Дзядуля, ты жыві!

Іван Буцько не любіць расказваць пра сваё жыццё. У 4 гады застаўся без маці, праз 11 гадоў з сястрой – круглымі сіротамі. З дзяцінства даводзілася разлічваць толькі на сябе. Каб зарабіць капейку, хадзіў чысціць дарогу ад снегу, падзённа працаваў на чыгунцы – “як вол, у плуг упёрся і цягнуў”. Калі вёску акупіравалі фашысты – прымусілі высякаць лес. Не выканаў месячную норму – не зваліў 100 кубаметраў лесу – атрымай пакаранне.

Адразу пасля вызвалення Беларусі 21-гадовага Івана прызвалі ў армію. Шлях ляжаў на паўночны захад Украіны – у Жытомір, дзе стаў вясковец радавым у аўтаматнай роце. Затым былі Эстонія, Германія.

З аўтаматчыка перакваліфікаваўся ў артылерыста. Вучыцца даводзілася на хаду. Падвучылі, паказалі, і стаў хлопец з Мыслабажы наводчыкам гарматы.

– Успамінаецца першы бой. Немец засеў на горцы, – расказвае Іван Трафімавіч. – Ноччу нас паднялі па трывозе, занялі абарону. На досвітку пачаўся бой. Зямля стагнала, уздрыгвала ад разрываў. Мы змаглі асіліць толькі паўкіламетра. З палка засталася рота… , – цяжка ўздыхае ветэран.

Згадвае, як фарсіравалі Одэр. Дзень былі ў абароне. Без боепрыпасаў. Вораг засеў ва ўмацаванай заставе… Манеўры, манеўры, полк кідалі туды-сюды.

– Было гэта за Одэрам. На досвітку немцы стралялі з мінамётаў. Я, наводчык, і зараджальшчык знаходзіліся каля гарматы. Выкапалі акоп і накрылі яго галлём. Вораг перастаў страляць. Адправіў я таварыша перадыхнуць. У нейкі момант як быццам мяне нехта штурхнуў – адскочыў у акоп. І тут пачуўся моцны выбух. Асколкам разрэзала шынель, перабіла прыклад аўтамата. Сам застаўся без ніводнай драпіны, – расказвае ветэран.

Стаяла цёмная ноч. Полк ішоў на Берлін, калі пачулі доўгачаканую вестку — вайна закончылася:

– Што тут пачалося! Людзі абдымаліся, радаваліся, танцавалі. 70 гадоў мінула, а тыя пачуцці незабыўныя.

На гэтым ваенная эпапея Івана Буцько не закончылася. Пасля была Прага, запасны полк, лячэнне ў шпіталі і доўгае вяртанне дадому ў Мыслабаж праз … Сахалін.

Наладжвалася мірнае жыццё. Ажаніўся. З жонкай Нінай уладкавалі невялічкі домік на хутары, нарадзілася чацвёра дзяцей. Жылі не заможна, але дружна. Адзін аднаго падтрымлівалі і дапамагалі. Летам грыбамі і ягадамі лес падкормліваў, зімой нарыхтоўкі выручалі. Так і выжывалі.

Расказвае ветэран, як шыў сабе абутак – гумавыя лапці – з шын.

У 1962 годзе пабудавалі дом ужо ў вёсцы. Вялікі, светлы, утульны. Працаваў Буцько вартаўніком на базе нарыхтоўкі збожжа (пазней –Баранавіцкі мелькамбінат), вытворчы ўчастак якой знаходзіўся ў Рэйтанаве. Жонка была паляводам у мясцовым калгасе.

Каб пракарміць вялікую сям’ю, гаспадар змайстраваў цыркулярку. Рабіў вагонку, штыкетнік, дошчачкі наразаў, дапамагаў аднавяскоўцам будаваць дамы. Рукі залатыя – шафы, карнізы, дзверы — што заўгодна са сталяркі вырабляў сам. Трымалі вялікую гаспадарку – без яе ў вёсцы ніяк. Да працы і дзяцей прывучалі. Яны выраслі людзьмі працавітымі і добрымі. Толькі вось непамерна балюча, што ўжо дваццаць гадоў, як памерла жонка.

11 лютага з 92-м днём нараджэння прыехалі павіншаваць бацьку дзеці. Толькі сына Леаніда не было – жыве ва Украіне. Багацце Івана Буцько – 9 унукаў і 17 праўнукаў. Яны ганарацца сваім дзядулем і шчыра яго просяць : “Ты толькі жыві!”. А ён, перажыўшы ваеннае ліхалецце, гора і нястачу, ведае цану міру і згоды, цану дабрабыту. Галоўнае, гаворыць, каб не было вайны, астатняе ўсё пераадолеецца.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

One thought on “Дзядуля, ты жыві!

  • 25/02/2015 в 21:13
    Permalink

    Свидетели войны, с каждым годом их меньше и меньше. Главное, чтобы их рассказ о тех страшных годах дошёл до ушей молодёжи, чтобы люди ценили и берегли мир и согласие.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *