Ветэранскае прывітанне з Міру. «ЛВ» павіншаваў з 103-годдзем свайго калегу

Ёсць сустрэчы, што бязмерна радуюць, натхняюць, настройваюць на пазітыў і дораць цудоўныя эмоцыі. На мінулым тыдні «веснікаўцы» адправіліся ў госці ў Баранавіцкі раён, дакладней, у аграгарадок Мір: 103-і дзень нараджэння адзначыў ветэран Вялікай Айчыннай вайны Вікенцій Бурло. Для газетчыкаў ён чалавек-легенда – член першай рэдкалегіі раёнкі. У кастрычніку 1943 года ў падполлі ў партызанскім атрадзе імя Сяргея Лазо ў Машукоўскім лесе выйшаў першы нумар «Совецкага патрыёта».

У юбілейны для «ЛВ» год газетчыкі скарысталіся ўні-кальнай магчымасцю сустрэцца з шаноўным калегам, які, лічы, даў старт «веснікаўскаму» жыццю. Тады, 80 гадоў назад, газета-партызанка моцным словам праўды змагалася з фашызмам.
Лёс наканаваў Вікенцію Бурло нямала выпрабаванняў: рана памерла маці, выхоўваў-ся ў сям’і, дзе не асабліва клапаціліся пра пасынкаў, бацьку рэпрэсіравалі ў 1937 годзе, часу на бесклапотнае юнацтва не было. Закончыў вучылішча і ўладкаваўся настаўнікам на Магілёўшчыне. У чэрвені 1941 года атрымаў адпускныя і паехаў да роднага брата на Уздзеншчыну, там і застала яго Вялікая Айчынная вайна. З вагона цягніка, у якім моладзь адпраўлялі на прымусовыя работы ў Германію, юнаку ўдалося збегчы. Потым пайшоў у партызаны, дзе самому давялося здабываць зброю, каб ваяваць з акупантамі.
За стойкасць і мужнасць, праяўленыя ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, Вікенцій Бурло ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалём «За адвагу». Партызан Вікенцій Бурло ваяваў зброяй, а член рэдкалегіі – вострым словам. Газета-партызанка дастаўляла чаканыя весткі для мірных жыхароў, якія дзякуючы раёнцы ведалі пра навіны з фронту.
«Веснікаўцы» розных па-каленняў помняць, як Вікенцій Бурло заўжды адказваў сак-ратару падпольнага райкама партыі Сцяпану Дзесюкевічу: «Па пытаннях выдання можаш прыходзіць да мяне ў зямлянку ў любы час сутак. Газета – другая зброя супраць фашыстаў».
Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны Вікенцій Бурло больш за дзесяцігоддзе жыў на Ляхавіччыне, пісаў артыкулы ў мірны «Савецкі патрыёт», яго голасам гаварыла мясцовае раённае радыё. Пасля настаўнічаў у Стаўбцоўскім і Баранавіцкім раёнах. На пенсіі займаўся грамадскай работай: узначальваў ветэранскую арганізацыю саўгаса-камбіната «Мір».
Вікенцій Ільіч разам з сынам прыязджаў на святкаванне 70-годдзя «Ляхавіцкага весніка». Потым неаднойчы і супрацоўнікі раёнкі гасцілі ў паважанага ветэрана. І першае, чым ён цікавіўся, як жыве газета, што новага, як часта выходзіць. Гэтымі пытаннямі і падчас нядаўняй сустрэчы засыпаў «веснікаўцаў» Вікенцій Ільіч.
Разам з жонкай выгадавалі пецярых дастойных дзяцей, дачакаліся ўнукаў, праўнукаў. З любоўю і шанаваннем усе тры пакаленні клапоцяцца пра свайго самага галоўнага чалавека.
– Бацька заўжды быў каман-дзірам у сям’і. І сёння такім жа застаецца. У яго свае правілы, і мы ім падпарадкоўваемся. Ён не любіць успамінаць пра вайну, адзначае, што гэта боль, пакуты, страх за блізкіх. Заўжды паўтарае, як важна берагчы мір. А вось як рабілі газету, расказвае часта, – гаворыць малодшы сын Сяргей Бурло.
Не забываюць паважанага земляка раённая ўлада, школьнікі, моладзь – віншуюць са святамі, уручаюць падарункі. Усе яны жаданыя госці ў кватэры ветэрана, адрас якога сімвалічны таму, за што ён ваяваў: аграгарадок Мір, вуліца Сонечная. І менавіта міру, шчасця і дабрабыту жадае пры развітанні з «веснікаўцамі» Вікенцій Бурло. І Вам здароўя і міру, наш паважаны Вікенцій Ільіч. «ЛВ» пра Вас помніць і ганарыцца Вамі.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.