыпасы, і малыя вельмі хацелі есці. Ды і ўсе навокал глядзелі галоднымі вачамі, бо ад таго варыва, што выдавалі фашысты раз у некалькі дзён, сытасці быць не магло. Саша Голубеў прыкмеціў, як хлопцы, зрабіўшы лаз пад загародай, вылазілі на волю і прыносілі сёе-тое з яды. Яшчэ раз паглядзеў на галодных сястрычак і маці і рызыкнуў. Бегаў па хатах і прасіў міласціну: хто бульбіну ахвяраваў, хто кавалачак хлеба, яблык ці моркву. Вярнуўся назад, і гэта было шчасце – ён накарміў сваю сям’ю. Такія сакрэтныя і вельмі небяспечныя вылазкі ён рабіў часта.

Пасля вязняў лагера сталі аддаваць мясцоваму насельніцтву ў парабкі. Сашу Голубева разлучылі з маці і сёстрамі: ён трапіў у наш раён у вёску Свісткоўшчына пасвіць кароў. Маці з сёстрамі аказаліся далёка, але таксама выжылі, дзякуючы добрым людзям…

Мірнае жыццё былога вязня, можна сказаць, удалося: працаваў у МТС слесарам, пасля вывучыўся на трактарыста. Ажаніўся, выгадаваў дзяцей, мае ўнукаў, якіх вельмі любіць. Пра сваё горкае дзяцінства стараецца не думаць, толькі іншы раз памяць сама настройвае на былое. І тады сляза няпрошана бяжыць па зморшчынках, і дзядуля мацней туліць да сябе ўнукаў: каб толькі ім не бачыць той бяды, якую перажыў сам…

Аляксандр Голубеў – адзін з 37 былых вязняў месцаў прымусовага ўтрымання людзей, якія сёння пражываюць у нашым раёне. Амаль кожны з іх памятае да драбніц сваё дзяцінства ці маладосць, абпаленыя вайной. Не могуць толькі самі расказаць пра былое Зінаіда Віхноўская з Вялікага Гарадзішча і Ніна Шарашавец з Вострава, бо калі яны трапілі за фашысцкі калючы дрот, ім ад роду было па некалькі месяцаў. Можна толькі ўявіць, што перажылі іх матулі, каб абараніць, засцерагчы сваіх крывіначак.

Аляксандры Шпак з Тальмінавіч сёлета споўніцца 96 гадоў. Яна была вязнем у самы росквіт маладосці, калі трохі за 20…

Старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларуская асацыяцыя былых непаўналетніх вязняў фашызму» Уладзімір Жаваранак таксама зведаў жахі зняволення, таму, чым можа, стараецца дапамагчы такім, як і ён. Калі трэба, афармляе дакументы, піша заявы на атрыманне разавых грашовых дапамог і г.д. А нядаўна паведаміў членам арганізацыі, што па ўказе Прэзідэнта былым вязням канцлагераў, турмаў, гета і іншых месцаў прымусовага ўтрымання, створаных фашыстамі і іх саюзнікамі ў гады Другой сусветнай вайны, будзе выплачана грашовая дапамога.

Гэтых людзей дзяржава аднесла да катэгорыі пацярпелых ад наступстваў вайны, і яны ніколі не адчуюць сябе кінутымі на волю лёсу. Ім гарантавана дзяржаўная падтрымка.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.


One thought on “Моцныя духам.11 красавіка – Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў

  • 08/04/2014 в 23:20
    Permalink

    Читаешь и удивляешься силе этих людей.Пережить такие испытания и расставание с родными. При этом остаться настоящими и научиться радоваться каждому дню. Почёт и уважение вам, люди, пережившие войну

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *