Хто апошні за xPON? 7 мая – Дзень работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі

Работу любой арганізацыі, прадпрыемства або ўстановы ўявіць без тэлефоннай сувязі, інтэрнэту немагчыма. Высокія тэхналогіі дазваляюць на адлегласці заключаць дагаворы, перадаваць дакументы, весці фінансавыя разлікі.
Неабходным складнікам жыцця даўно стала тэлефонная сувязь. Вельмі зручны і хуткі спосаб звязацца з калегамі і партнёрамі, роднымі і блізкімі. Нярэдка яна ратуе чалавечыя жыцці і лёсы, сцірае межы паміж дзяржавамі. Даўно перастаў быць раскошай і інтэрнэт, сёння гэта самы папулярны спосаб абмену і атрымання тэкставай, аўдыа- і відэаінфармацыі.
Забяспечвае доступ да гэтых даброт цывілізацыі жыхарам Ляхавіцкага раёна вузел электрасувязі. У яго штаце – 49 чалавек, якія абслугоўваюць 12500 тэлефонных абанентаў, больш за 7000 – карыстальнікаў «ZALA», 5700 – падключаных да інтэрнэту. Таму практычна ўвесь раён можна назваць месцам працы электрасувязістаў.
З 1 студзеня мінулага года адбылася рэарганізацыя “Белтэлекама”, і цяпер наш ВЭС уваходзіць у склад Баранавіцкага занальнага вузла электрасувязі. У Ляхавічах працуе лінейны і станцыйны тэхнічныя ўчасткі і група па продажу паслуг.
Лінейны ўчастак, які ўзначальвае Яўгеній Панін, займаецца абслугоўваннем кабельнай гаспадаркі. Лініі сувязі маюць працягласць амаль 3000 кіламетраў, у зоне ўвагі таксама 26 тэлефонных падстанцый у горадзе, аграгарадках і вёсках. Падтрымліваць іх бесперабойную работу і своечасова ўхіляць непаладкі, безумоўна, складана. Але сувязісты спраўляюцца: калектыў зладжаны, працалюбівы і надзейны.
Работнікі станцыйнага ўчастка падключаюць абанентаў да інтэрнэту,тэлебачання, абслугоўваюць абсталяванне, настройваюць дадатковыя опцыі і паслугі. Кіруе працэсам Аляксандр Татарыновіч. Ён у прафесіі без малога 20 гадоў, а да гэтага – кадравы ваенны. Яго прозвішча занесена на раённую Галерэю славы.
Нямала клопатаў у групы продажу паслуг: у сэрвісным цэнтры падключаюць да сусветнай сеткі, прымаюць заяўкі, заключаюць дагаворы, рэалізуюць тэлефонныя апараты, радыёпрыёмнікі, тэлефонныя карты і г.д. Работнікі на чале са спецыялістам па маркетынгу Мікалаем Яцушкам заўсёды гатовыя параіць у выбары паслугі, адказаць на тэлефонныя званкі абанентаў, дапамагчы.
Здавалася б, тэлефон, інтэрнэт ёсць амаль у кожным доме, кожным кабінеце арганізацый. Але, як сцвярджае начальнік ВЭС Анатолій Лукашэвіч, месца для “манеўраў” маецца. Адзін з сучаснейшых і высокатэхналагічных прадуктаў, што прапаноўваюць цяпер электрасувязісты, – высокаскарасныя оптыка-валаконныя лініі сувязі xPON. Пракладка валаконна-аптычнага кабелю ў кватэру абанента дае надзвычай шырокія магчымасці і адпаведна дазволіць палепшыць якасць абслугоўвання. Перавагі xPON паспелі адчуць больш за 60 ляхавіцкіх абанентаў з шматкватэрных дамоў у мікрараёне вуліцы Інтэрнацыянальнай. Сёлета “Белтэлекам” за ўласныя сродкі (спецыяльнае абсталяванне даецца абанентам у карыстанне бясплатна) правядзе шырокамаштабную мадэрнізацыю тэлефоннай сеткі, што закране мікрараён шматкватэрнай забудовы па Інтэрнацыянальнай, а таксама некаторыя дамы па вул. Кальцавой і завулку Фестывальным, а ўсяго на гэты год – для 750 карыстальнікаў электрасувязных паслуг. Паступова і ў астатніх шматкватэрніках, а ў перспектыве і ў сельскай мясцовасці адбудзецца поўная замена старых тэлефонных ліній на оптыка-валаконныя.
На рахунку калектыву электрасувязістаў шмат добрых спраў, якія не застаюцца незаўважанымі спажыўцамі паслуг і не толькі. Так, у мінулым годзе на Дошку гонару Брэсцкага філіяла РУП “Белтэлекам” было занесена прозвішча аператара сувязі Ляхавіцкага ВЭС Марыны Русінай, а сёлета – спецыяліста па маркетынку Мікалая Яцушкі. Падзячнае пісьмо райвыканкама адрасавана электрамеханіку сувязі станцыйнага ўчастка Дзмітрыю Паніну, Ганаровая грамата Брэсцкага філіяла ўручана механіку па рамонце транспарту Сяргею Белагураву, падзяка дырэктара філіяла адрасавана электрамеханіку лінейных збудаванняў электрасувязі Аляксею Марціновічу.
– Усе нашы спецыялісты, – падкрэслівае начальнік ВЭС Анатолій Лукашэвіч, – тэхнічна граматныя, высокакваліфікаваныя майстры сваёй справы. Якасная электрасувязь – іх зона адказнасці.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Начальнік ВЭС Анатолій Лукашэвіч і спецыяліст Галіна Казушчык.

Электрамеханік сувязі Дзмітрый Панін.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *