Гарадскія ўражанні жыхароў Ляхавічаў

Горад Ляхавічы – сярод пераможцаў у рэспубліканскім аглядзе санітарнага стану і добраўпарадкавання населеных пунктаў краіны за мінулы год. А як з гэтых пазіцый да свайго райцэнтра ставяцца нашы землякі, што ім даспадобы, а чаго не хапае, пацікавіўся “ЛВ”.

Алена БУШЭЙКА,

кладаўшчык кансервавага завода:

– Любуюся Ляхавічамі, іх чысцінёй, парадкам, зручнасцю. Не паспеў сысці снег, як усміхнуліся першыя кветкі. Адно цюльпанавае царства на плошчах Леніна і Перамогі, каля гасцініцы — чаго вартае! Здаецца, што больш акуратнымі сталі і самі жыхары. Не асмеліцца рука кінуць паперку не ў урну для смецця, а на тратуар ці дарогу.

Марыя ШАСТАК, пенсіянерка:

– Канешне, нязручнасці падчас падрыхтоўкі да дажынак у мінулым годзе былі. Затое цяпер па вуліцах, плошчах, парках і скверах хадзіць адно задавальненне. Не раз давялося чуць, з якім захапленнем гавораць пра Ляхавічы і ляхавічан госці райцэнтра. Радуе і тое, што парадак падтрымліваецца, удасканальваецца. Вось зусім нядаўна на дамах па цэнтральнай вуліцы зрабілі нумерацыю. Лічу, што парадак у дварах дамоў павінны падтрымліваць самі жыльцы — гэта ж няцяжка, тым больш, што робіцца для сябе, сваіх дзяцей і ўнукаў.

Васілій РАКАШЭВІЧ, інжынер РВЭС:

– На памяць прыходзіць дзень напрыканцы мінулага лета, калі ў цэнтры горада з’явіліся міні-архітэктурныя кампазіцыі, клумбы – вынік абласнога конкурсу азеляняльнікаў. Такі дызайн упрыгожыў горад, надаў яму новыя фарбы. Колькі людзей любавалася кветкавым пейзажам і фатаграфавалася ля кампазіцый!

Разам з тым сорамна за тых дзікуноў, хто разбурае толькі што ўстаноўленую агароджу ці навесы на аўтобусных прыпынках. Хацелася б больш добраўпарадкаванымі бачыць вуліцы Гагарына, Першамайскую, некаторыя завулкі, каб па ўладкаванасці ўскраіны не адставалі ад цэнтра.

Вікторыя БАГДАНОВІЧ, маладая маці:

– Калі б не быў у Ляхавічах шмат гадоў, то сёння не пазнаў бы горад. Падабаецца літаральна ўсё — ад адрамантаваных фасадаў і дахаў дамоў да сквера з фантанам, паркаў. А які цудоўны падарунак гараджанам — сучасны рэканструяваны кінатэатр! Для мяне як для маладой мамы – актуальнае і адкрыццё адрамантаванай і дабудаванай паліклінікі. Чаго б хацелася яшчэ? Раней не звяртала на гэта ўвагі, а вось цяпер бачу, што ў горадзе недастаткова ў дварах дамоў абсталяваных дзіцячых пляцовак.

Алег АХРЭМЦАЎ, выкладчык ЛДАКа:

–У параўнанні з тым, што было, розніца вельмі ўнушальная. Асабліва змяніліся цэнтральныя вуліцы, скверы. Мне вельмі падабаецца каля фантана – кампазіцыйна выканана з густам, выглядае вельмі эстэтычна. Гарадскі Дом культуры стаў проста непазнавальным.

Пачэсна і прыемна, што свой уклад у агульны парадак уносім і мы, каляджане. Навучэнцы сумесна з выкладчыкамі прымаюць самы актыўны ўдзел у добраўпарадкаванні, і не толькі тэрыторыі ЛДАКа.

Думаю, многія падтрымаюць маё меркаванне наконт таго, што патрабуе кардынальнага змянення зона адпачынку — набярэжная Ведзьмы. Лавачкі, кабінкі для пераапранання, скошванне травы, уборка – канешне, добра. А вось з інфраструктурай цяжкавата. Нялішнімі былі б навесы, пад якімі можна схавацца не толькі ад сонца, але і дажджу, гульнёвыя пляцоўкі і палаткі, дзе можна купіць прахаладжальныя безалкагольныя напіткі ці што-небудзь лёгкае перакусіць. Адпачываючых, упэўнены, стала б больш.

Дзіна ЦІМАШОК, праграміст ЛДАКа:

– Пра станоўчыя змены ў абліччы Ляхавіч можна гаварыць бясконца. Гэта наш гонар, наша радасць. Але хачу звярнуць увагу на актуальную праблему для многіх населеных пунктаў, наш горад таму не выключэнне. Па-ранейшаму па вуліцах у пошуках ежы бегаюць, палохаючы прахожых, зграі сабак. Сярод іх не толькі бадзяжныя ад нараджэння, але і тыя, якіх людзі выкінулі са свайго дому, двара. А дзе ж чалавечнасць, міласэрнасць і знакамітае “мы ў адказе за тых, каго прыручылі”? Не раз валанцёры ЛДАКа з падарункамі (корм, медыкаменты і іншыя патрэбныя рэчы) выязджалі ў Баранавіцкі раён у прытулак, дзе ўтрымліваюцца кінутыя гаспадарамі каты і сабакі. Рабяты разам з выкладчыкамі дапамагалі даглядаць за жывёламі, лячылі іх. Дабрыня, спагада аднолькава патрэбны і людзям, і жывёлам.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *