Крыклівае суседства

У першыя дні красавіка на «гарачую лінію» рэдакцыі патэлефанавала ляхавічанка Зінаіда Рамейка, якая падзялілася не толькі сваёй праблемай. Па словах жанчыны, жыхарам дамоў № 4 па вуліцы Чкалава, №№ 50 і 52 па вуліцы Леніна сур’ёзна перашкаджае суседства з гнёздамі варон, якія ў вялікай колькасці размяшчаюцца на дрэвах на тэрыторыі паміж будынкамі сталовай і дома № 54 па вуліцы Леніна. Птушыны гоман стварае нязручнасці для адпачынку, да таго ж птушкі забруджваюць дзіцячыя пляцоўкі.

З пытаннем, як можна вырашыць сітуацыю, «ЛВ» звярнуўся ў раённую інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ». Як паведаміў начальнік прырода-ахоўнай службы Сяргей Баргамон і пацвердзіў дырэктар камунгаса Аляксандр Мядзвецкі, згодна артыкула 19 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб жывёльным свеце», распаўсюджанасць і колькасць птушак, якія пагаршаюць санітарны і эстэтычны стан населеных пунктаў, жыллёвых, вытворчых, культурна-бытавых і іншых збудаванняў ці ствараюць нязручнасць людзям, дазваляецца рэгуляваць шляхам разбурэння гнёздаў, але толькі ў перыяд з 16 кастрычніка па 15 красавіка. Пасля 15 красавіка за разбурэнне гнёздаў устаноўлена адміністрацыйная адказнасць (згодна артыкула 15.32 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжваецца штраф  на фізічную асобу да 30 базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка — ад 10 да 100 БВ, на юрыдычную асобу — ад 20 да 500 БВ.

Па інфармацыі райінспекцыі і жылкамунгаса, тэрыторыя, на якой растуць гэтыя дрэвы, належыць Ляхавіцкаму дзяржаўнаму аграрнаму каледжу. І, як патлумачыў Сяргей Баргамон, рашэннем райвыканкама ад 30.01.2012 года каледжу дазволена спілаваць 13 дрэў, якія     знаходзяцца ў аварыйным  стане.

Дырэктар ЛДАКа Вячаслаў Сельмановіч паведаміў: «Дрэвы, якія знаходзіліся ў аварыйным стане, убраны. Гнёзды на астатніх дрэвах разбураць мы не маем права, бо за гэта прадугледжваецца адміністрацыйная адказнасць».

Магчыма, кіраўніцтва каледжа не ведала пра вышэйзгаданыя нормы заканадаўства, якія ўсё ж дазваляюць змагацца з вароніным нашэсцем. Але жыхарам бліжэйшых дамоў ад гэтага няведання не лягчэй. Цяпер яны вымушаны пакутаваць ад малапрыемнага суседства да сярэдзіны кастрычніка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *