Пераможны “мяккі шлях”. Дзюдаіст Уладзіслаў Цярпіцкі стаў уладальнікам Кубка Рэспублікі Беларусь

Пераможны шлях Уладзіслава Цярпіцкага пачынаўся ў сценах Ляхавіцкай ДЮСШ.

Усё мае свае вытокі. Кожны рух, звычайная дарога, самы незвычайны шлях. У тым ліку і “мяккі шлях”, што ў літаральным перакладзе на мову арыгінала і азначае дзюдо. Японскае баявое майстэрства, філасофія, папулярны ва ўсім свеце від спартыўнага адзінаборства. Даўно і трывала дзюдо пусціла карані і ў нашай краіне. У многіх буйных і не надта гарадах, шэрагу невялікіх пасёлкаў атрымаў развіццё гэты від барацьбы. У тым ліку і наш раённы цэнтр стаў адным з яго “цэнтрыкаў”.

Шмат разоў Ляхавічы былі месцам правядзення спаборніцтваў самага рознага ўзроўню – пачынаючы з дзіцячых унутрыраённых і заканчваючы дарослымі “разборкамі” на ўзроўні мацнейшых прадстаўнікоў гэтага віду спорту краіны.

У кагорце мацнейшых беларускіх дзюдаістаў прапісаўся і ляхавічанін Уладзіслаў Цярпіцкі. Выпускнік мясцовай ДЮСШ ужо трэці год як сталічны студэнт-палітэхнік. Вучобу ў ВНУ паспяхова сумяшчае з заняткамі дзюдо. Асабістым трэнерам Улада – чаго заслужыць вельмі няпроста – з’яўляецца патрыярх, касмічная велічыня сусветнага дзюдо Сямён Гуманаў. Паспяховасць тандэма “настаўнік – вучань” пацвярджаецца выніковасцю выступленняў апошняга на татамі розных гарадоў. Некалькі тыдняў назад была Рыга, на працягу трох апошніх дзён кастрычніка мацнейшых дзюдаістаў краіны – прэтэндэнтаў на Кубак Рэспублікі Беларусь – сабраў Магілёўскі спартыўны комплекс “Алімпіец”. Права падняцца на п’едэстал гонару турніру Цярпіцкі атрымаў двойчы. Спачатку як другі прызёр спаборніцтва сярод барцоў вагавай катэгорыі “плюс 100”. Лепшым тут стаў старэйшы па ўзросце і больш вопытны Арцём Філатаў з Гомеля. Але, па інфармацыі першага трэнера Цярпіцкага, настаўніка Ляхавіцкай ДЮСШ Віктара Богуша, мог бы быць і адваротны расклад. На працягу практычна ўсёй пяцімінуткі вялася роўная, з пераменным поспехам барацьба, лёс кубка вырашылі апошнія імгненні паядынку.

Але без свайго кубка наш зямляк і на гэты раз не застаўся. На наступны дзень, калі праводзіліся паядынкі ў раздзеле “абсалютная вагавая катэгорыя”, у адсутнасць Філатава роўных Уладзіславу не знайшлося.

Паўторым тое, з чаго і пачыналі, – з напаміна аб вытоках. Нядаўні турнір, удзельнікамі якога становяцца юныя 10-16-гадовыя прыхільнікі стылю, так і называецца – “Нашы вытокі”. Спаборніцтвы маюць 12-гадовую традыцыю, міжнародны статус, нядрэнны карпаратыўны рэйтынг. На гэты раз у Кобрыне сабралася каля двух дзясяткаў каманд з Беларусі, Расійскай Федэрацыі, Украіны. Брэстчына была прадстаўлена найбольш поўна, у тым ліку і сямёркай спрытных і ўмелых з Ляхавіцкай ДЮСШ. Найбольш паспяховымі з нашых на “Нашых вытоках” аказаліся 13-гадовыя Аляксей Чарэйка і Ягор Юруць. У абодвух “бронза”, у вагавых катэгорыях 55 і 60 кілаграмаў, адпаведна.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *