Доктар Бяляеў і яго хірургія

Ён і хірургія – гэта гісторыя пра са-праўдную ўзаемнасць: узаемапранікненне, узаема-разуменне, узаемадапаўненне. “Дыягнаставаў сам Бяляеў”, “Аперыраваў сам Бяляеў”, — што тут дадаць, калі і так ясна пра аўтарытэт галоўнага раённага хірурга. Тое, што выклікае заміранне ў іншых людзей, для яго звычайная праца. Хаця Сяргей Уладзіміравіч мяркуе, што доктарам усё ж трэба нарадзіцца. А вось атрымаць дыплом, вышэйшую ўрачэбную катэгорыю (яе ён пацвярджае пастаянна) – гэта работа, вучоба, самаўдасканаленне, якія працягваюцца ўсё жыццё.

Памятаю, колькі гадоў назад мяне ўразіла ў размове з Бяляевым быццам бы ўскосная ў дачыненні да яго прафесіі фраза:

— З першага да трэцяга паверха райбальніцы 44 прыступкі. Іду па іх і ўжо адчуваю сябе ў аддзяленні. Гэта асаблівы стан душы. Яго трэба адчуць,  словам не перадам – не журналіст.

Тады мільганула ў думках: які выразны штрых. Адчуванне апранутасці ў белы халат у хірурга Бяляева – без перапынкаў на абед і на водпуск: урач заўсёды ўрач. І яшчэ, ён ніколі не ставіць толькі сабе ў заслугу ўдала, на мяжы віртуознасці зробленыя аперацыі, паспяховае лячэнне цяжкіх хворых:

— Гэта работа цэлай брыгады. У аперацыйнай важныя ўсе: і анестэзіёлаг, і медсёстры. Лячэнне любога пацыента, у тым ліку і ў хірургічным аддзяленні, комплекснае. Патрабуюцца кансультацыі профільных спецыялістаў – калі ласка, назначаны фізіяпрацэдуры – няма праблем.

Сяргей Уладзіміравіч абавязкова дадае, што такая ў медыкаў работа і нічога надзвычайнага ў ёй няма. Як кажуць, хто на каго вучыўся. Бяляеў вучыўся на лечфаку, хірургам стаў па ўласным жаданні, першую аперацыю правёў падчас сваёй студэнцкай практыкі. У ляхавіцкай раённай бальніцы працуе з першага “дыпламаванага” дня (дарэчы, побач і жонка, яна ж — калега, яна ж – урач-псіхіятр Галіна Бяляева). З удзячнасцю ўспамінае ўрокі вопытнейшых Мікалая Кнака, Яўгенія Папроцкага, ад якога прыняў кіраўніцтва аддзяленнем, сумесную працу з Віналіем Бяганскім, Ірынай Рыжаковай. І сёння ў раённай хірургіі гучыць імя Сяргея Сяржантава – хапае пацыентаў у гэтага выдатнага ўрача. Поплеч у стацыянары вопытны Андрэй Пуцілаў. І бадай адна з самых жыццясцвярджальных акалічнасцяў: у хірургію ідуць маладыя. Ян Марчык, Аляксей Прыходзька маюць гонар назваць сябе калегамі Сяргея Бяляева, загадчыка аддзялення, якому так пасуе яго прафесія і які ў гэтай прафесіі, без перабольшвання, ас.

…У яго прыемны голас і пераканаўчая манера гаварыць – такі ўскосны камунікацыйны “плюс”.

…Ён з тых, хто бачыць і чуе пацыента. Яму верыш.

…Сяргей Бяляеў – проста ўрач. Цудоўны.

Вольга БАРАДЗІНА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Сяргей Бяляеў з калегамі.

One thought on “Доктар Бяляеў і яго хірургія

  • 23/06/2015 в 15:20
    Permalink

    Добры доктар !

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *