Садзіце дрэвы! РК БРСМ і камунальнікі Ляхавічаў арганізавалі акцыю па пасадцы дрэў.

Працоўны дэсант каляджан

Надзвычай карыснай справай займаліся на мінулым тыдні юнакі і дзяўчаты з каледжа. РК БРСМ і камунальнікі арганізавалі акцыю па пасадцы дрэў. Атрымаўшы неабходны інвентар і саджанцы, працоўны дэсант заўзята ўключыўся ў работу. У выніку 15 маладых дубочкаў і 5 бярозак прапісаліся ў парку Перамогі. Канешне, саджанцы ў параўнанні з вялікімі дрэвамі выглядаюць яшчэ квола і не вельмі эфектна, але праз пару гадоў яны памужнеюць, набяруцца сілы і прыветна будуць сустракаць гараджан і гасцей райцэнтра шапаценнем маладога лісця. Да справы па добраўпарадкаванні, азеляненні і навядзенні парадку ёсць час далучыцца і кожнаму з нас.

Пасадка дрэў стала добрай традыцыяй сярод жыхароў Ляхавіччыны. Падчас вясновай акцыі на тэрыторыі 17,7 гектара высаджана больш за 65000 дрэўцаў. А ўсяго лесааднаўленне прайшло на плошчы 105 гектараў. Да таго ж, восенню замест тых лясных культур, якія не прыжыліся, былі высаджаны яшчэ 50000 рознаўзроставых дрэўцаў.

У добраахвотнай акцыі “Чысты лес”, якая праходзіла ў кастрычніку па ініцыятыве Міністэрства лясной гаспадаркі, удзельнічалі як школьнікі і бээрэсэмаўцы, так работнікі лясгаса і жыхары раёна. Дзякуючы нераўнадушным, прыбраны ад смецця берагавыя палосы ўздоўж вадасховішча Мінічы каля вёсак Набярэжная і Мыслабаж, а таксама ўчасткі ўздоўж аўтамабільных дарог, расказала намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце лясгаса Наталля Адаменка. Так, на тэрыторыі раёна на 9 сметнікаў і 11 метраў кубічнага смецця стала менш.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *