Рыштаванні Уладзіміра Саладухі. Ляхавічанін, вельмі цікавая асоба са шматлікімі захапленнямі /фота/

Для Уладзіміра Саладухі Ляхавічы – любімае месца ў свеце.

Райбальніца, СШ № 1, ГДК, жывёлагадоўчыя фермы і комплексы, шматлікія аб’екты сацкультбыту, гарадскія ачышчальныя збудаванні і дзясяткі жылых дамоў у вёсках і райцэнтры, у тым ліку новы мікрараён па вуліцы Інтэрнацыянальнай… Здавалася б, розныя будынкі, узведзеныя ў розны час. Але ёсць паміж імі сувязное звяно — чалавек самай мірнай прафесіі – будаўнік. Наш зямляк, вельмі цікавая асоба са шматлікімі захапленнямі, Уладзімір Саладуха ў свой час быў у будаўніцтве падрадчыкам, заказчыкам, кіраўніком…

У першыя пасляваенныя гады, калі дарослыя аднаўлялі яго родную вёску, якую спалілі фашысты, хлопчык Валодзя марыў пабудаваць дом з цэглы. Ніхто не мог падумаць, што менавіта гэта прафесія стане яго лёсам, а ён – заснавальнікам будаўнічай дынастыі.

Але ўсяго гэтага магло і не быць. Няпростае, ахопленае полымем вайны дзяцінства, голад і холад, замест цацак – пустыя кулямётныя стужкі. Вёска Камсамольская, што на Капыльшчыне, ужо напачатку вайны лічылася партызанскай, большасць тутэйшых жыхароў сталі народнымі мсціўцамі і змагаліся супраць гітлераўцаў. Знайшліся здраднікі, якія паведамілі фашыстам, калі партызаны з лесу прыходзяць дамоў за прадуктамі, лекамі і застаюцца начаваць…

— Нават сёння вельмі страшна і балюча ўспамінаць, як разам з мамай, сястрой і суседзямі ўцякалі – ў лес, як некаторых аднавяскоўцаў даганялі кулі… — уздыхае Уладзімір Міхайлавіч. — На шчасце, тады ўся наша сям’я засталася жывой.

Потым працяглы час жылі ў партызанскім атрадзе, калі зямлянка і лес замянілі дом. Пасля вызвалення Беларусі бацька пайшоў ваяваць у дзеючую армію і сустрэў 9 мая 1945 года ў Празе. Пасля вайны працаваў настаўнікам, маці – у сельскай гаспадарцы, а Валодзя вучыўся ў школе. Выпускнік дзесяцігодкі вельмі хацеў стаць будаўніком. З першага разу ў інстытут паступіць не ўдалося, а вось будаўнічы тэхнікум у Мінску пакарыўся мэтанакіраванаму юнаку адразу. У вучобу ён акунуўся з галавой. З захапленнем назіраў, як Мінск хутка аднаўляўся і прыгажэў.

І вось, нарэшце, размеркаванне. Першае самастойнае месца працы – будаўнічы трэст № 5 у горадзе Баранавічы. Уладзімір Міхайлавіч і сёння з дакладнасцю можа расказаць пра кожны этап узвядзення сваіх “першынцаў” — 8- і 48-кватэрнікаў у Баранавічах. Праляцелі тры гады работы. Навіна, што яму давядзецца пераехаць у Ляхавічы, маладому майстру будаўнічай брыгады не вельмі спадабалася. Нешта сярэдняе паміж вялікай вёскай і горадам, усяго 2 двухпавярховыя будынкі (сённяшні цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і былы будынак РАУС) – такое першае ўражанне было ад райцэнтра:

—Не думаў, што застануся тут назаўсёды і гэты горад стане для мяне самым лепшым месцам ва ўсім свеце.

У 60-я гады мінулага стагоддзя мала было спецыяльных машын і прыстасаванняў, большую частку работ даводзілася выконваць уручную. Саладуха асвоіў многія рабочыя спецыяльнасці, у тым ліку і машыніста крана, лічыў, што сапраўднаму майстру без гэтага нельга. З удзячнасцю ўспамінае, як вучыўся адданасці справе, добразычлівым адносінам да тых, хто працуе побач, пачуццю калектывізму, калі кожны ў адказе за іншых, у вопытнага брыгадзіра Івана Жытко. Першым аб’ектам майстра Саладухі ў Ляхавічах — ад заліўкі фундамента да апошняй шыферыны на даху і аддзелачных работ – стала СШ №1. На чарзе былі гарадскі Дом культуры (на той час таксама ўнушальнай плошчы і памераў), жылыя дамы на вуліцах Дзесюкевіча, Мінскай, Леніна. Дарэчы, і сваё першае ўласнае жыллё — двухпакаёвую кватэру Уладзімір Саладуха, які стаў ужо сямейным чалавекам (жонка Іта працавала лабарантам у райбальніцы), атрымаў у двухпавярховым доме па вуліцы Савецкай: у той час у кожным са здадзеных у эксплуатацыю жылых дамоў 10 працэнтаў кватэр аддавалася будаўнікам, якія яго ўзводзілі.

У 1967 годзе Уладзімір Міхайлавіч быў прызначаны начальнікам толькі створанай ПМК-46. Пачыналі, як успамінае сам, з пустога месца:

— Убілі кол недалёка ад чыгуначнага вакзала і сказалі, што тут будзе кантора.

Саладуха з камандай (больш за 300 работнікаў, многіх з якіх падбіраў сам) справіліся выдатна: узводзілі адначасова адміністрацыйны будынак ПМК, жылыя дамы ў горадзе і вёсках, аб’екты сацкультбыту і вытворчыя памяшканні. Арганізатарскія здольнасці ў спалучэнні з прафесіяналізмам, уменнем адстойваць думку, жаданнем шукаць новыя падыходы і формы работы не засталіся не заўважанымі: Уладзіміру Міхайлавічу прапанавалі пасаду спачатку галоўнага інжынера, а потым і начальніка будаўнічай арганізацыі, цяпер вядомай як ПМК-17.

Што такое “тэрміновыя” аб’екты, ён ведае дакладна. Неяк у студзені атрымаў партыйнае заданне: да пачатку жніва ўвесці ў эксплуатацыю 6 КЗСаў. Усе КЗСы прынялі тады збожжа новага ўраджаю. Маштабным праектам стала будаўніцтва свінакомплексу на 12 тысяч галоў у калгасе “Новае жыццё”.

У 1979 годзе завяршыўся прафесійны 26-гадовы этап Уладзіміра Міхайлавіча як падрадчыка. І пачаўся не менш важны і значны 25-гадовы — у якасці заказчыка. Ён працаваў намеснікам старшыні райвыканкама – начальнікам упраўлення капітальнага будаўніцтва.

Па-ранейшаму прападаў на аб’ектах, з праектамі (у тым ліку і абноўленым генеральным планам будаўніцтва Ляхавічаў), экспертызамі абіваў парогі глаўкаў, міністэрстваў, ведамстваў, адстойваў пазіцыі, у якіх цвёрда быў упэўнены. У многім дзякуючы яму ў райцэнтры з’явіўся новы мікрараён па вуліцы Інтэрнацыянальнай. Менавіта Саладуха адстаяў, каб будаўніцтва плануемай тады СШ №3 (якая стала гімназіяй) распачалося там, а не ў цэнтры горада. Аргументаваў тым, што такі расклад патрэбны дзецям, якія жывуць у раёне сельгастэхнікі, вуліц Кастрычніцкая, Матросава, Ламаносава: ім будзе зручней хадзіць у школу на Інтэрнацыянальную, чым у горад праз мост. Час паказаў, наколькі такое рашэнне правільнае. Цяпер гэты мікрараён самы маладзёжны, хутка развіваецца.

А яшчэ былі аб’язная дарога, якая значна разгрузіла транспартны рух па горадзе, ачышчальныя збудаванні. Будаўнічая біяграфія Саладухі надзвычай багатая на знаёмствы і сустрэчы з цікавымі людзьмі. З пашанай Уладзімір Міхайлавіч расказвае пра сваіх калег, сапраўдных майстроў будаўніцтва – Міхаіла Шэйду, Васілія Мазаля, Анатолія Дробыша, Валянціну Пабягайла, Уладзіміра Дарашкевіча, Пятра Юзафовіча і многіх іншых, з кім давялося працаваць побач.

І сёння, хаця некалькі гадоў як ”выйшаў у адстаўку”, перакананы, што жыццё – у руху. Застаць Саладуху дома цяжка: то ў бібліятэку спяшаецца за новай кнігай, то праўнучку трэба ў школу завесці, праўнук патрабуе ўвагі, грамадскіх спраў у ветэрана працы таксама нямала.

Апошнім часам Уладзімір Міхайлавіч захапіўся астраноміяй. З інтарэсам расказвае пра сузор’і і сцвярджае, што глядзець на зорнае неба — супакаенне і адпачынак. Параўнаць па пачуццях гэта можна толькі… з класічнай музыкай, прыхільнікам і аматарам якой з’яўляецца ўсё жыццё. Ён можа гадзінамі слухаць сваіх любімых Моцарта, Гайдна.

А яшчэ Уладзімір Міхайлавіч прадаўжае вучыцца, адкрывае для сябе новыя старонкі, радуецца поспехам і ўдачам сваіх родных, сям’і, ганарыцца імі. Удзячны Ляхавічам не толькі за тое, што менавіта тут адбыўся як будаўнік-прафесіянал,але і за тое, што ў гэтым горадзе знайшоў сваю другую палавінку, з якой ідуць па жыцці больш за 50 гадоў і, як у маладосці, разумеюць адзін аднаго з першага слова і позірку.

А яшчэ яго будаўнічы пачатак мае працяг. Сын Сяргей нікім іншым, акрамя як будаўніком, сябе не ўяўляў: атрымаў дыплом Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута. Там жа, дарэчы, вучылася і яго жонка. Зараз Сяргей Уладзіміравіч узначальвае будаўнічую арганізацыю ў Брэсце. Разам з бацькам працуе і сын Антон – унук Уладзіміра Міхайлавіча – прадстаўнік трэцяга пакалення будаўнічай дынастыі Саладухаў. Хто ведае, можа праз дзесяцігоддзе-другое і нехта з праўнукаў Уладзіміра Міхайлавіча і Іты Антонаўны на сямейным савеце скажа: буду будаваць дамы! А з цэглы ці якога іншага матэрыялу, няважна, галоўнае, каб надзейнымі і ўтульнымі.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА і з сямейнага архіва.

Іта і Уладзімір Саладухі разам больш за 50 гадоў.

Прадаўжальнікі будаўнічай дынастыі: сын Сяргей, нявестка Ганна, унук Антон.

На будаўніцтве райбальніцы ў 1959 годзе.

One thought on “Рыштаванні Уладзіміра Саладухі. Ляхавічанін, вельмі цікавая асоба са шматлікімі захапленнямі /фота/

  • 25/02/2015 в 20:51
    Permalink

    Судьба человека как отражение части истории района.Бодрости вам, Владимир Михайлович!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *