Запрашэнне ў казку. Нераўнадушныя ляхавічане дораць казку дзецям

Як жа дзеці чакаюць падарункаў! Асабліва ў гэтыя пераднавагоднія дні. Калядны марафон на Ляхавіччыне маштабны і яркі – ранішнікі, прадстаўленні праходзяць ва ўсіх установах. Хлопчыкаў і дзяўчынак, у тым ліку рабят, якія засталіся без бацькоўскай апекі, віншуюць з навагоднімі і каляднымі святамі прадстаўнікі ўлады, бізнесмены і валанцёры, прадпрыемствы і арганізацыі, і проста нераўнадушныя землякі.
24 снежня  ў цэнтры  карэкцыйна-развіваючага  навучання і рэабілітацыі  было весела і цёпла. Цёпла ад дабрыні і шчырасці, з якой завіталі да падапечных цэнтра дарослыя. Сярод гасцей – кіраўніцтва ЦБП №117 ААТ “ААБ Беларусбанк”  і райкама прафсаюза аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама,  гаспадыня кафэ “Калі ласка” Наталля Лойка, супрацоўнікі  РАУС, райаддзела Следчага камітэта, РАНС, свяшчэннаслужыцелі.  Для іх рабіць сюрпрызы выхаванцам ЦКРНіР – даўняя і добрая традыцыя. Прыватнае прадпрыемства “Лотас”, завод  “Металапластмас”, гімназія пералічылі сродкі на рахунак цэнтра. Кансервавы завод перадаў  грошы  для набыцця  музычнай апаратуры. Педагогі ЦДАДіМ падарылі выхаванцам цэнтра  захапляльнае тэатралізаванае прадстаўленне.
Кожны  можа далучыцца да акцыі “Жаданне ў далоньцы”, якая  заўсёды  аб’ядноўвала нераўнадушных у дабрачынным памкненні ляхавічан.  Для гэтага ў магазіне “Дзіцячы свет ”Аліса” ўстаноўлена ёлачка з маленькімі далонькамі. Здыміце далоньку – няхай стане больш шчаслівых сэрцаў, якія павераць у цуд.
Напачатку тыдня  валанцёры клуба ЮНЕСКА  “Заранка” разам з кіраўніком Наталляй Маслоўскай правялі  забаўляльную  праграму ў дзіцячым  аддзяленні райбальніцы.  Няхай будзе больш адрасоў дабрачыннасці!
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *