Жарабковіцкі падыход да парадку. Працягваецца справаздача сельвыканкамаў Ляхавіцкага раёна па навядзенні парадку на падведамасных тэрыторыях

Неадкладна распрацаваць праграму далейшага развіцця сельсавета, актывізаваць работу і наладзіць больш дзейсны кантроль за навядзеннем парадку на падведамасных тэрыторыях, паскорыць перадачу вясковых могілак на баланс камунгаса –  першачарговыя задачы, якія паставіў старшыня райвыканкама Аляксандр Камінскі перад кіраўніцтвам Жарабковіцкага сельвыканкама на апаратнай нарадзе ў мінулы панядзелак, дзе разглядалася пытанне аб навядзенні парадку на тэрыторыі сельсавета.
Старшыня сельвыканкама Ніна Булатая расказала пра суботнікі ў Жарабковічах, Падлессі, Сваятычах, Зубелевічах, на якіх мясцовыя жыхары наводзілі парадак у сваіх населеных пунктах, вакол брацкіх магіл, на могілках у Гулічах, Шавялях, Зарытаве, Канюхах. Сельвыканкам актыўна далучыўся да акцыі «Дзень лесу».
З пачатку года выдадзена 27 прадпісанняў грамадзянам, якія не наводзяць і не падтрымліваюць парадак каля сваіх домаўладанняў.
Па словах кіраўнікоў прыродаахоўнай і землеўпарадкавальнай службаў, менавіта ў гэтым сельсавеце найбольш важкія вынікі па ўвядзенні ў севазварот зямель пасля зносу старых пустуючых будынкаў.
З другога боку, менавіта ў гэтым сельсавеце самы нізкі працэнт заключэння дагавораў паміж грамадзянамі і райжылкамунгасам на вываз смецця: сярэднераённы паказчык – 80 працэнтаў, па Жарабковіцкім сельсавеце – 67. І, на жаль, лічба гэта змяншаецца.
Несанкцыянаваныя звалкі бытавога смецця ў Зубелевічах за жывёлагадоўчай фермай ААТ «Шлях новы», раскіданыя будаўнічыя адходы на месцы зносу дома па вуліцы Камсамольскай у Падлессі, нездавальняючы стан тэрыторыі вытворчага ўчастка ТАА «Ілект» у Сваятычах, парушэнні ўтрымання зон санітарнай аховы камунгасаўскіх артсвідравін у Жарабковічах і Падлессі, несвоечасовае скошванне пустазелля, уборка і вываз бытавых і будаўнічых адходаў каля вытворчых памяшканняў ААТ «Шлях новы»  і «Жарабковічы» – сярод недапрацовак, выяўленых пры маніторынгу санітарнай службы. На іх акцэнтаваў увагу галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна Віталій Ціханаў.
Кіраўнік раёна запатрабаваў аператыўна выправіць сітуацыю, узмацніць растлумачальную работу сярод насельніцтва і падкрэсліў, што навядзенне парадку павінна быць штодзённай справай кожнага.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *