Палачка, якая забівае. 24 сакавіка — Сусветны дзень барацьбы з туберкулёзам

Туберкулёз – інфекцыйнае захворванне, вядомае з даўніх часоў. І да сёння яно працягвае заставацца ў свеце адной з найбольш актуальных праблем: штогод у свеце захворваюць 8 мільёнаў чалавек, 2 мільёны паміраюць.

Туберкулёз – хвароба сацыяльная, і ў асноўным яе распаўсюджванне залежыць ад умоў жыцця чалавека. “Паразітуе” яна часцей за ўсё там, дзе не захоўваюцца элементарныя правілы чалавечых зносін: у асяроддзі наркаманаў, алкаголікаў, бамжоў, зняволеных. Аднак рызыка захварэць існуе ў кожнага. Заразіцца туберкулёзам можна не толькі пры непасрэдных кантактах з хворым, але і пры карыстанні яго рэчамі. Туберкулёзныя палачкі (палачкі Коха) трапляюць у арганізм здаровага чалавека часцей за ўсё паветранакропельным шляхам (пры размове, чханні, кашлі), кантактна-бытавым – пры незахаванні элементарных правілаў гігіены (карыстанне агульным ручніком, посудам), а таксама з ежай (пры ўжыванні малака або мяса ад хворых жывёл, птушак).
Туберкулёзныя палачкі могуць у шэрагу выпадкаў доўгі час знаходзіцца ў арганізме і не выклікаць захворванне. Гэта залежыць ад індывідуальнай устойлівасці арганізма да інфекцыі. Больш успрымальныя да туберкулёзу людзі аслабленыя, якія перанеслі да гэтага якія-небудзь захворванні, схільныя да нервовых стрэсаў, хто дрэнна харчуецца, ужывае алкаголь, курыць, а таксама маленькія дзеці.
Сімптомамі туберкулёзу з’яўляюцца кашаль з макротай або з крывёю, слабасць, рэзкае зніжэнне вагі, павышаная тэмпература, начная патлівасць, пачашчанае сэрцабіццё, задышка, боль у грудзіне, павелічэнне лімфатычных вузлоў. Туберкулёз на пачатковай стадыі можа працякаць безсімптомна, а некаторыя ўказаныя прыкметы могуць назірацца і пры іншых захворваннях. Таму пры іх узнікненні абавязкова звярніцеся да ўрача-тэрапеўта. Ні ў якім разе не займайцеся самалячэннем.
За мінулы год упершыню выяўлена 14 захварэўшых туберкулёзам у нашым раёне. Захворваемасць склала 50,2 на 100 тыс. насельніцтва (абласны паказчык – 30,4). Ва ўсіх 14 захварэўшых (11 з іх – жыхары вёсак, 3 – гарадскія) туберкулёз органаў дыхання, пазалёгачны туберкулёз не зарэгістраваны. Пры прафілактычных аглядах выяўлена 11 хворых (78,5 працэнта ад усіх упершыню выяўленых).
За 2 месяцы сёлета такі дыягназ пастаўлены яшчэ 6 хворым. Зарэгістравана 3 выпадкі рэцыдыву ў знятых з ды-
спансернага ўліку больш за 5 гадоў назад.
Асноўнымі шляхамі выяўлення хворых туберкулёзам з’яўляецца на сёння флюараграфічнае абследаванне (рэнтген) і пастаноўка туберкулінавых проб. Якасна зробленая прышчэпка вакцынай БЦЖ зніжае рызыку захворвання ў 10 разоў. А для выяўлення туберкулёзу органаў дыхання іншых метадаў акрамя флюараграфіі не існуе. Таму, звярнуўшыся ў паліклініку з нагоды любога захворвання, прайдзіце, калі ласка, флюараграфічнае абследаванне. Асабліва гэта датычыцца тых, хто часта хварэе прастуднымі захворваннямі або кашляе працяглы час. Людзі, якія не ведаюць, што захварэлі туберкулёзам, шкодзяць не толькі сабе, але і блізкім, дзецям, сябрам, калегам.
Каб не захварэць туберкулёзам, трэба часта мыць рукі, утрымліваць у чысціні сябе і свой дом, рабіць штодзённую вільготную ўборку, праветрываць кватэру, адмовіцца ад шкодных звычак, правільна харчавацца, весці здаровы лад жыцця, часцей бываць на свежым паветры.
Таццяна МАЛЯР,
намеснік галоўнага ўрача ЦРБ.

Фота з сайта  http://news.21.by

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *