Энергія Героя. Сёння наш шаноўны зямляк Герой Сацыялістычнай Працы Генрых Траццяк прымае віншаванні з юбілеем

Маладыя душой і з ясным позіркам, працавітыя і нераўнадушныя па жыцці. Гэта пра Героя Сацыялістычнай Працы кандыдата сельскагаспадарчых навук Генрыха Міхайлавіча Траццяка з вёскі Флер’янова і яго надзейную спадарожніцу жыцця Ларысу Паўлаўну. Энергічныя і жыццярадасныя, непадуладныя ўзросту, яны не сочаць за часам, а ў заўтрашнім дні ў іх мноства спраў. Укладваюць душу і сілы ў аднаўленне былой сядзібы Бохвіцаў у Флер’янове, гасцінна сустракаюць там падарожнікаў і далучаюць падрастаючае пакаленне да гістарычнай спадчыны.

Дзесяцігоддзе, як сядзіба Бохвіцаў стала месцам сілы і энергіі гэтых цудоўных людзей. Генрых Міхайлавіч сцвярджае:
– Мы ратуем сядзібу, а сядзіба выратоўвае нас. Любімая справа захоплівае, дае сілы.
Траццякі – людзі на Ляхавіччыне паважаныя. Генрых Міхайлавіч 28 гадоў старшынстваваў у калгасе імя Ламаносава, мае вучоную ступень кандыдата сельскагаспадарчых навук, дзесяць гадоў узначальваў раённую ветэранскую арганізацыю. Ларыса Паўлаўна – настаўніца хіміі, якую вучні з цеплынёй успамінаюць і сёння. Па жыцці яны крочаць у адным напрамку і з агульнай  скорасцю, маюць агульныя інтарэсы амаль 55 гадоў.
Як апынуліся ў Флер’янове?
Пасля службы ў арміі Генрых Траццяк паступіў у Горацкую сельгасакадэмію на педфакультэт на спецыяльнасць «біялогія і асновы сельгасвытворчасці».
– Мой бацька быў настаўнікам. Цягнула да гэтай работы. І, калі з’явіўся такі факультэт, у выбары не вагаўся. Плюс сказалася вясковае дзяцінства. Бачыў, колькі сіл трэба, каб пасеяць, вырасціць хлеб. Хацеў вывучыцца сам і вучыць іншых. Але праз два гады факультэт закрыўся, і давялося перайсці на факультэт аграхіміі. З гэтага часу захапіўся навукай, на вопытным полі акадэміі праводзіў шматлікія даследаванні, – успамінае Генрых Міхайлавіч.
Ларыса Паўлаўна ў акадэміі выкладала хімію, калі пазнаёмілася з чацвёртакурснікам Генрыхам Траццяком. Спатрэбіўся амаль год, каб яны сталі сябрамі, а пазней мужам і жонкай.
Выдатнік вучобы, Ленінскі стыпендыят старанна рыхтаваўся да здачы кандыдацкага мінімуму, які паспяхова здаў. Год працаваў у Горацкай сельгасакадэміі і актыўна займаўся даследчай дзейнасцю. Меў вялікія перспектывы і цікавыя прапановы.
Неяк з жонкай і шасцімесячным сынам прыехалі ў госці да бацькоў у вёску Літву Ляхавіцкага раёна. Маладога вучонага ўразіла і ўсхвалявала, што ў мясцовай гаспадарцы ўраджайнасць збожжавых складае ўсяго дзевяць цэнтнераў з гектара. У той час як ён на доследным полі збірае значна больш. Пайшоў у райкам партыі і заявіў: маўляў, хачу працаваць старшынёй гаспадаркі, каб укараняць навуковыя распрацоўкі, збіраць важкі ўраджай. Накіравалі ў Тухавічы.
– Ларыса Паўлаўна – карэнная ленінградка. Нават і не разлічваў, што яна, гарадская, меўшы вялікія перспектывы ў працы, пагодзіцца на вясковае жыццё. Памыліўся. Усё жыццё яна мая падтрымка і апора, захавальніца сямейнага ачага, – дзеліцца Генрых Траццяк.
У Тухавічах гаспадарка невялікая была, для доследаў не той
маштаб дзейнасці. Каб займацца любімай справай, змяніў пасаду старшыні на агранома ў калгасе імя Ламаносава. Кіраўніцтва раёна пры гэтым зазначыла: пакажаш сябе ў калгасе – станеш старшынёй.
– Ураджайнасць дзевяць цэнтнераў з гектара, сена ездзілі ў Тухавічы нарыхтоўваць, сцярню касілі, бо жывёле не было што есці, – узгадвае Траццяк.
У першую працоўную вясну заклаў доследнае поле і ўсё зрабіў па навуцы, з прымяненнем мінеральных удабрэнняў. Вынік не прымусіў чакаць – восенню ўраджайнасць склала 18 цэнтнераў з гектара. Збожжа не было куды сыпаць нават. У лютым 1970 года Генрых Траццяк узначаліў калгас імя Ламаносава.
Працавалі не пакладаючы рук. Людзі паверылі старшыні.
Ды як інакш, калі радаваў ўраджай бульбы, буракоў, сена нарыхтоўвалі ўдосталь, пайшлі ўгару надоі. Траццяк не цураўся ніякай работы – трэба было, садзіўся за руль трактара, нават кароў даіў.
Ці было цяжка? Не, адзначае Генрых Міхайлавіч.
– Гэта было шчасце! За пяць гадоў ураджайнасць збожжа павялічылася да 34 цэнтнераў на круг, – падкрэслівае Герой Сацыялістычнай Працы.
У 1975 годзе Генрых Траццяк абараніў дысертацыю ў Беларус-
кай сельгасакадэміі. Пацвердзіць абарону патрабавалася яшчэ ў Маскве. З 13 чалавек змаглі пацвердзіць званне толькі тры,
і сярод іх наш зямляк.
У 1987 годзе ўраджайнасць збожжавых склала 62 цэнтнеры з гектара. І праз год Генрых Траццяк у ліку шасці чалавек адправіўся ў Маскву за Зоркай Героя Сацыялістычнай Працы.
За кошт сродкаў гаспадаркі вырасла вёска Ураджайная, узводзіліся фермы, пракладваліся дарогі і г. д.
Траццякі выгадавалі траіх сыноў, маюць дваіх унукаў і трох унучак.
На экскурсіі, якія праводзіць Ларыса Паўлаўна ў сядзібе, едуць і свае, і чужыя – здалёк. І кожны з турыстаў атрымлівае шмат уражанняў ад прыемнай сустрэчы.
– Нікому не зайздросцім, нікога не крыўдзім. Ад таго і цягнуцца людзі да нас, а нам прыемна, – адзначае гаспадар сядзібы ў Флер’янове.
На дваіх ім ужо 165. А яны маладыя. 29 чэрвеня Герой Сацыялістычнай Працы адзначае 85-гадовы юбілей. І ўсё так, як і дзесяць гадоў назад, Генрых Міхайлавіч заняты аднаўленнем сядзібы. Фарбуе, тынкуе, піліць, узбіраецца на дах і не адчувае ўзросту.
Партрэт Генрыха Міхайлавіча не будзе завершаным, калі не адзначыць яго шчырую ўдзячнасць усім тым, хто на працягу дзесяцігоддзя дапамагае ў аднаўленні сядзібы. Ларыса Паўлаўна дзеліцца, што такіх цудоўных людзей шмат, хто дапамагае высаджваць кветкі, наводзіць парадак. Зазначае, што мясцовыя жыхары з павагай ставяцца да гісторыі, шануюць прыгажосць, якая тут створана.
Няхай справа Траццякоў жыве і працягваецца.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА
і з архіва сям’і Траццякоў.