Стаўка зроблена на рацыянальнасць

На справаздачным сходзе сельгаспрадпрыемства дырэктар ДП “Нача” Мікалай Тарлюк адзначыў, што курс на развіццё малочнай жывёлагадоўлі сябе апраўдвае. Можна сказаць, што напрамак працягвае напрацаванае за многія папярэднія гады. Тады, калі мясцовая гаспадарка мела статус племзавода, малочная галіна таксама была ў пашане: не толькі прывагі, але і надоі значыліся лепшымі ў раёне іменна ў Начы.
Напрацаваны вопыт, памножаны на сённяшнія дасягненні аграрнай навукі, укараненне ў вытворчасць новых тэхналогій, праг-рэсіўных методык і рэкамендацый дае стабільныя вынікі. Плюс да ўсяго – гаспадарскі падыход да справы кіраў-ніка і спецыялістаў. Тут прывыклі ўсё пралічваць: калі новая ідэя эфектыўная, але патрабуе значных фінансавых затрат, яна карэкціруецца згодна са сваімі магчымасцямі. Гэтага курсу і прытрымліваюцца. Абсталяванне на МТФ і ў цялятніках удасканалена або зроблена гаспадарчым спосабам. Няхай сабе не так вытанчана ў эстэтычным плане, але надзейна. Будаваць новыя вытворчыя памяшканні, у тым ліку МТФ з даільнымі заламі – затратна, ды і не па-гаспадарску, калі старыя пустуюць, – іх можна рэканструяваць сіламі сваёй будаўнічай брыгады. Наведзены парадак на цэнтральнай ферме, узяліся за будынкі ў Гарлеўшчыне, дзе некалі быў свінакомплекс. Атрымаліся выдатныя склады, жывёлагадоўчыя памяшканні, дзе, напрыклад, сёлета пастаўлены на адкорм 120 жывёл. На чарзе рэканструкцыя яшчэ аднаго будынка, а ў Пашкоўцах пабудавалі новую траншэю для закладкі сіласу.
Сельгаспрадпрыемства не карыстаецца крэдытамі. Пры гаспадарскім падыходзе знаходзяцца свае грошы на пакупку ўсяго неабходнага, у тым ліку тэхнічных прылад. Летась набылі халадзільную ўстаноўку на Пашкоўскую МТФ, касілку, прыстасаванне для захопу рулонаў – тое, што было вельмі патрэбна. А сёлета плануецца пакупка энерганасычанага трактара.
Адзін з асноўных паказ-чыкаў паспяховасці калектыву – зарплата. Як адзначыў дырэктар, яна вырасла ў параўнанні з мінулым годам. Прыкладна ў адных межах атрымліваюць за працу галоўныя спецыялісты, механізатары, аператары машыннага даення – каля 600 і больш рублёў, сярэдняя склала 469 рублёў.
Летась тэмп росту валавой прадукцыі раслінаводства склаў усяго 2 працэнты: надвор’е не паспрыяла. Вырашылі любымі сіламі нарыхтаваць максімум кармоў, каб не страціць ў надоях і прывагах. Пазычылі ў суседзяў агрэгат для ўпакоўкі сенажу ў поліэтыленавую плёнку, нарыхтавалі 365 тон (дарэчы, пераканаліся, наколькі гэты метад назапашвання эфектыўны і выгадны, плануюць сёлета мець не менш як 1000 тон рулоннага сенажу), пад  800 тон сена, 5000 – сенажу, амаль 8000 тон – сіласу. Атрымалася 27 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. Як вынік, за год валавы надой малака павялічыўся на 6,8 працэнта. Ад кожнай каровы надоена на 408 кілаграмаў больш – у сярэднім па 6474 кілаграмы. А Валянціна   Шастак, Людміла Бубен, Наталля Пятрушка надаілі больш як па 7000 кілаграмаў малака ад кожнай каровы. Валянціна і Людміла сталі пераможцамі раённага спаборніцтва.
У касу гаспадаркі ад продажу малака паступіла 1800 тысяч рублёў, кожная тона дала 150  рублёў прыбытку. Сёння штодзённы надой ад каровы перавышае 17 літраў малака.
Мясная жывёлагадоўля таксама спрацавала з плюсам: прададзена 280 тон мяса – на 18 тон больш, чым у годзе папярэднім. Сярэднясутачныя прывагі склалі 630 грамаў, а сярэдняздатачная вага кожнай жывёлы перавысіла 480 кілаграмаў. Іменна тут спецыялісты гаспадаркі бачаць рэзервы павелічэння рэнтабельнасці мясной галіны.
Сёлета гаспадарка паспяхова працуе з арганікай: ужо ўнесена на 12000 тон больш леташняга, завезлі каля тысячы тон тарфакрошкі, закупляюцца мінеральныя тукі. Плануецца правесці сортаабнаўленне кукурузнага насення.
– Да веснавой пасяўной кампаніі мы падрыхтаваліся, – адзначыў Мікалай Тарлюк. – Ёсць усё неабходнае, каб правесці яе ў аптымальныя тэрміны.
Сёлета начаўцы ставяць перад сабой задачы надаіць ад кожнай каровы па 6536 кілаграмаў малака, на 100 кароў атрымаць 90 цялят, зябяспечыць рост статка, у тым ліку дойнага.
Вядома, што любая работа ідзе спарней, калі ў калектыве дысцыпліна, парадак і настрой. У ДП “Нача” на ўзроўні ідэалагічная работа, актыўна дзейнічае прафсаюзная арганізацыя.
Гаспадарка мае багатыя традыцыі, слаўная працоўнымі дасягненнямі, а імёны многіх перадавікоў гучаць на раённым, абласным узроўнях. Стварыць музей гісторыі гаспадаркі – ідэя, над якой  працуюць. І, як уяўляецца, на самым пачэсным месцы будзе ў тым ліку і прозвішча аператара машыннага даення Наталлі Дараневіч, якая летась у раёне была прызнана “Чалавекам года”.
Начальнік райсельгасхарчу Аляксандр Вашчук пацвердзіў, што ДП “Нача”    выбрала правільны курс развіцця і што для ўдасканалення рэзервы ёсць, найперш яны – у кадрах.
Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *