І паветра дыхала творчасцю. Натхненне дарыла Флер’янова

Пашанцавала з усім. І з творчымі людзьмі, што ладзілі гэты фэст, і з удзельнікамі, і з месцам, і з часам, і з надвор’ем. Чэрвеньскі марафон падзей і святаў у мінулую суботу пераняў літаратурны фестываль «Флер’яноўскія чытанні». Чацвёрты раз у цудоўнейшым куточку Беларусі – сядзібе Бохвіцаў у Флер’янове – раскватаравалася літаратурная гасцёўня, дзе спалучыліся сучаснасць і старажытнасць, юнацкі максімалізм і вопыт жыцця, дзе музыка кранулася вершаваных радкоў, дзе пасялілася творчасць.


БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Спадчына Алеся Бадака, Веры Дыдышка, Валянціны Пабягайла, Вячаслава Вайшэвіча, Уладзіміра Дамашэвіча… Наша натхняльніца – ляхавіцкая зямля – заўсёды ў сэрцы творцаў. І сёння традыцыі літаратарства моцна пусцілі карані і ўзвілі ў мастацкія высі свае надзеі і заяўкі на пісьменніцкі поспех. Пра гэта сведчыць папулярнасць «Флер’яноўскіх чытанняў», куды кожныя два гады спяшаюцца тыя, для каго святое жывое слова мастацкай літаратуры.
Год народнага адзінства, а за ім Год гістарычнай памяці ўзрушылі і аб’ядналі беларусаў у памкненні зберагчы памяць для нашчадкаў. Што адрознівае фестываль ад іншых? Магчымасць аб’яднаць эпохі, пагрузіцца ў імгненні часоў, калі ствараў Фёдар Еўлашоўскі, калі ў Грушаўцы за радзіму балеў душой Тадэвуш Рэйтан, любым Рэпіхавам натхняўся Ян Чачот, свет філасофскай навукі вывучаў Фларыян Бохвіц, услаўляў род Напалеон Чарноцкі з Начы, заўжды ў малітве за свой народ падлескі Серафім Жыровіцкі. У постацях, пачуццях яны вярнуліся, каб нагадаць, які свяшчэнны скарб дастаўся беларусам. Нам гістарычна-генетычна яны наказалі берагчы самае святое – памяць.


У Флер’янова ізноў завітала жыццё, накрыла кожнага прысутнага хваляй атмасфернасці часу і аддаленасці ад сучасных рэалій. Там, нібы ў паралельным сусвеце, перасякліся стагоддзі, у «Фэйсбуку» прэзентуе сябе польская пісьменніца Эліза Ажэшка. Менавіта яна сваім візітам у гэтае казачнае месца дала сілы, натхненне на рост дубу, пад якім праз колькі часу ладзіцца пляцоўка «Адкрыты мікрафон». Пішаш, тады на сцэну – дарыць сваю творчасць іншым.
А яшчэ на памяць кожны атрымаў лісток з ажэшкінскага дубу – такое прывітанне падрыхтавалі арганізатары фэсту – Ляхавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма і аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.
У імправізаваных «Аднакласніках» прапаноўвалі пагуляць у гульні, а ў «Інстаграме» на свежым паветры – паласавацца стравамі беларускай кухні, можна было лайкнуць і анлайн пад запісам,
і добрым словам. А якія шыкоўныя фотазоны: і ў вячэрнім уборы, і за кубачкам гарбаты з Элізай Ажэшка, у нацыянальным уборы, і нават побач з Янкам Купалам.
Прыемна, што «Флер’яноўскія чытанні» – чаканае свята і для калег па цэху з іншых рэгіёнаў. Свае літаратурныя гасцёўні прадставілі бібліятэкары з Лунінецкага, Баранавіцкага, Карэліцкага, Ганцавіцкага раёнаў.
Прывітальнае слова ўдзельнікам фестывалю накіраваў старшыня райсавета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч. Ён яскрава адзначыў, што праз стагоддзі сядзіба роду Бохвіцаў застаецца цэнтрам прыцягнення творчых і таленавітых людзей, асяродкам культурных зносін. І сёння гэты фестываль – чаканая падзея для ўсіх землякоў, культурная традыцыя Ляхавіччыны.
Сёлета наш райцэнтр адзначае 530-годдзе з дня першага згадвання. З гэтай нагоды так прыгожа прагучала папуры песень на словы нашых землякоў у выкананні групы «Пачатак».
Завіталі на флер’яноўскую сустрэчу літаратурная пара Колас – Купала. Так-так, сапраўды, калі з фанографа загучалі галасы класікаў беларускай літаратуры, здаецца, нават шапаценне лісця на хвіліны спынілася. Усе заварожана ўслухваліся ў кожнае слова.
Наша бібліятэка таксама мае дачыненне да гэтых імёнаў. Сёлета споўнілася 75 гадоў з дня прысваення Ляхавіцкай бібліятэцы імя народнага паэта Янкі Купалы. А ёй так пасуе, як яе пяшчотна называюць «наша купалаўка». Натхнёныя творчасцю земляка-беларуса, бібліятэкары нясуць веліч літаратуры ў масы. Прыемна, што не баяцца эксперыментаваць. Літаральна мора авацый сабраў мюзікл «Прымакі», што паспрабавалі і так класна паставілі супрацоўнікі бібліятэк, удзельнікі калектываў цэнтралізаванай клубнай сістэмы і народнага тэатра «Дом Дыягена» (ГДК).
… Момант, калі пераможная інтрыга перастала быць ёй. Пераможцаў конкурсу «Сloveсность» узнагародзіла дырэктар Ляхавіцкай РЦБС Вольга Пляшэвіч:
– Дзякуй кожнаму, хто далучыўся да гэтага конкурсу. 14 работ, у якіх лейтматывам стала любоў да Беларусі, зацікавілі і прымусілі паспрачацца журы. Дзякуй нашым партнёрам – выдавецтву «Мастац-
кая літаратура» і, канешне, нашаму таленавітаму земляку Алесю Бадаку, інфармацыйнаму партнёру – раённай газеце. Увогуле, кожнаму нераўнадушнаму чалавеку, які дапамог стварыць гэта свята.
Асобых дыпломаў і намінацый удастоены лепшыя і на думку рэдкалегіі «Ляхавіцкага весніка».

Як заўжды, пад гучныя апладысменты сустракалі гаспадароў сядзібы Ларысу Паўлаўну і Генрыха Міхайлавіча Траццякоў. Яны сціпла адзначаюць, што гэта сядзіба надае ім сілы і жаданне ствараць, працаваць і жыць далей. І так прыемна кожны год сустракаць тут усё больш зацікаўленых турыстаў. Дзякуй вам, нашы дарагія землякі, вы сапраўдны прыклад нераўнадушнасці і патрыятызму!
Шматлікія выставы, майстар-класы, арт-пляцоўкі – усё гэта так прыгожа дапаўняла канцэпцыю «Флер’яноўскіх чытанняў». Яшчэ спявалі нашы самадзейныя мастацкія калектывы і артысты, танцавалі юныя зорачкі ДШМ, а як дэкламавалі вершы! А які чароўны пленэр разгарнуўся насупраць сядзібы – юныя выхаванцы дзіцячай школы мастацтваў натхняліся тутэйшымі краявідамі! Гэта непаўторнае імгненне, якое так хацелася спыніць і атрымаць асалоду ад паветра, якое таксама дыхала творчасцю.

Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.