Саюз – гэта развіццё

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, адкрываючы пасяджэнне ВДС Саюзнай дзяржавы, падзякаваў Прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну за падтрымку.

Саюзная дзяржава павінна выступаць як магутная платформа для развіцця ўсяго спектра ўзаемнага супрацоўніцтва, а таксама аказаць дзейсную падтрымку станаўленню Еўразійскага эканамічнага саюза. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 25 лютага, падводзячы вынікі пасяджэння Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы.
Да пачатку ВДС лідары Беларусі і Расіі    Аляксандр Лукашэнка  і Уладзімір Пуцін правялі сустрэчу сам-насам, абмеркаваўшы актуальныя пытанні двухбаковага парадку дня, а таксама міжнароднай праблематыкі.

Адкрываючы пасяджэнне Вышэйшага дзяржсавета, Кіраўнік беларускай дзяржавы падзякаваў свайму расійскаму калегу за падтрымку і дапамогу, якую Расія заўсёды аказвала і аказвае Беларусі, а таксама за тое, што ў Мінск прыехаў не толькі Прэзідэнт Расіі, але і Прэм’ер-міністр Дзмітрый Мядзведзеў.

Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу на тое, што саюзнае будаўніцтва Беларусь і Расія вядуць у няпростых умовах. «Нашу інтэграцыю выпрабоўваюць на трываласць глабальная эканамічная нестабільнасць, крызіс даверу ў міжнародных адносінах, эскалацыя ўзброеных канфліктаў і абвастрэнне інфармацыйных войнаў», – адзначыў беларускі лідар.

У той жа час Аляксандр Лукашэнка  падкрэсліў, што сітуацыя, якая склалася, не павінна ўплываць на расстаноўку прыярытэтаў у рабоце Саюзнай дзяржавы. І важнейшы з іх – усебаковае супрацоўніцтва дзеля дабрабыту народаў.

«Залогам дасягнення агульных мэт інтэграцыі прадаўжае заставацца канструктыўны дыялог у палітыцы, эканоміцы, бяспецы, сацыяльнай і культурнай сферах», – сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

У час сустрэчы сам-насам прэзідэнты дамовіліся, што бакі павінны прадумаць, як узаемавыгадна задзейнічаць і максімальна выкарыстаць рэсурсы дзвюх краін.

Прэзідэнт Беларусі прапанаваў максімальна задзейнічаць усе пляцоўкі і фарматы Саюзнай дзяржавы для далейшага развіцця супрацоўніцтва і прыняцця эфектыўных рашэнняў.

Уладзімір Пуцін адзначыў, што ключавым фактарам росту эканомікі Саюзнай дзяржавы павінна стаць развіццё прамысловай кааперацыі, у першую чаргу высокіх тэхналогій. Трэба нарошчваць вытворчасць больш навукаёмістай прадукцыі, замяшчаць выпуск замежных камплектуючых, перш за ўсё ў адчувальных галінах, ад якіх непасрэдна залежыць бяспека абедзвюх краін. У гэтай сферы ўжо ёсць нядрэнныя задзелы. Поўным ходам ідзе будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі. «Безумоўна, гэта адзін з флагманскіх нашых праектаў», – сказаў расійскі Прэзідэнт. Ён нагадаў, што аб’ём расійскіх капіталаўкладанняў тут складае $10 млрд.

Расійскі Прэзідэнт лічыць, што больш высокую аддачу для развіцця гаспадарчых сувязей можа прыносіць міжрэгіянальнае супрацоўніцтва. Уладзімір Пуцін выказаў удзячнасць беларускаму калегу за тое, што ён удзяляе гэтаму напрамку супрацоўніцтва вялікую ўвагу, і пацвердзіў свае планы прыняць удзел у III Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які пройдзе ў Мінску ў чэрвені.

Кіраўнік расійскай дзяржавы падзякаваў Аляксандру Лукашэнку як палітычнаму дзеячу, які стаяў разам з першым Прэзідэнтам Расіі Барысам Ельцыным ля вытокаў Саюзнай дзяржавы. Уладзімір Пуцін падкрэсліў, што Расія настроена і далей паслядоўна рухацца па шляху ўзаемавыгаднай раўнапраўнай інтэграцыі з Беларуссю ў агульнай Саюзнай дзяржаве.

На пасяджэнні былі прадметна разгледжаны ўсе актуальныя пытанні, якія датычацца розных напрамкаў супрацоўніцтва. Па яго выніках прэзідэнты Уладзімір Пуцін і  Аляксандр Лукашэнка зацвердзілі пералік рашэнняў.

Зацверджаны бюджэт Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі на 2016 год у памеры больш як 6 млрд расійскіх рублёў. Значная частка гэтых сродкаў прадугледжана для фінансавання саюзных праграм і мерапрыемстваў у ключавых сферах двухбаковага ўзаемадзеяння.

На пасяджэнні ВДС разгледжаны таксама ход выканання прыярытэтных напрамкаў і першачарговых задач далейшага развіцця Саюзнай дзяржавы на сярэднетэрміновую перспектыву (2014-2017 гады).

Увага на ВДС была ўдзелена пытанням міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што цяперашняе пасяджэнне ВДС чарговы раз пацвердзіла выключную значнасць саюзнага парадку дня. «Час, гісторыя ўсё расстаўляюць на свае месцы, і мы яшчэ мацней усведамляем каштоўнасць беларуска-расійскай дружбы», – сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы. На яго думку, прэзідэнты дзвюх краін у свой час прынялі правільнае рашэнне, захаваўшы праект Саюзнай дзяржавы.

«Спадзяюся, што дасягнутыя на вышэйшым узроўні дамоўленасці дадуць нам магчымасць дынамічна нарошчваць наша супрацоўніцтва, а таксама пераадольваць любыя супярэчнасці і рознагалоссі па-партнёрску, у духу сапраўды саюзніцкіх адносін, як гэта і належыць у Саюзнай дзяржаве», – сказаў на заканчэнне Прэзідэнт Беларусі.

Па матэрыялах БЕЛТА.

Фота БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *