Магчымасць не загрыпаваць

Адзіны надзейны і бяспечны спосаб пазбегнуць інфекцыі – зрабіць прышчэпку. У раёне працягваецца вакцынацыя супраць грыпу.   Медыкі рэкамендуюць  не адмаўляцца ад імунізацыі.

Здаецца, толькі задажджыла-пахаладала, як зноў пачуліся гэтыя “апчхі”, кашаль, шмыганне носам… Больш людзей і перад кабінетамі ўчастковых тэрапеўтаў – прастуду трэба лячыць. А яшчэ лепш яе не дапусціць. Гэта і пра вострыя рэспіраторныя захворванні, і пра грып, які асабліва небяспечны сваімі ўскладненнямі. Разам з тым, як паведаміла ў рэдакцыю памочнік урача-эпідэміёлага райЦГіЭ Ірына Літвіненка, у нашым раёне захворванняў грыпам не рэгіструецца з 2012 года, а колькасць ВРІ знізілася ўдвая. Што за прычына такой станоўчай дынамікі? Гэта вынік масавай вакцынацыі ад грыпу і адзіны надзейны і бяспечны спосаб пазбегнуць захворвання.
Дарэчы, у нашым раёне працягваецца “прышчэпачная” кампанія. Па стане на 23 лістапада, удакладніла Ірына Літвіненка, вакцынацыю прайшлі 37,6 працэнта насельніцтва. Завершана яна ў групах рызыкі – за кошт сродкаў рэспубліканскага
бюджэту, набліжаецца да завяршэння імунізацыя за кошт мясцовага бюджэту. Практыкуецца выезд медыкаў цэнтральнай раённай бальніцы на прадпрыемствы і ў арганізацыі, за кошт якіх робяць прышчэпкі працаўнікам на рабочых месцах у зручны для іх час. Плануецца, што сёлета прышчэпкі ад грыпу атрымаюць 8 працэнтаў працуючага насельніцтва раёна (2216 чалавек), пакуль ахоплены 1600 чалавек.
Для імунізацыі выкарыстоўваецца прэпарат грыпол плюс расійскай вытворчасці.
– Вакцына добра пераносіцца і дзецьмі, і дарослымі, рэакцыя на яе ўвядзенне, як правіла, адсутнічае ці бывае нязначнай, – запэўніла Ірына Літвіненка.
У гэтым годзе ў раёне ўвогуле запланавана прышчапіць ад грыпу  40 працэнтаў насельніцтва. Зрабіць гэта можа кожны і на платнай аснове.
Медыкі напамінаюць, што своечасова праведзеная вакцынацыя ад грыпу папярэдзіць захворванне ці, калі інфекцыі пазбегнуць не ўдалося, пройдзе яно ў лёгкай форме і без ускладненняў. Праўда, для таго, каб з’явіўся імунітэт, патрабуецца час. Не спазніцеся з прышчэпкай!

Вольга СВЯТЛОВА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *