Яшчэ не позна прышчапіцца, каб засцерагчыся ад захворвання грыпам

Грып – сур’ёзная медыцынская праблема, адзінае захворванне ў свеце, якое выклікае штогадовыя эпідэміі і перыядычныя пандэміі, што ахопліваюць да 30-35 працэнтаў насельніцтва зямлі. Адзіным  надзейным сродкам прафілактыкі з’яўляецца вакцынацыя.

Вакцыны супраць грыпу паказалі сваю эфектыўнасць ва ўсіх узроставых групах. Лячэнне грыпу  і яго ўскладненняў у 3-4 разы перавышае затраты на спецыфічную прафілактыку. Дзякуючы вакцынацыі, скарачаецца колькасць выпадкаў  шпіталізацыі і смяротных зыходаў у выніку ўскладненняў, звязаных з грыпам. Менавіта яны ўяўляюць найбольшую пагрозу для людзей, якія не былі прышчэплены.
Грып  небяспечны для ўсіх, асабліва для дзяцей, пажылых асоб, цяжярных жанчын, людзей, тых, хто  працуе ў калектывах. Да найбольш небяспечных і часта смяротных ускладненняў адносяцца стэназуючы ларынгатрахеіт, атыпічная пнеўманія, ацёк лёгкіх, міякардыт, энцэфаліт (запаленне тканак галаўнога мозга). Пад уплывам грыпу абвастраюцца многія хранічныя захворванні сэрца, сасудаў, суставаў,  нервовай сістэмы і інш.
Сучасныя  вакцыны эфектыўныя, мяняюцца кожны год і засцерагаюць ад трох тыпаў віруса адразу. Штогод спецыялісты сусветнай арганізацыі аховы здароўя праводзяць аналіз цыркулюючых штамаў віруса грыпу па ўсіх рэгіёнах планеты і вызначаюць найбольш верагодныя тыпы віруса для наступнага сезона. Дакладнасць даных прагнозаў складае 90 працэнтаў.
Для прышчэпак выкарыстоўваецца інактываваная вакцына, якая ўтрымлівае падвергнутыя хімічнай інактывацыі  штамы віруса (знішчаны ўзбуджальнік грыпу). На працягу 2-3 тыдняў пасля вакцынацыі фарміруецца неабходны ўзровень антыцелаў супраць віруса грыпу, які абараняе ад захворвання на працягу 4-6 месяцаў.
У 2017 годзе запланавана ахапіць прафілактычнымі прышчэпкамі супраць грыпу не менш за 40 працэнтаў насельніцтва Ляхавіцкага раёна (гэта значыць больш за 10 тысяч чалавек) і да 75 працэнтаў насельніцтва з груп рызыкі. Вакцынацыя праводзіцца за кошт рэспубліканскага, мясцовага бюджэтаў, сродкаў прадпрыемстваў і асабістых сродкаў грамадзян як у паліклініцы, так і выязнымі брыгадамі  ва ўстановах адукацыі, на прадпрыемствах і ў арганізацыях.
Просьба да ўсіх жыхароў, кіраўнікоў прадпрыемстваў г. Ляхавічы і раёна, хто яшчэ не прышчэплены ад грыпу, паклапаціцца пра сваё здароўе і здароўе блізкіх, калег і прайсці вакцынацыю.
Важна разумець і памятаць, што вакцынацыя не толькі абараняе вас, але і перашкаджае распаўсюджанню інфекцыі.
Георгій ХЛЯБОВІЧ,
галоўны ўрач ЦРБ.
Падзялiцца:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *